навіны

Ці павялічваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну пасля размяшчэння ядравай зброі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія балістычныя ракеты РС-24 «Ярс» рухаюцца да Краснай плошчы для ўдзелу ў ваенным парадзе з нагоды Дня Перамогі ў Маскве, Расея. 9 траўня 2023 года. (Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія балістычныя ракеты РС-24 «Ярс» рухаюцца да Краснай плошчы для ўдзелу ў ваенным парадзе з нагоды Дня Перамогі ў Маскве, Расея. 9 траўня 2023 года. (Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News)
podpis źródła zdjęcia

Расейская ядравая зброя на тэрыторыі Беларусі можа пераўтварыцца ў легітымную ваенную цэль

На мінулым тыдні Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка заявілі, што тактычная ядравая зброя ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Што гэта змяняе для самой Беларусі ў кантэксце пагрозы ўцягвання ў поўнамаштабную вайну супраць Украіны? Ці павялічылася рызыка найгоршага сцэнару?
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія балістычныя ракеты РС-24 «Ярс» рухаюцца да Краснай плошчы для ўдзелу ў ваенным парадзе з нагоды Дня Перамогі ў Маскве, Расея. 9 траўня 2023 года. (Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія балістычныя ракеты РС-24 «Ярс» рухаюцца да Краснай плошчы для ўдзелу ў ваенным парадзе з нагоды Дня Перамогі ў Маскве, Расея. 9 траўня 2023 года. (Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Лукашэнка прыгразіў знішчыць мільён чалавек. Тлумачым, чаму, хутчэй за ўсё, гэта блеф навіны
Уладзімір Пуцін 16 чэрвеня заявіў, што першая частка ядравых зарадаў ужо дастаўлена ў Беларусь. Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што атрымаў ад Расеі ядравыя бомбы, кожная з якіх здольная імгненна забіць каля мільёна чалавек. Паводле самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, узгадніць з Крамлём выкарыстанне такой зброі нібыта не праблема і ён зробіць гэта без ваганняў. Аднак насамрэч Расея не перадае Лукашэнку кантроль за ТЯЗ і цалкам захоўвае за сабой права прымаць рашэнне аб яе выкарыстанні.
Колькі ядравых боегаловак будзе размяшчацца ў Беларусі і якую частку з іх ужо прывезлі – невядома. Пакуль пра тое, што ТЯЗ знаходзіцца ў Беларусі мы ведаем толькі са словаў Лукашэнкі і Пуціна, а яны раней ужо блыталіся ў заявах па гэтай тэме і супярэчылі самі сабе. Афіцыйны Кіеў, напрыклад, пацвердзіў толькі наяўнасць у Беларусі носьбітаў ТЯЗ (самалётаў Су-25 і комплексаў «Іскандэр»). Таксама не публікавалі доказаў размяшчэння боегаловак у беларускіх сховішчах незалежныя маніторынгавыя суполкі, у тым ліку «Беларускі Гаюн». Прынамсі па стане на 16 чэрвеня «Беларускі Гаюн» не валодаў звесткамі, якія б пацвярджалі пачатак рэальнага перамяшчэння ТЯЗ у Беларусь. Праўда, гэта яшчэ не даказвае, што Пуцін і Лукашэнка схлусілі – магчыма, транспартаванне ядравых боепрыпасаў атрымалася правесці, захаваўшы абсалютную сакрэтнасць.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў 18 чэрвеня заявіў, што размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі ў любым выпадку не пагражае чымсьці дадатковым для Украіны і Захаду.


,,

«Нягледзячы на ўсе танцы з бубнам, цяпер ужо ядравым бубнам, для Украіны важным фактарам застаецца тое, што Беларусь не ўцягнутая ў поўнамаштабную наземную вайну Расеі супраць Украіны, і прыкмет гэтага не назіраецца.


