Кацярына Марэцкая з дзяцінства марыла дапамагаць людзям. Але ажыццяўленне гэтай мары ў Беларусі ў якасці медыка аказалася для яе справай нерэальнай. Дзяўчына прайшла праз пекла і паставіла крыж на медычнай кар'еры. У сваім новым жыцці, на эміграцыі, Каця зразумела, што можа дапамагаць людзям іншым чынам. Але сёння ёй самой патрэбная нашая салідарнасць і дапамога.
З Кацяй Марэцкай мы пазнаёміліся ў гарачым 2020-м, калі здымалі сюжэт для «Белсату» пра салідарнасць віцебскіх медыкаў. Здзівіліся тады адвазе 25-гадовай доктаркі, якая ўзялася за арганізацыю спаткання журналістаў і лекараў. І яны, і мы былі на той момант ужо па-за законам. Размова круцілася вакол ковіду, і шмат пра якія нюансы сваёй працы лекары не гаварылі…
Прайшло два гады. І як жа мы былі ўражаныя, калі напрыканцы 2022-га, па-сяброўску абдымаючы нас ужо ў Варшаве, Кацярына прызналася, што на медыцыне паставіла крыж. Мы стаялі тады ў чарзе па аўтограф Святланы Ціханоўскай пасля прэзентацыі кнігі Руслана Шошына («Lodołamaczka Swiatłana Cichanouska»), а Каця расказвала, што працуе ўжо ў якасці барысткі. Казала, што парыць неблагую каву. А ў маёй галаве сядзела пытанне: праз якое ж пекла ты прайшла, што захацела перакрэсліць медычную кар'еру і замяніць стэтаскоп на кава-машыну?!
«Зразумець, чаго я хачу ад жыцця»
У 2022-м таго пытання пра пекла я не задаў. Але агучваю яго ў траўні 2025-га. П'ем каву ў кавярні на тэрыторыі цэнтру «Koneser» на варшаўскай Празе. Праз гадзіну Кацярына мусіць бегчы на працу, але з кававаркай гэтая праца ўжо ніяк не звязаная.
«Ведаеш, я разумела, што кава – гэта не тое, чым я буду займацца ўсё жыццё. Проста пасля сыходу з медыцыны дала сабе час, каб адпачыць, навучыцца чамусьці новаму і зразумець, чаго я хачу ад жыцця. Але дзякуючы каве я адразу пачала працаваць у Польшчы. Гэта не патрабавала нейкага пацвярджэння дыпломаў і адукацыі. Так, я змяніла шмат кавярняў, былі розныя сітуацыі. Але гэта дало адпаведны досвед, і знайсці новую працу па звальненні было ўжо лягчэй. Таму я лічу, што ў маім жыцці не было нічога лішняга. Я перакананая, што лішніх ведаў не бывае. Ніколі не ведаеш, што можа прыдацца сёння ці заўтра», – разважае Кацярына Марэцкая.
Прыводзіць прыклад: польскую мову яна пачала вывучаць яшчэ ў 2018-м, у інтэрнатуры – проста спадабалася выпадкова пачутая польская песенька. Яшчэ і гаворкі не было пра нейкую эміграцыю. Але не бывае нічога выпадковага, кажа Каця. Ейны досвед у медыцыне – таксама.
,,«Так, і гэта было, відаць, патрэбна. Таму што гэта прывяло мяне ў той пункт, у якім я знаходжуся сёння», – кажа Кацярына.
«Рабі ўсё, каб не было скаргаў!»
«Але калі б можна было пазбегчы ўсіх тых маральных траўмаў і пакутаў, праз якія я прайшла падчас адпрацоўкі, было б, вядома, лепей. Але ўжо як ёсць», – дадае пасля паўзы нашая суразмоўца.
