ДР Конга звінаваціла Руанду ў нападзе на тле афрыканскага саміту Пуціна. Што адбываецца?


У той жа дзень, у які адбыўся вайсковы пераварот у Нігеры, войскі Руанды перайшлі мяжу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Не падобна, каб канфлікты былі звязаныя. «Белсат» расказвае, што вядома пра кангалезска-руандыйскі канфлікт.

Вайскоўцы Сілаў абароны Руанды
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы Сілаў абароны Руанды праходзяць навучанне спецыяльным аперацыям. Нашо, Руанда. 2022 год.
Фота: mod.gov.rw

Узброеныя сілы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга 27 ліпеня заявілі, што Cілы абароны суседняй Руанды атакавалі кангалезскіх памежнікаў у правінцыі Паўночнае Ківу, але напад «руандыйскіх тэрарыстаў» адбілі і вымусілі іх адступіць на радзіму. Кангалезскі бок сцвярджае, што руандыйскія салдаты мелі ўмацаваць групоўку паўстанцаў «Рух 23 сакавіка» (М23), якая выступае супраць уладаў ДР Конга, перадае Бі-Бі-Сі. Руандыйскі бок не каментаваў інцыдэнту.

Канфлікт мае вельмі даўнюю гісторыю

Аб магчымым нападзе Узброеныя сілы ДР Конга папярэджвалі яшчэ 19 ліпеня: маўляў, абгрунтаваць увод войскаў збіраліся прэвентыўнымі захадамі супраць непазбежнага нападу Дэмакратычных сілаў вызвалення Руанды (FLDR), якія дзеюць на тэрыторыі ДР Конга.

Руандыйскія ўлады па-ранейшаму адмаўляюць, што дапамагаюць паўстанцам M23, хоць эксперты Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў сцвярджаюць, што маюць «цвёрдыя доказы» гэтага падтрымання і нават падазраюць Руанду ў стварэнні групоўкі і кіраванні ёю. M23 праваабаронцы вінавацяць у злачынствах супраць чалавецтва. Адносіны ДР Конга з FLDR яшчэ менш адназначныя: з аднаго боку, улады даўно казалі пра жаданне разагнаць паўстанцаў і нават атакавалі іх, але, з другога боку, падтрымлівалі іх у барацьбе з M23.

Войскі Руанды ўжо не першы раз заходзяць у ДР Конга: цяперашні канфлікт трывае з пачатку 2022 года, а напружанне між краінамі – дзесяцігоддзямі. Канфлікт вымушае ўцякаць дзясяткі тысяч мірных жыхароў. Як пісала агенцтва «Associated Press», гэта супрацьстаянне аднаго з самых эфектыўных войскаў Афрыкі (Руанды) і адной з найвялікшых паводле тэрыторыі і ўнутраных праблемаў дзяржава Афрыкі (ДР Конга).

Прычыны канфлікту, імаверна, этнічныя. М23 – пераважна народ тутсі, FLDR – хуту. Абодва гэтыя народы жывуць у Руандзе і Бурундзі (дзе хуту складаюць звыш 80 % насельніцтва), а таксама ў частках ДР Конга (дзе няма дамінантнай этнічнай групы – краіна шматнацыянальная). FLDR удзельнічалі ў руандыйскім генацыдзе тутсі ў 1994 годзе. Прычынаю генацыду было тое, што ў каланіяльныя часы тутсі, якія складалі меншасць, займалі больш высокае становішча ў грамадстве, але пасля атрымання Руандаю незалежнасці хуту ўзялі ўладу і пачалі дыскрымінаваць тутсі. Улады Руанды даўно вінавацілі ДР Конга ў наданні прытулку хуту, якія чынілі генацыд, руандыйцаў жа вінавацілі ў забойствах і згвалтаваннях прадстаўнікоў хуту на тэрыторыі ДР Конга.