Хочуць пакрычаць, памахаць кулакамі, прыгразіць камусьці, грозна паварушыць вусамі? Ну, калі ласка», – адзначыў Юсаў.
Пагрозу ўступлення ў вайну беларускай арміі абмяркоўваюць з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання Расеі. Узровень пагрозы ў розныя перыяды ацэньваўся ўкраінскім камандаваннем па-рознаму. Аднак сёлета па шэрагу паказнікаў напружанне на беларускім кірунку істотна знізілася, што, імаверна, і знайшло сваё адлюстраванне ў высновах прадстаўніка ГУР.
Сапраўды, абстрэлаў тэрыторыі Украіны з боку Беларусі не фіксавалася з кастрычніка 2022 года – то бок ужо 8 месяцаў. Колькасць расейскіх жаўнераў, размешчаных на беларускай тэрыторыі, за апошнія месяцы скарацілася ў дзясяткі разоў: калі ў студзені 2023-га гаворка ішла пра 10-13 тысяч вайскоўцаў, то ў чэрвені засталося ўсяго каля 500 байцоў.
Расейскай групоўцы ў Беларусі заўсёды надавалася пільная ўвага, таму што здольнасць беларускага войска весці вялікую франтавую вайну без маштабнай дапамогі ўсходняга саюзніка шмат якія аналітыкі апрыёры ставілі пад сумнеў. Адпаведна, чым менш расейскіх вайскоўцаў – тым менш шанцаў на тое, што Беларусь уцягнецца ў канфлікт. Нарасціць групоўку ў Беларусі Пуцін у агляднай перспектыве проста не здольны: цяпер усе сілы кінуты на фронт, каб адбіць контрнаступленне ЗСУ. Расейская армія нясе ў гэтых баях вялікія страты, а ўзяць свежыя падраздзяленні няма адкуль. Сітуацыя можа змяніцца толькі ў выпадку правядзення ў Расеі новай хвалі мабілізацыі, аднак каб зладзіць такую кампанію і падрыхтаваць «запаснікоў» спатрэбяцца месяцы. Нават калі пачаць займацца гэтым ужо цяпер, наўрад лі Расея здолее сабраць вялікую вайсковую групоўку ў Беларусі раней за канец восені 2023 году.
Разам з тым, нельга скідваць з разліку той факт, што пачынаючы з восені 2022 году рэжым Лукашэнкі прыняў шэраг спецыфічных захадаў на выпадак вайны. Стварэнне ўмоваў для эфектыўнай мабілізацыі, ухваленне законаў аб «народным апалчэнні» і смяротным пакаранні для вайскоўцаў, распрацоўка зменаў у заканадаўстве аб надзвычайным і ваенным становішчы, прыняцце пастановы аб патрабаваннях да стану здароўя прызыўнікоў – усё гэта прыкметы доўгатэрміновага рыхтавання да эскалацыі.
Аднак ніводны з гэтых захадаў сам па сабе не павялічвае ваенную пагрозу для Украіны з боку Беларусі. Усе гэтыя законы і пастановы можна трактаваць дваяк: як падрыхтоўку да вайны з вонкавым праціўнікам, так і падрыхтоўку да барацьбы з магчымым паўстаннем унутры краіны.
Пры гэтым Лукашэнка заўважна змяніў сваю рыторыку ў апошні час – ягоныя заявы сталі значна менш ваяўнічымі.
Змены ў рыторыцы ў самаабвешчанага кіраўніка Беларусі адносна вайны ва Украіне заўсёды вельмі дакладна карэлявалася з узроўнем яго ўпэўненасці ў здольнасць Расеі перамагчы. Напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання Лукашэнка казаў, што гатовы ваяваць не толькі ў выпадку нападу на Беларусь або Расею, але таксама ў выпадку калі Украіна будзе весці баявыя дзеянні з групоўкамі «ДНР» і «ЛНР». Праз год «чырвоная лінія» моцна змянілася: ваяваць за Данбасе ці нават за Расею Лукашэнка ўжо не збіраўся, аднак даваў зразумець, што любыя агрэсіўныя дзеянні супраць Беларусі будуць мець наступствы. У лютым 2023 году ён заявіў, што краіна ўступіць у вайну толькі ў адным выпадку: калі з Украіны «хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей».
Цяпер, у чэрвені 2023-га, Лукашэнка ў інтэрв’ю прапагандыстцы Вользе Скабеевай патлумачыў, што «чырвоныя лініі» наогул лепш не маляваць. «Жыццё мяняецца і лініі рухаюцца то наперад, то назад», – зазначыў ён.
Падчас інтэрв’ю Скабеева спрабавала атрымаць ад Лукашэнкі канкрэтны адказ: калі ён «ботам уступіць у спецыяльную ваенную аперацыю» і пры якіх умовах можа быць выкарыстана ядравая зброя? Лукашэнкі заявіў, што зробіць гэта толькі ў выпадку поўнамаштабнага нападу на Беларусь, «класічнай агрэсіі». Ён адмыслова патлумачыў, што дыверсію ў Мачулішчах або баявыя рэйды кшталту тых, што цяпер маюць месца ў Белгарадскай вобласці, лічыць агрэсіяй нельга – гэта проста «правакацыі». Такім чынам, Лукашэнка фактычна даў зразумець, што ён насамрэч не здольны павышаць стаўкі і нават гатовы шмат чаго стрываць, каб не ўцягнуцца ў вайну з Украінай.