На старонцы ў «Інстаграме» яна піша пра сябе: «У мінулым жыцці – доктар». І прызнаецца нам, што ўнутры цяперашняй Кацярыны Марэцкай не засталося ані каліва ад той лекаркі агульнай практыкі, з якой мы размаўлялі ў 2020-м. Пра гэтае «мінулае жыццё» распавядае з неахвотай («Я столькі разоў расказвала ўжо!»).
«Ведаеш, у мяне былі адчуванні, што я трапіла тады паміж молатам і кавадлам – паміж начальствам і пацыентамі. Гэта сама па сабе стрэсавая праца. Ты ўвесь час нясеш адказнасць за жыцці людзей, бачыш іхныя пакуты і смерць. Гэта і так няпроста… А тут цябе яшчэ прэсуе начальства. Прэсуе і не дае ніякай дапамогі, у якой ты маеш патрэбу, бо пасля ўніверсітэту прыходзіш, калі шчыра, нулявы. Нібыта шэсць гадоў нешта вучыў, але праграма былі цалкам неактуальная: ты засвойваеш нейкія састарэлыя звесткі, запамінаеш назвы прэпаратаў, якіх на свеце ўжо не існуе. У нас так і казалі: выкініце з галавы ўсё, чаму вас вучылі, пачынаем нанава, зараз у вас будзе рэальная праца», – распавядае былая доктарка.

Каця кажа, што толькі ў Польшчы, пасля размоваў з людзьмі, якія мусілі пацвярджаць свае дыпломы ці атрымлівалі адукацыю ў гэтай краіне, яна зразумела, што «беларуская медычная адукацыя насамрэч не такая і добрая, як пра яе казалі».
Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту (ВДМУ) і інтэрнатуры дзяўчына паводле размеркавання трапіла ў раённую амбулаторыю ў пасёлку Бабінічы пад Віцебскам – лекарам агульнай практыкі. Начальства не толькі не дапамагала – абражала і зневажала. І, як кажа Каця, не толькі яе: так ставіліся да ўсіх пачаткоўцаў. Так працуе гэтая сістэма. Зверху – знявагі, знізу – скаргі пацыентаў.
«Там жа ў тэлевізары пастаянна кажуць: трэба скардзіцца – інакш нічога не атрымаеш. Атрымаюць толькі тыя, хто скардзіцца. І фактычна так і было. Таму што начальства гаворыць табе: рабі ўсё, каб не было скаргаў! Нам, маўляў, напляваць на тое, маеш ты рацыю ці не маеш, зрабі так, каб скаргаў не было!» – згадвае Кацярына, якая з першых дзён працы адчула сябе «дзяўчынкай для біцця».
Каця прызнаецца, што спазнала настолькі моцны эмацыйны прэсінг з абодвух бакоў, што «не хацелася жыць». Кажа, што незалежна ад таго, здарыўся б 2020 год ці не, яна ўсё адно сышла б адтуль. Рана ці позна.
«Панічныя атакі пачаліся ўжо на другім месяцы працы, калі мяне пакінулі адну на сто ложкаў сястрынскага догляду і на паўтары стаўкі амбулаторыі. А я толькі месяц адпрацавала! І гэта было настолькі стрэсава, што мой арганізм сказаў: «Не! Давай заканчвай з гэтым, інакш пераходзім у рэжым выжывання», – успамінае Кацярына.
Наступствы працы ў Бабінічах дагэтуль адбіваюцца на здароўі былой лекаркі. А яна ж павінна была абслугоўваць яшчэ і шэраг аддаленых вёсак. Прыжыцца ў Бабінічах было немагчыма. Ніхто і не прыжываўся. Адна са старажылак аднойчы распавяла Кацярыне, што за чатырнаццаць гадоў у пасёлку змяніліся дваццаць дактароў…

«Не забываць, што мы людзі…»
Тым не менш, калі б сёння з'явілася магчымасць наўпрост звярнуцца да былых начальнікаў, Кацярына не сказала б нічога злога ці кепскага: «Цяпер мне проста шкада гэтых людзей». Але папрасіла б іх не забываць, «што ўсе мы людзі».
