навіны

«Па-першае, гэта прыгожа». Што пішуць пра танк пад бел-чырвона-белым сцягам, які катаўся па Курскай вобласці

Танк пад бел-чырвона-белым сцягам у Курскай вобласці, Расея
Танк пад бел-чырвона-белым сцягам у Курскай вобласці, Расея. Кадр з відэа: Жэрар для «Белсату»
podpis źródła zdjęcia

Зусім не сакрэт, што сотні беларусаў ваююць на баку Украіны. Але незвычайны розгалас атрымала відэа танка пад бел-чырвона-белым сцягам у Курскай вобласці Расеі, якім з «Белсатам» падзяліўся беларускі ваяр пад пазыўным Жэрар. Дзякуючы гэтым кадрам, пра беларускіх ваяроў загаварылі далёка за межамі Беларусі.

Адное з падраздзяленняў Збройных сілаў Украіны ў Курскай вобласці – гэта танкавае падраздзяленне «Тур» у складзе 225-га Асобнага штурмавога батальёну (АШБ). Касцяк «Туру» складаюць беларускія добраахвотнікі. Камандзір аддзялення эвакуацыі бранятэхнікі 225-га асобнага штурмавога батальёну Жэрар расказаў «Белсату», што войскі заходзілі ў Расею «як нож у масла», што набралі шмат палонных, што не сустрэлі варожасці з боку мясцовых. Сярод іншага ён падзяліўся з «Белсатам» кадрамі з танкам пад бел-чырвона-белым сцягам, як ён сцвярджае, у Курскай вобласці Расеі.


«Танк пад БЧБ: па-першае, гэта прыгожа», – лаканічна напісаў на Facebook кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.


«У Курскай вобласці заўважылі танк з экстрэмісцкай сімволікай», – пажартаваў гумарыстычны канал «Чай з малінавым варэннем».


«Тэрмінова ГУБАЗіК туды, хай пакажуць сваю моц», – адказаў на гэта адзін з каментатараў.


«Наступны прыпынак – „Дразды“», – пракаментавала карыстальніца кадр з гэтым танкам на Youtube-канале «Жизнь-малина».


Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў англамоўным X напісала пад відэа з танкам: 


«Беларускія вайскоўцы-добраахвотнікі, якія ваююць за Украіну, адважна ўдзельнічаюць у аперацыі ў Курскай вобласці. Я неймаверна ганаруся нашымі валанцёрамі, якія рызыкуюць жыццём, абараняючы свабоду. Поспех Украіны – магутная крыніца натхнення для многіх беларусаў».

Таксама па-англійску ў X выказаўся былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах, дырэктар Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Валер Кавалеўскі: ён адзначыў, што Курская аперацыя можа змяніць хаду расейскага нападу на Украіну, а наступствы гэтага можа адчуць і Аляксандр Лукашэнка.


Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валер Цапкала, якому ўлады Беларусі не далі балатавацца ў прэзідэнты на выбарах-2020, напісаў у X па-англійску, што гэткая карцінка танка пад бел-чырвона-белым сцягам – «начны жах для Лукашэнкі, які ведае, што ягоныя вайскоўцы ўцякуць пры відзе любога рэальнага бою, калі такі здарыцца ў Беларусі».


Гэта заўважылі і ў іншых краінах


Відэа з танкам пад бел-чырвона-белым сцягам публікавалі шматлікія папулярныя ўкраінскія медыі. Некаторыя, як «Реальна Війна», «Украина сейчас», «Euromaidan Press», проста патлумачылі: гэты сцяг на танку ў Курскай вобласці з’явіўся таму, што беларусы ваююць у падраздзяленні «Тур» у складзе 225-й АШБ ЗСУ. 


Англамоўнае ўкраінскае выданне «United24 Media» растлумачыла падрабязней: расказала, што беларусы ваююць за Украіну не толькі ў гэтай брыгадзе, што рэжым Лукашэнкі падтрымаў Расею, але беларусы масава выступалі супраць Лукашэнкі. На дадатак выданне апублікавала старэйшае інтэрв’ю з беларускімі добраахвотнікамі.

