Рэпартаж

Як беларусу атрымаць пенсію ў Польшчы: дакументы, праблемы, прыклады

Пенсіянеры
Пенсіянеры шпацыруюць у цэнтры Закапанэ, папулярнага гарналыжнага курорту ў Польшчы. 17 верасня 2024 года. Фота: Dominika Zarzycka/NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Атрыманне пенсіі ў Польшчы для беларусаў можа быць доўгім і няпростым працэсам. Як прайсці гэты шлях з найлепшым для сябе вынікам, якія могуць быць праблемы, як іх развязаць і дзе шукаць дадатковае падтрыманне, расказала юрыстка «WKB Lawyers» і сузаснавальніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская на сустрэчы ініцыятывы «Прастора».

Пенсіяй у Польшчы лічыцца менавіта тое, што вы атрымаеце за сваю працу. У адрозненне ад Беларусі, у Польшчы няма пенсіі праз страту карміцеля або інваліднасць. Гэта будзе ўжо іншая форма падтрымання.


Каб атрымаць працоўную пенсію, трэба, каб вы дасягнулі пэўнага ўзросту: 60 гадоў для жанчын і 65 гадоў для мужчынаў. Калі вам меней, але ўжо атрымліваеце пенсію ў Беларусі, то Польшча плаціць не будзе.


Статус пенсіянера


Калі паводле ўзросту вы падыходзіце, то першае, што трэба зрабіць, – атрымаць статус пенсіянера (status emeryta).

,,

«Гэты статус перадусім дае вам магчымасць карыстацца польскім NFZ [бясплатная дзяржаўная медыцына ў Польшчы. – Заўвага рэд.], а таксама атрымліваць дадатковае сацыяльнае падтрыманне. Нягледзячы на тое, якая будзе вашая пенсія, мець статус пенсіянера – гэта заўжды плюсы. Таксама гэта могуць быць ільготныя праезды», – адзначае Ганна Маціеўская.


Каб атрымаць статус пенсіянера, вы павінны заплаціць хаця б адзін пенсійны ўзнос у Польшчы. Працадаўцы робяць пенсійныя адлічэнні для вас, калі вы працуеце на наступных відах дамоваў: дамова аб працы (umowa o pracę) і дамова даручэння (umowa zlecenia). Таксама пасуе прадпрымальніцкая дзейнасць, калі былі сплачаныя пенсійныя ўзносы. Калі вы прапрацавалі гэтак хаця б месяц, то статус пенсіянера ў Польшчы атрымаеце.


Выплаты і стаж з Беларусі пераносяцца ў Польшчу

Жанчына сталага веку прапануе набыць лясныя грыбы, бульбу і ягады пры шашы на Менск недалёка ад Воршы, Беларусь, 28 верасня 2019 года. Фота: Mikhail Svetlov/Getty Images
Жанчына сталага веку прапануе набыць лясныя грыбы, бульбу і ягады пры шашы на Менск недалёка ад Воршы, Беларусь, 28 верасня 2019 года. Фота: Mikhail Svetlov/Getty Images

Для беларусаў у Польшчы пенсія можа складацца з дзвюх частак – польскай і беларускай. Каб увогуле атрымліваць пенсію, у вас павінен быць працоўны стаж – 20 гадоў для жанчын і 25 гадоў для мужчынаў. Гэты стаж не абавязкова мусіць быць выключна ў Польшчы – да яго дадаецца беларускі.


Польскую частку пенсіі налічаць згодна з вашымі пенсійнымі адлічэннямі. Калі вы ў Польшчы працавалі зусім трошкі, то можаце атрымаць пенсію нават 4 злотыя (каля $ 1).

,,

«Які прынцып польскай пенсіі: мы акумулюем усё жыццё нейкія сродкі, каб потым дзяржава парцыйна гэта выдавала. Гэта прыблізна. Няма такога, як у Беларусі, калі хтосьці сталага веку, то яму трэба плаціць пенсію. Калі хтосьці ў цяжкім становішчы, выплочваецца не пенсія, а дапамога», – кажа Ганна Маціеўская.


Каб атрымліваць беларускую частку пенсіі ў Польшчы, трэба звярнуцца ва ўстанову сацыяльнага страхавання ZUS (Zakład Ubezpieczeń Społecznych). Далей ужо Польшча развязвае ўсе пытанні з беларускім бокам, згодна з пагадненнем паміж дзяржавамі, якое пакуль працуе. Калі працэдура пойдзе добра, то ў выніку Польшча атрымае ад Беларусі звесткі, колькі гадоў вы адпрацавалі, а таксама грошы, якія назапасіліся ў Беларусі. Польшча ў выніку складае вам працоўны стаж у абедзвюх краінах.

,,

«Калі ў вас у Беларусі, напрыклад, быў стаж 18 гадоў, а ў Польшчы – 2, мы маем 20 гадоў», – тлумачыць Маціеўская.


У гэтым выпадку жанчыне ўжо хапае стажу, каб атрымліваць пенсію ў Польшчы. Паводле такога ж прынцыпу складваюцца і адлічэнні ў абедзвюх краінах.