«Гэта не гучыць як пагроза? Я не хачу, каб так гучала. Проста папрасіла б не забываць, што ўсе мы жывём у адным свеце і свет гэты вельмі малы: у ім сустракаеш людзей, з якімі, здавалася б, ніколі ў жыцці не павінна была спаткацца. Так што гэта не пагроза. Гэта просьба не забываць пра сваю чалавечнасць. І я разумею моманты, калі некаторыя дактары прагнуць утапіць сваё гора ў алкаголі, азлобіцца на свет і спрабуюць расчалавечыць тых, хто знаходзіцца побач, абы не адчуваць цяжару эмоцыяў. Але я лічу важным, тым больш у прафесіі лекара, не забываць, што мы людзі, што ўсім патрэбная падтрымка і дапамога, усім патрэбнае добрае слова. Не забываць, што мы людзі…» – паўтарае Кацярына Марэцкая.
Каця прызнаецца, што, калі б нарадзілася ў іншай краіне і ў іншым сацыяльным атачэнні, наўрад ці пайшла б у медыцыну. Проста ў Беларусі, як кажа, медыцына была самым даступным (і легальным) варыянтам для тых, хто прагне выконваць у грамадстве сацыяльна важную працу – рэальна дапамагаць іншым людзям.
«Я заўжды была такой летуценнай, трохі наіўнай і вельмі натхнёнай. Уяўляла сабе, як буду ратаваць людзей. Рэальнасць аказалася нашмат складанейшай, але я ўсё яшчэ зберагаю гэты аганёк, які падказвае мне, што ратаваць людзей – гэта класна і што для гэтага ёсць іншыя магчымасці. Калі я прыехала сюды два з паловай гады таму, я нікога і нічога не ведала, а цяпер я еду ў Еўрапарламент на міжнародны івэнт. І нібыта гэта нейкі рэзкі скок, які паказвае, што калі моцна хацець і прыкладаць намаганні, то ўсё становіцца магчымым», – апавядае Кацярына.

Дзяўчына едзе ў Страсбур як валанцёрка і актывістка Маладых еўрапейскіх зялёных («Young European Greens»). Была ўжо на падобных падзеях у Італіі і Харватыі. На некаторых – як адзіная беларуска.
«Яны па-іншаму глядзяць на гэты свет і пачынаюць сваю актывісцкую дзейнасць яшчэ са школы – з 12-15 гадоў. Я ў 15 гадоў наагул пра гэта не думала. Нас, наадварот, увесь час вучаць не ўмешвацца ў палітыку, казалі, што разумныя дзядзькі ў кабінетах без нас ува ўсім разбяруцца. І я разумею цяпер, што калі б раней пачала камунікаваць з сацыяльна актыўнымі еўрапейцамі, то і сваё актывісцкае жыццё пачала б значна раней. Але час назад, на жаль, не вернеш. Таму цяпер я ў тым пункце, у якім ёсць, і стараюся рабіць усё, што ад мяне залежыць», – кажа Каця.
«Шмат для каго досвед эміграцыі траўматычны. Для мяне – не»
Актывізм і валанцёрства для Кацярыны зрабіліся найважнейшай часткай жыцця. Можна сказаць, сэнсам. Для Каці важна, каб занятасць на працы не забірала ўсяго жыцця, каб давала магчымасць і час на валанцёрскую дзейнасць, сустрэчы і паездкі ў іншыя краіны. Знайсці баланс бывае нялёгка. Беларуска працавала ў Варшаве барысткай, вядоўцай каналу на «ТыкТоку», статысткай у кіно і рэкламе, мадэратаркай онлайн-курсаў, капірайтаркай і адміністратаркай у салоне прыгажосці.
Цяпер Каця ўладкавалася адміністратаркай у адзін з польскіх гатэляў (непадалёк кавярні, дзе размаўляем). І гэта хіба першая праца, якая дае ёй пачуццё стабільнасці. І, што важна, дае магчымасць займацца валанцёрствам, дзякуючы зменнаму рэжыму.