Украінскі журналіст Андрэй Цапліенка адзначыў, што на відэа з танкам бачныя ўкраінскія сцягі на слупах, і прапанаваў падымаць у кантраляванай украінскімі сіламі частцы Курскай вобласці таксама бел-сіне-белыя сцягі. Бел-сіне-белы сцяг выкарыстоўваюць некаторыя расейскія апазіцыянеры як «сцяг Расеі, адмыты ад крыві».


Расейскі журналіст і былы дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы Аляксандр Няўзораў, які цяпер падтрымлівае Украіну, пад відэа з танкам дадаў: «Жыве Беларусь!»


А расейскі журналіст і апазіцыйны блогер Майкл Накі ў відэааглядзе навінаў з вайны паказаў відэа з танкам і стаў разважаць: можа, чуткі пра тое, што Лукашэнка паслаў войскі ў Курскую вобласць на дапамогу Уладзіміру Пуціну, пайшлі якраз праз тое, што беларусы сапраўды там ваююць, толькі не за Пуціна – маўляў, такі «сапсаваны тэлефон» атрымаўся. Але яго, мяркуючы па каментарах, зразумелі не ўсе: сталі тлумачыць, што пад бел-чырвона-белым сцягам – гэта не за Лукашэнку.


Інтэрв’ю Жэрара «Белсату» пераказаў шэраг польскіх выданняў, як то «Wirtualna Polska» і «Kresy24». Пра беларусаў у Курскай вобласці расказаў і «DailyWrap» – англамоўны праект «Wirtualnej Polski». Праз яго навіна трапіла на амерыканскі партал MSN. Танк з бел-чырвона-белым сцягам заўважыў і Інга Пэтц – кіраўнік беларускай рэдакцыі нямецкага выдання «Dekoder».


Навіной зацікавілася таксама дацкае выданне «Dagens», якое пераказала і тое, што Жэрар расказваў «Белсату» раней пра захоплены расейскі танк Т-90М «Прарыў-3». Гэта найноўшая расейская распрацоўка, такіх было выраблена толькі два дзясяткі. Адзін такі падбілі яшчэ ў канцы 2022 года, але доўгі час не маглі забраць – каб атрымаць трафей, давялося задзейнічаць мінамётнікаў, дранаводаў, пяхоту, эвакуатараў, сувязістаў і танкістаў. 


Але на відэа, як вызначылі карыстальнікі амерыканскага калектыўнага блогу «Reddit», не той падбіты, а іншы падобны танк: T-72Б3М. 


Што адметна, пра танк пад бел-чырвона-белым сцягам расказала і расейскае выданне «EurAsia Daily», якое лічыцца пракрамлёўскім распаўсюднікам фальшывых навінаў. Са спасылкай на неназваных «ваенных карэспандэнтаў» яно напісала:


«Украінскія медыі актыўна распаўсюджваюць відэа, тупа спрабуючы пасеяць варожасць паміж брацкімі народамі на тэму ўдзелу беларускіх рэнэгатаў у акупацыйнай аперацыі», – піша расейскае «EADaily».


А што лукашэнкаўцы? 


Выданне «Желтые сливы», звязанае з сілавікамі і прапагандыстамі Лукашэнкі, таксама звярнула ўвагу на відэа. Яно сцвярджае, што відэа знятае не ў Расеі, бо на фоне відаць слупы, на якіх вісяць украінскія сцягі, а адзін са слупоў выглядае як ліхтар на сонечнай батарэі – а такія у Курскай вобласці Расеі ставяць рэдка і мадэль, не падобную да таго слупа. Таксама выданне звярнула ўвагу на тое, што на канцы гарматы танка нешта падобнае да чахла, які выкарыстоўваюць на маршы ці на трэнаванні.


Жэрар перадаў «Белсату» відэа не найвышэйшай якасці: знятае на тэлефон з набліжэннем. На гэтым відэа не разглядзець, ці сапраўды там слуп з ліхтаром неўласцівай для Расеі мадэлі. Жоўта-сінія сцягі на вуліцы не азначаюць, што гэта Украіна: украінцы часам вывешваюць свае сцягі ў Курскай вобласці. Што праўда, на гэтым канкрэтным відэа не разглядзець і якіх-небудзь прыкметаў таго, што на відэа тэрыторыя Расеі – ды на іншых відэа падраздзялення «Тур» ёсць прыкметы таго, што танкісты сапраўды пабывалі ў Расеі.


Алесь Наваборскі belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10