Гэтая заява, па сваёй сутнасці, таксама дээскалацыйная, бо ў якасці новай «чырвонай лініі» прапануе нерэалістычны сцэнар развіцця падзеяў – поўнамаштабную агрэсію з боку Украіны і NATO. Тым больш, што нядаўна Лукашэнка падчас наведвання Гомельшчыны сам тлумачыў, што «ніхто на нас нападаць не збіраецца».
Такім чынам, цяпер можна назіраць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі.
З аднаго боку, пагроза ўцягвання Беларусі ў канвенцыйную вайну – то бок у вайну, якая вядзецца звычайнымі відамі ўзбраення без выкарыстання зброі масавага знішчэння – за апошнія месяцы яўна зменшылася. Пра гэта сведчыць адсутнасць абстрэлаў, маштабнае скарачэнне расейскай сухапутнай групоўкі і адмова Лукашэнкі ад тактыкі «чырвоных лініяў». Лукашэнка не вырашыўся ўступіць у вайну, калі Украіна была значна больш уразлівай, а Расея значна больш магутнай, таму незразумела, што яго можа прымусіць пайсці на гэты крок цяпер – ён жа ўсё роўна не атрымаў кантролю над ТЯЗ.
З іншага боку, з’яўленне ў Беларусі тактычнай ядравай зброі павялічвае пагрозу ўцягванне краіны ў неканвенцыйны, ядравы канфлікт, у тым выпадку, калі Крэмль пойдзе на адпаведную эскалацыю.
Шантаж зброяй масавага знішчэння даўно зрабіўся адметнай рысай палітыкі Пуціна. У Крамлі намякалі на магчымасць ужыць ядравую зброю і да ўварвання ва Украіну, і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Зусім нядаўна ў часопісах «Профіль» і «Расея ў глабальнай палітыцы» выйшаў артыкул уплывовага расейскага палітолага Сяргея Караганава, які заклікаў нанесці прэвентыўны ядравы ўдар па Еўропе, каб «зламаць волю Захаду» і забяспечыць перамогу ў вайне з Украінай. Прычым гэта была не шэраговая публікацыя ў расейскіх медыях. Як звяртае ўвагу «Медуза», Караганаў з’яўляецца сябрам навуковай рады Савету бяспекі РФ і мае ўплыў на Мікалая Патрушава, які ў сваю чаргу ўваходзіць найбліжэйшае атачэнне Пуціна. Таму, магчыма, гэты тэкст адлюстроўвае погляды часткі расейскага сілавога блоку, мяркуе выданне.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя беларусаў у Кракаве, Польшча. 26 красавіка 2023 года. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя беларусаў у Кракаве, Польшча. 26 красавіка 2023 года. (Фота: Белсат)
Аднак Расея настолькі часта звяртаецца да ядравага шантажу, што гэты трук ужо перастаў палохаць Захад. Пагрозам Масквы больш не вераць, хоць і пільна адсочваюць любыя крокі, звязаныя са зброяй масавага знішчэння. Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) лічаць пагрозу перарастання цяперашняга канфлікту ў ядравую вайну вельмі нізкай і мяркуюць, што размяшчэнне ТЯЗ у Беларусі гэтую рызыку не павялічвае.
Каментуючы інфармацыю аб з’яўленні ТЯЗ у Беларусі, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што цяпер няма ніякіх прыкметаў таго, што Расея хоча выкарыстаць ядравую зброю і таму Вашынгтон не плануе змяняць сваю стратэгію. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг таксама заявіў, што не бачыць ніякіх зменаў у разгортванні расейскага ядравага патэнцыялу, якія б патрабавалі карэктавання пазіцыі Альянсу. З ваеннага пункту гледжання ТЯЗ у Беларусі сапраўды не нясе дадатковай пагрозы Захаду – у якасці пляцоўкі для ядравых удараў калінінградскі анклаў куды больш небяспечны для Еўропы.
Калі ўсё ж Крэмль вырашыцца выкарыстаць ядравую зброю, то цяпер Беларусь дакладна не зможа застацца ў баку ад гэтага канфлікту. У выпадку ядравай вайны Беларусь стане мішэнню для прэвентыўнага ўдару або ўдару ў адказ.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum)
Як размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі паўплывае на вайну ва Украіне? навіны
Прычым галоўная небяспека такога сцэнара ў тым, што яго развіццё ўжо ніяк не будзе залежыць ні ад грамадства, ні ад уладаў. Пуціну не спатрэбіцца згода Лукашэнкі на выкарыстанне ТЯЗ, а NATO і Украіна наўрад лі стануць чакаць пакуль афіцыйны Менск або беларускі народ выкажуць сваю пазіцыю – сховішча і носьбіты расейскай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі аўтаматычна пераўтворацца ў легітымную ваенную цэль.
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10