«Калі ў вас будзе мінімальны польскі стаж – 20 ці 25 гадоў, то вы ўжо можаце разлічваць на мінімальную польскую пенсію [1878,91 злотага брута на момант публікацыі. – Заўвага рэд.]. То бок калі, напрыклад, вы вельмі мала атрымлівалі ў Беларусі і бачыце, што пенсія, умоўна, 500 злотых, польскія ўлады мусяць вам яе падняць да мінімальнай пенсіі.


Без стажу, калі перадаюцца толькі ўзносы з Беларусі, вы атрымліваеце толькі адпаведныя выплаты. Умоўна кажучы, мяшочак з манеткамі перададзены быў у Польшчу», – зазначае суразмоўца.


Куды ісці і што рабіць, каб атрымаць пенсію ў Польшчы?

Людзі праходзяць паўз офіс Установы сацыяльнага страхавання (ZUS) у цэнтры Кракава. Фота: Omar Marques/SOPA Images/LightRocket via Getty Images
Людзі праходзяць паўз офіс Установы сацыяльнага страхавання (ZUS) у цэнтры Кракава. Фота: Omar Marques/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Каб пачаць атрымліваць пенсію, вам трэба падаць заяву. Для гэтага трэба ісці ў мясцовае аддзяленне ZUS. Калі вы не размаўляеце па-польску, юрыстка раіць узяць з сабою чалавека, які размаўляе.


Вам спатрэбяцца наступныя дакументы (арыгіналы і копіі):


– пашпарт або іншы дакумент, які пацвярджае век;


– пастанова пра міжнародную ахову, калі маеце;


– карта побыту;


– дакументы, якія пацвярджаюць стаж працы і памер заробку ў Польшчы (напрыклад, дэкларацыі PIT-37 за мінулы год, świadectwo pracy); гэта вельмі важна, бо ZUS, хутчэй за ўсё, будзе правяраць, ці сапраўды вы працавалі ў Польшчы;


– беларускае пенсійнае пасведчанне, якое мусіць быць перакладзенае прысяжным перакладнікам (калі атрымлівалі ў Беларусі);


– калі маеце любыя пацверджанні вашага працоўнага стажу ў Беларусі, то таксама падавайце;


– вам выдадуць бланкі анкеты для запаўнення або можна іх загадзя раздрукаваць і запоўніць (wniosek EMP і informację ERP-6).

,,

«Далей працуе заяўны прынцып. Вам трэба падаць заяву ў польскі ZUS і ўжо потым ён каардынуе гэты працэс. І гэта ўлады Беларусі перадаюць звесткі», – кажа юрыстка.


Любыя дадатковыя дакументы, напрыклад, працоўная кніжка з Беларусі, не заменяць адказу беларускага боку. Але падаваць іх варта, падкрэслівае экспертка, бо для ZUS гэта будзе дадатковаю нагодаю, каб рабіць паўторныя звароты, калі беларускі бок не адказвае.


Важна як мага хутчэй падаваць заяву, калі вы можаце атрымліваць пенсію, падкрэслівае Ганна Маціеўская:


«Споўнілася 60 гадоў, ведаеце, што ў вас ёсць мінімум месяц працоўнага стажу, – бяжыце ў ZUS. Трэба рабіць гэта хутка, бо пенсія будзе налічвацца ад дня падачы заявы».


Праблемныя пытанні пры атрыманні пенсіі


Пажылая пара на лавачцы ў Варшаве, Польшча, 18 красавіка 2023 года. Фота: Pablo Rojas Madariaga/NurPhoto via Getty Images
Пажылая пара на лавачцы ў Варшаве, Польшча, 18 красавіка 2023 года. Фота: Pablo Rojas Madariaga/NurPhoto via Getty Images

Адна з праблемаў – Беларусь можа проста не адказваць Польшчы пра вашую пенсію. Без гэтых звестак Польшча не можа ні выплочваць таго, што вы зарабілі ў Беларусі, ні падвысіць вашую пенсію да мінімальнай за працоўны стаж.


Адзін з прысутных на сустрэчы пенсіянераў апавёў, што чакаў адказу амаль дзесяць месяцаў. Штомесяц ZUS прысылаў яму адказ, што ў Беларусі маўчаць. Аднак мужчына настойваў, каб звароты рабіліся зноў. Гэта варта рабіць, бо ZUS можа закрыць справу. У выніку мужчына атрымаў вельмі добрую даплату за дзесяць месяцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Установа сацыяльнага страхавання (ZUS), аддзяленне ў Шчэціне. Фота: Albin Marciniak / East News
«У ZUS акруглілі вочы: яны ніколі пра такое не чулі». Як беларусы пераводзілі пенсію з Беларусі ў Польшчу навіны

Другая праблема – рэпрэсіі. Яшчэ адзін з прысутных баіцца, што праз палітычныя прысуды Беларусь не адкажа Польшчы, а пасля звароту яшчэ і забярэ тую пенсію, якая прыходзіць у Беларусі. Юрыстка адзначае, што не ведае выпадкаў, калі пазбавілі пенсіі пасля запыту. Аднак сілавікі назіраюць за гэтым пытаннем.


