Удзел у выбарах у КР пад пытаннем: спісу «Наша справа» далі час, каб выдаліць са сваёй каманды двух мужчын


Вечарам 23 траўня адбылося адкрытае паседжанне Выбарчай камісіі па выбарах у Каардынацыйную Раду. Адным з пытанняў, якое абмяркоўвалася – што рабіць са спісам нумар 4 «Наша справа» у сувязі з выхадам з яго чалiнi, што вядзе да незахавання гендарнай квоты ў 40 %.

Палітолаг і былая выкладчыца БДУ Роза Турарбекава прамаўляе на Вялікай палітычнай канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Паводле палажэння аб выбарах, кожны спіс мусіць захоўваць гендарную квоту: не меней за 40 % у спісе мусяць складаць жанчыны. Таму тое, што са спісу выходзіць адна з удзельніц, парушае юрыдычныя патрабаванні і ставіць пад пытаннем удзел усяго спісу ў выбарах. Прычынай выхаду чаліні са спісу называецца вялізны ціск, з якім яна і яе родныя сутыкнуліся ў апошні час.

Падчас абмеркавання гэтага пытання гучала прапанова зняць увесь спіс з выбараў, бо ад самага пачатку ўсе кандыдаты былі папярэджаныя пра магчымыя наступствы. Пасля завядзення крымінальнай справы супраць усіх удзельнікаў выбараў кандыдаты адчуваюць велізарны ціск, але ўмовы мусяць быць аднолькавыя для ўсіх.

«Калі мы захаваем спіс нумар 4 такім, як ёсць зараз, без захавання гендарнай квоты, гэта будзе прэцэдэнт для іншых спісаў, удзельнікі якіх таксама адчуваюць вялікі ціск», – адзначыла старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька.

Рашэннем Выбарчай камісіі кіраўніцы спісу «Наша справа» Розе Турарбекавай далі час да 9 ранку па Варшаве 24 траўня на тое, каб прывесцi спic у адпаведнасцi з правiламi Палажэння, то бок выдаліць са сваёй каманды двух мужчын.

Калі гендарныя квоты будуць выкананы, тады спіс можа ўдзельнічаць у выбарах у КР 25 – 27 траўня.

«Я не згодна з такім рашэннем і не лічу гендарныя квоты дэмакратычнымі. Цяпер двое мужчын з нашага спісу будуць прынесеныя ў ахвяру. Але яны ўжо ахвяры, бо супраць іх заведзеная крымінальная справа», – пракаментавала рашэнне Роза Турарбекава.

Спіс «Наша справа» узначальвае палітолаг і даследніца, былая выкладчыца БДУ Роза Турарбекава. Разам з ёю спіс налічвае 14 асобаў. Сярод іх – былая камандзірка медычнай роты палка Кастуся Каліноўскага Анастасія Махамет, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, эксперт у галіне адукацыі Андрэй Лаўрухін, гісторыкі, былыя выкладчыкі БДУ Аляксандр Паршанкоў і Павел Церашковіч. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар «Нашай справы» ў выбарчым бюлетэні – 4.

Выбары ў КР
Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 4 «Наша справа»
2024.05.08 07:12

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў