Расея нанесла масаваны ракетны ўдар па Харкаве: 7 асобаў загінулі


Раніцай 23 траўня расейская армія запусціла не менш за 15 ракетаў па цывільнай інфраструктуры Харкава і вобласці. Удзень з’явілася інфармацыя пра ўдары з выкарыстаннем кіраваных авіяцыйных бомбаў.

Наступствы ракетнай атакі на Харкаў 23 траўня.
Фота: synegubov / Telegram

Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сынегубаў паведаміў, што Расея раніцай 23 траўня ўчыніла атаку на цывільную інфраструктуру гарадоў Харкаў і Любатын. Загінулі сямёра цывільных асобаў (у тым ліку пяць жанчын), 16 атрымалі раненні.

У Аснавянскім раёне Харкава дзве ракеты ўпалі на тэрыторыю друкарні, у вытворчым цэху пачаўся вялікі пажар. Цяпер там працягваецца ратавальная аперацыя, ідзе разбор завалаў. Таксама ўлады паведамляюць пра «прылёты» па транспартнай інфраструктуры і адному з аддзелаў камунальнага прадпрыемства.

У Любатыне ракетны ўдар прыйшоўся па цэнтральнай частцы гораду: зазналі пашкоджанні аўтамабілі, крамы, парк.

Агулам агрэсар запусціў 15 ракетаў, з іх дзесяць – па Харкаве. Паводле інфармацыі паліцыі, расейцы нанеслі ўдар ракетамі С-300 або С-400.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў ранішнюю атаку Расеі на Харкаў і Любатын «надзвычай жорсткай». Пракуратура распачала крымінальныя справы за парушэнне законаў і звычаяў вайны (ч. 2 арт. 438 КК Украіны).

Удзень 23 траўня мясцовыя ўлады паведамілі пра новую расейскую атаку – цяпер з выкарыстаннем кіраваных авіяцыйных бомбаў (КАБ). Пад удар трапілі Харкаў і Дэргачы. Пра наступствы гэтай паветранай атакі пакуль нічога невядома.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў