Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва прыляцеў у Менск 11 траўня з працоўным візітам. Ён плануе сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам і «мясцовымі прадпрымальнікамі». Пра візіт паведамляе тэлеграм канал «Пул первого» і Міністэрства інфармацыі, рэкламы і радыёвяшчання Зімбабвэ.
«Пул первого» анансуе, што 14 траўня Аляксандр Лукашэнка і Эмерсан Мнангагва правядуць перамовы:
,,«Кіраўнікі дзяржаў на сустрэчы ў вузкім і пашыраным складах абмяркуюць стан двухбаковай супрацы, ход рэалізацыі праектаў, якія існуюць, і новыя перспектыўныя праекты, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах. Плануецца, што лідар Зімбабвэ наведае ў Беларусі шэраг прадпрыемстваў і знакавых месцаў».
Міністэрства інфармацыі, рэкламы і радыёвяшчання Зімбабвэ ўдакладняе, што Мнангагва «сустрэнецца з мясцовымі прадпрымальнікамі».
«Харарэ і Менск падтрымліваюць цёплыя адносіны, заключыўшы пагадненні аб супрацы на высокім узроўні ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловай вытворчасці, адукацыі, энергетыкі, транспарту і заахвочвання інвестыцый», – дадае міністэрства.
Апошні раз Лукашэнка і Мнангагва бачыліся ў любым 2023 года, калі Лукашэнка сам лятаў у Зімбабвэ.
Зімбабвэ – краіна, у якой сям’я і набліжаныя да Лукашэнкі рэалізоўваюць розныя схемы. Адна з іх звязаная з золатаздабычай, якую курыруюць бізнесовец, ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі Аляксандр Зінгман і Сяргей Шэйман, сын экс-кіраўніка спраў Лукашэнкі Віктара Шэймана.
Таксама Беларусь пастаўляла Зімбабвэ пажарную тэхніку, што прывяло да карупцыйнага скандалу. Мясцовыя СМІ ў Зімбабвэ пісалі, што здзелка адбылася без тэндару і тэхніка была прададзеная па завышаных коштах.
Арсен Рудэнка belsat.eu