«Сапраўды, ёсць актывісцкі выпадак вельмі класнай пенсіянеркі. Калі яна даслала сваю заяву ў ZUS, прыйшлі да ейных сваякоў і пачалі настолькі прэсаваць, што яна напісала заяву, каб не перадавалі звестак у Беларусь. І гэта праблема. Бо палякі павінны выплочваць пенсію на базе таго, што яны атрымаюць з Беларусі.


Для развязання пытання кожны з вас павінен сам ацаніць сітуацыю. Тут няма адной добрай рэкамендацыі. Калі вы адмовіцеся перадаваць звесткі ў Беларусь, бо гэтак можна, тады вам выплацяць пенсію, але толькі тую, якую вы назапасілі ў Польшчы, і не будуць дабаўляць да мінімальнай», – кажа Ганна Маціеўская.


Калі ў ZUS бачаць, што чалавек на міжнароднай абароне, то дакладна прапануе не адпраўляць звестак, але трэба ўлічваць, што гэта для вас азначае.


Юрыстка абмяркоўвала з польскімі чыноўнікамі сітуацыю, пры якой Беларусь не адказвае на запыт пра пенсію асобы на міжнароднай абароне .

,,

«Далі адказ: "Мы гатовыя разглядаць у індывідуальным парадку такія справы". То бок трэба ўсё адно даць магчымасць, каб даслалі гэты запыт і каб прынамсі накасячыў беларускі бок. Тады будзе на што спасылацца, што беларускі бок не толькі позна адказвае, а ўвогуле не выконвае абавязкаў», – працягвае Ганна Маціеўская.


Прысутныя на сустрэчы адзначаюць, што ў Польшчы ёсць патрабаванне: на момант падачы заявы на пенсію чалавек не павінен працаваць. Пры гэтым праца патрэбная. У такім выпадку можна звольніцца фармальна, падаць заяву, а потым вярнуцца на тую ж працу, бо працаваць пенсіянер можа.


«Рэкамендую дамовіцца вам з працадаўцам на звальненне праз паразуменне бакоў. Гэта сітуацыя, пры якой працадаўца не рызыкуе», – кажа Маціеўская.


Дадатковае падтрыманне пенсіянераў


Банкноты ў польскіх злотых, зробленыя ў Канадзе, 4 лютага 2025 года. Фота: Artur Widak/NurPhoto via Getty Images
Банкноты ў польскіх злотых, зробленыя ў Канадзе, 4 лютага 2025 года. Фота: Artur Widak/NurPhoto via Getty Images

Акрамя таго, што статус пенсіянера дае доступ да паліклінік і шпіталяў за кошт дзяржавы, ёсць і іншыя плюсы. У залежнасці ад вашай сітуацыі вы можаце атрымаць 13-ую пенсію за год (trzynastka) ці нават 14-ую (czternastka).


«Пенсіянеры ў Польшчы маюць права на трынаццатую пенсію. Сума кожны год адпавядае мінімальнай пенсіі. Гэта значыць, як мінімум адну мінімальную пенсію вы дакладна атрымаеце.

Надпіс PIT на фоне бланкаў і клавіятуры. Разлік падатку. Фота: Arkadiusz Ziolek / East News
Падатковая дэкларацыя PIT у Польшчы: як запоўніць і атрымаць ільготы? Аналітыка

Чатырнаццатая пенсія адпавядае мінімальнай пенсіі, усталяванай на 1 сакавіка адпаведнага года. Аднак поўную чатырнаццатую пенсію могуць атрымліваць толькі асобы, чые штомесячныя паступленні не перавышаюць 2900 злотых брута. Таму для асобаў з невялікаю пенсіяй за польскі перыяд гэта рэальнае падтрыманне», – кажа Ганна Маціеўская.


Таксама юрыстка раіць спытаць у мясцовым MOPS (Ośrodek Pomocy Społecznej Dzielnicy), ці ёсць у іх нейкія праграмы дапамогі. У адным з вядомых ёй выпадкаў удалося атрымаць разавую дапамогу памерам 1400 злотых.


«Варта туды звяртацца. Яны заўсёды маюць нейкія сеткі сувязяў. Дзесьці ёсць, напрыклад, пункты выдачы побытавай хіміі, нейкіх прадуктаў і гэтак далей. Я разумею, што гэта рэчы, якія не глабальна развязваюць пытанне, але, магчыма, для кагосьці гэта будзе важнай інфармацыяй», – працягвае юрыстка.


Яшчэ ў Польшчы ёсць выплаты ў выпадку поўнай страты магчымасці працаваць.


«Ад фіксаванай стаўкі дапамогі – летась гэта было 719 злотых – адбяруць частку польскай пенсіі, напрыклад, 2-3 злотыя, калі вы працавалі ў Польшчы мала. Адпаведна, вы атрымаеце гэтую розніцу. Але ўмовай ёсць сітуацыя, калі вы рэальна не можаце працаваць. Гэта выключныя выпадкі, пацверджаныя дакументамі», – заключае Маціеўская і заклікае быць настойлівымі пры развязанні пенсійных пытанняў у Польшчы.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10