«Я ўвесь час шукаю гэтага балансу паміж працай і актывізмам. У ідэале хацелася б, каб актывізм стаўся маёй працай. Таму хачу атрымаць адукацыю ў гэтай сферы, другую сваю адукацыю (пасміхаецца) і планую ў гэтым годзе паступіць на стыпендыяльную праграму Кастуся Каліноўскага – на міжнародныя стасункі. Вельмі спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца», – дзеліцца планамі Кацярына.
«Жыву сваё найлепшае жыццё», – напісала ты аднойчы на «Інстаграме». Зараз падпісалася б пад сваім выказваннем?» – пытаемся ў Каці.
«Ой, гэта я ў Венецыі была, таму так напісала. Але я не магу сказаць, што ў мяне цяпер нейкае кепскае жыццё. Падводзячы вынікі пад сваімі двума гадамі эміграцыі, я напісала, што адчуваю сябе цяпер лепей, чым калі-небудзь. Шмат хто са мной не згодзіцца. Але гэта індывідуальны досвед. Шмат для каго досвед эміграцыі быў траўматычным. Для мяне – не. Хутчэй, паказаў мне новыя магчымасці. Я пабачыла, як жывуць іншыя і што можна жыць па-іншаму, што ёсць магчымасць змяняць атачэнне вакол сябе. Гэта складана было зразумець у Беларусі. Нас там прывучылі да таго, што мы «маленькія людзі» і што ад нас нічога не залежыць. Пабачыць свет па-іншаму – гэта каштоўны і вельмі важны для мяне досвед», – адказвае Кацярына.

«Я яшчэ раз пераканалася ў нашай салідарнасці»
Яшчэ адзін важны досвед для Каці – адчуць салідарнасць і падтрыманне іншых беларусаў у цяжкія часіны. А такія здараюцца на эміграцыі ў кожнага. На платформе «Bysol» працягваецца збор, сродкі з якога дапамогуць былой лекарцы і актывістцы развязаць фінансавыя і жыллёвыя праблемы.
«Я яшчэ раз пераканалася ў нашай салідарнасці і ўзаемападтрымцы. Мне напісалі людзі, з якімі я ўвогуле ніколі не сустракалася, зусім незнаёмыя. Яны выказвалі словы падтрымкі, перасылалі грошы, дзяліліся допісам са зборам. Я не чакала такога. Аж плакаць хацелася. З розных краінаў пісалі і данацілі. Казалі, што я крутая і павінна працягваць у тым жа духу. Гэта надае мне ўпэўненасці і сілы», – прызнаецца нашая суразмоўца.
«Ну, ты насамрэч крутая. Але ці стала б сёння ў чаргу па аўтограф Ціханоўскай?» – пытаемся.
«Ну, цяпер мы з ёй ужо знаёмыя – магу проста так да яе падысці (смяецца). Вельмі добра стаўлюся да яе. Яе цяпер шмат крытыкуюць, але я ведаю, як насамрэч шмат працы яна рабіла цягам гэтых пяці гадоў. Гэта вельмі цяжка, гэта вымотвае. Але яна бачыць мэту і ідзе да яе. І гэтая мэта – агульная для ўсіх нас. Адзін чалавек нічога не вырашае, два – таксама, але калі нас шмат нешта робіць, каб дасягнуць гэтай мэты, гэта становіцца магчымым», – упэўненая Каця Марэцкая.
У Беларусі на актывістку завялі крымінальную справу (Кацярына балатавалася ў Каардынацыйную раду, але не прайшла) і арыштавалі ейную кватэру, а нядаўна прызналі былую лекарку «экстрэмісткай» (як удзельніцу праекту «Народны дэпутат»). Нягледзячы ні на што, Кацярына працягвае ісці да сваёй мэты. Агульнай для ўсіх нас.
Зміцер Міраш belsat.eu