У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга заявілі пра спробу дзяржаўнага перавароту


Армія Дэмакратычнай Рэспублікі Конга абвясціла 19 траўня пра перадухіленне спробы дзяржаўнага перавароту, перадае агенцтва «France-Presse». Уладу захаваў прэзідэнт Фэлікс Чысэкедзі.

Кадр з відэазвароту меркаваных нападнікаў на рэзідэнцыі кіраўніцтва Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. 19 траўня 2024 года.
Скрыншот: Actu30.cd

Пра перадухіленне спробы перавароту паведамілі пасля нападу на дом міністра эканомікі і страляніны з аўтаматычнай зброі каля Палацу нацыі (рэзідэнцыі прэзідэнта). Сцвярджаецца, што нападнікі планавалі атакаваць дамы прэм’ер-міністра і міністра абароны, але не знайшлі будынкаў.

Арыштаваныя каля паўсотні нападнікаў, заявіў «Reuters» прадстаўнік арміі. Падчас страляніны ў рэзідэнцыі міністра былі забітыя два паліцыянты, а таксама лідар нападнікаў: як сцвярджаецца, гэта лідар апазіцыйнага ўраду Новага Заіру ў выгнанні Крыст’ян Малянга. Ягонага сына арыштавалі. У нападзе абвінавацілі як грамадзянаў ДР Конга, гэтак і некалькіх амерыканцаў і брытанцаў. Заяўляюць, што нападнікі мелі з сабой сцягі Заіру – гэтак да 1997 года звалася Дэмакратычная Рэспубліка Конга.

Фэлікс Чысэкедзі 20 снежня 2023 года другі раз перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Як і на папярэдніх выбарах, назіральнікі адзначалі шматлікія парушэнні, апазіцыя заклікала ануляваць вынікі. Лідара апазіцыі неўзабаве змясцілі пад хатні арышт. Выбары не праводзіліся ў некалькіх правінцыях праз узброены канфлікт: Чысэкедзі раней адмовіўся ад дапамогі расейскіх наймітаў у барацьбе з паўстанцамі. На 18 траўня былі прызначаныя выбары кіраўніцтва парламенту, але іх адклалі праз крызіс у кіроўнай партыі.

У «Індэксе дэмакратыі» часопісу «The Economist» ДР Конга займае 162-е месца са 167, у той час як суседняя Рэспубліка Конга, без слова «дэмакратычная» ў назве, мае 136-е месца.

Агляд
Конга: Пераварот, якога не было, але які можа быць
2023.09.18 18:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў