Жыхарка Клецкага раёну зрабілася ахвярай інтэрнэт-ашуканцаў. У адным з мэсэнджараў яна знайшла абвестку нібыта пра інвестыцыі і ў выніку пазбавілася больш як 40 тысячаў рублёў, паведамляе МУС Беларусі.
40-гадовая жанчына знайшла абвестку нібыта пра выгадныя гандляванні на інвестыцыйнай біржы.
,,«Яна ўклала зберажэнні, атрымаўшы наўзамен ілюзію росту прыбытку. Калі вывесці заробленыя сродкі не ўдалося, пачала кантактаваць з "юрыстамі" і "прадстаўнікамі Нацыянальнага банку", якім таксама пераводзіла сродкі», – распавядае прэс-служба МУС.
За паўгода яна перавяла ашуканцам усе зберажэнні, дзіцячую дапамогу, а таксама ўзятыя ў крэдыт і пазычаныя ў знаёмых грошы – агулам больш за 40 тысяч рублёў.
Заведзеная крымінальная справа за махлярства, здзейсненае ў буйным памеры.
МУС заклікае не верыць павабным абяцанням лёгкага і хуткага заробку ў інтэрнэце. Любыя онлайн-угоды трэба праводзіць толькі на афіцыйных рэсурсах.
Ашуканцы не ўпершыню прадстаўляюцца работнікамі Нацыянальнага банку. Аднак Нацбанк рабіў заяву, што яго працаўнікі ніколі не патэлефануюць і не напішуць вам. Нацбанк не працуе з фізічнымі асобамі як з кліентамі, а яго работнікі нікому не высылаюць сваіх дакументаў для пацверджання асобы.
Беларусы становяцца ахвярамі разнастайных махлярскіх схемаў – нават імітуецца запіс на візу. Тут можна даведацца пра іншыя метады ашуканцаў.
Арсен Рудэнка belsat.eu