Belsat.eu сабраў рэакцыі на частковае разбурэнне Крымскага моста.
Belsat.eu сабраў рэакцыі палітыкаў, чыноўнікаў і вайскоўцаў на частковае разбурэнне Крымскага моста.
Улады Украіны не ўзялі на сябе адказнасць за падрыў Крымскага мосту. Але каментавалі яны гэтую падзеяў іранічна, часам з недвухсэнсоўнымі намёкамі.
,, «Ракетны крэйсер «Масква» і Керчанскі мост – два сумна вядомыя сімвалы расейскай улады ва ўкраінскім Крыме – знішчаныя. Што на чарзе, расейцы?» – напісала ўкраінскае Мінабароны ў сваім акаўнце ў Twitter.
«Расейскае незаконнае будаўніцтва пачынае развальвацца і загарацца. Прычына простая: калі будаваць нешта выбухованебяспечнае – то рана ці позна яно такі выбухне. І гэта толькі пачатак. Бо чымсьці, а надзейным будаўніцтвам Расея асабліва і не славіцца», – напісаў кіраўнік дэпутацкай фракцыі «Слуга народу» у Вярхоўнай радзе Давід Арахамія ў сваім тэлеграм-канале.
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў таксама адгукнуўся на падзеі іранічным допісам у сацсетках. Ён выклаў відэазапіс, на якім знакамітае музычнае віншаванне прэзідэнту ЗША Джону Кэнэдзі ад Мэрылін Манро («З днём нараджэння, містар прэзідэнт») сумешчана з кадрамі пажару на Крымскім мосце. Такім чынам ён намякнуў, што разбурэнне пераправы – гэта падарунак Уладзіміру Пуціну, які ўчора адзначаў свой юбілей.
Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк адзначыў у сувязі выбухам на Крымскім мосце, што ўсё незаконнае павінна быць разбурана, усё скрадзенае – вернутая Украіне, а ўсё расейскае акупацыйнае – выгнана. Праўда, пазней ён выказаўся наконт гэтага здарэння больш сур’ёзна, намякнуўшы, што падрыў пераправы стаў вынікам канфлікту паміж ФСБ і Генеральным штабам РФ.
Кіраўніца аб’яднанага прэс-цэнтру сілаў абароны аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк адзначыла, што частковае разбурэнне пераправы ўскладніць забеспячэнне расейскай вайсковай групоўкі на поўдні Украіны.
,, «Тое, што яны не змогуць выкарыстоўваць чарговую транспартную артэрыю, а ў прыватнасці, і чыгуначны маршрут, нас задавальняе», – заявіла Гумэнюк у эфіры «24 каналу».
Рэакцыя ў Расеі
У Крамлі выказваюцца наконт падзеяў у Крыме вельмі асцярожна. Прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў толькі, што Пуцін загадаў стварыць урадавую камісію ў сувязі «з надзвычайным здарэннем на Крымскім мосце». Сам Уладзімір Пуцін ніякіх заяваў не рабіў і з адмысловы выступ у бліжэйшы дні не рыхтуе.
Прадстаўніца МЗС Украіны Марыя Захарава напісала ў сваім Telegram-канале, што «рэакцыя кіеўскага рэжыму на разбурэнне цывільнай інфраструктуры сведчыць аб яго тэрарыстычнай сутнасці». Але пра прычыны і наступствы самога выбуху яна нічога не сказала.
Расейскія дэпутаты дазволілі сябе адрэагаваць больш эмацыйна і заклікалі адпомсціць за Крымскі мост.
Дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Алег Марозаў назваў частковае разбурэнне маста «абвяшчэннем вайны без правілаў». Ён падкрэсліў, што ў выпадку адсутнасці «адэкватнага» адказу, такія здарэнні будуць адбывацца часцей.
Кіраўнік парламенцкай фракцыі партыі «Справядлівая Расея» Сяргей Міронаў у сваім тэлеграм-канале заклікаў «знішчаць электрастанцыі, усе масты і чыгункі» ва Украіне.
Чалец камітэту Дзярждумы Расеі ў галіне абароны Андрэй Гурулёў заявіў, што «патрэбны моцны адказ, мы яго дамо». Але пры гэтым ён заклікаў не спяшацца, не паддавацца эмоцыям і ўсё пралічыць да дробязяў.
,, «Няма сумненняў у тым, што адпаведныя ведамствы – Мінабароны і іншыя – дадуць адэкватны, усвядомлены і, магчыма, асіметрычны адказ на гэты дзёрзкі ўдар», – заявіў «РИА Новости» сябра Савета Федэрацыі Аляксандр Башкін.
А вось у расейскіх прапагандыстаў упэўненасці ў «адэкватным адказе» ўжо няма.
,, «Гляджу і не веру вачам. Гляджу і не веру. Напэўна, зараз мы нешта зробім. Напэўна ж. Праўда?» – напісала прапагандыстка тэлеканалу «Россия 1» Вольга Скабеева пад відэа пажару на мосце.
Галоўная рэдактарка канала «Russia Today» Маргарыта Сіманьян выказалася яшчэ больш сцісла, напісаўшы ўсяго адну літару: «І?»
Незалежнае выданне «Медуза» тым часам паведаміла, што дзяржаўным медыя атрымалі з адміністрацыі прэзідэнта РФ метадычку, як трэба асвятляць падзеі ў Крыме. У прыватнасці, прапагандысты мусяць рабіць акцэнт на тым, што мост не разбураны, а ўсяго толькі пашкоджаны, а падрыхтоўка да аднаўленчых працаў ужо пачалася.
Глеб Нержын belsat.eu