І гэта толькі дзве групоўкі з дзясяткаў узброеных фармаванняў рэгіёну. ДР Конга агулам адна з найменш стабільных і найменш дэмакратычных краінаў свету: напрыклад, яна займае 4-е месца ў топе «крохкіх дзяржаваў» і 162-е са 167 у «Рэйтынгу дэмакратыі» (сумная іронія: цёзка ДР Конга, Рэспубліка Конга без слова «дэмакратычная» ў назве, на 26 пазіцыяў вышэйшая ў «Рэйтынгу дэмакратыі»). Але і Руанда не самая шчаслівая краіна свету: 44-е са 179 месцаў у рэйтынгу «крохкіх дзяржаваў» і 126-е ў «Рэйтынгу дэмакратыі».

Пры гэтым у ДР Конга з 1999 года прысутнічаюць звыш 17 тысяч міратворцаў ААН (місія завецца MONUSCO), але яны не бачаць сваёй ролі ў кангалезска-руандыйскім канфлікце. Да таго ж, палітыкі і прынамсі некаторыя жыхары ДР Конга лічаць місію неэфектыўнай у развязанні даўніх унутраных канфліктаў, супраць місіі ў 2022 годзе былі масавыя пратэсты, у якіх загінула некалькі дзясяткаў чалавек.

Да чаго тут Нігер і Расея?

Падзеі ў Нігеры і ДР Конга, падобна, проста супалі ў часе: у першым раптоўны дзяржаўны пераварот з унутраных прычынаў, у другой – даўні міжэтнічны канфлікт. Больш за тое, дзяржавы геаграфічна далёкія: між сталіцамі Нігеру і ДР Конга – 3500 км наўпрост (больш чым ад Менску да Лісабону) або звыш 4600 км па дарогах.

І выглядае, што Расея ў абодвух выпадках недатычная. Баевікі той жа Групы Вагнэра маюць, імаверна, вельмі абмежаваную прысутнасць у ДР Конга, але ў гэтай краіне ў прынцыпе шырока распаўсюджанае выкарыстанне замежных наймітаў. У путчыстаў у Нігеры бачылі расейскія сцягі, а пераварот падтрымаў лідар баевікоў Групы Вагнэра Яўгеній Прыгожын, але не выглядае, што вагнэраўцы бралі ўдзел у перавароце, а Крэмль гэты пераварот нават крытыкаваў.

Агляд
«Кашмар для Захаду». Што значыць вайсковы пераварот у Нігеры і што ад таго беларусам
2023.07.27 17:49

Ды адметна, што канфлікты адбываліся падчас саміту Расея – Афрыка ў Санкт-Пецярбурзе.

Крэмль запрасіў кіраўнікоў усіх 54 краінаў Афрыкі, але большасць праігнаравала запрашэнні: прыехалі толькі 17 прэзідэнтаў, некаторыя краіны выслалі другіх асобаў дзяржавы або шараговых міністраў (апошняе зрабілі ДР Конга і Руанда: дэлегацыю першай узначаліў міністр абароны, дэлегацыю другой – міністр замежных справаў), а некаторыя зусім не выпраўлялі на саміт сваіх прадстаўнікоў (як Нігер).

І проста падчас саміту адбыліся дзяржаўны пераварот у адной краіне Афрыкі і чарговыя сутыкненні між яшчэ дзвюма, а Расея не толькі не выступіла міратворцам, а нават не спрабавала скарыстаць форум для развязання канфліктаў, хоць абмяркоўвала там супрацу з ДР Конга ў касмічнай галіне і з Руандай – у ядравай энергетыцы.

Украінскі палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык тлумачыў «Белсату»: відавочны інтарэс Уладзіміра Пуціна ў гэтым форуме – паказаць, што Расея не ізаляваная, прымае замежных лідараў, і прасоўваць свой палітычны парадак дня ў «сяброўскіх дзяржавах». Але Расея ўжо сарвала некалькі кантрактаў на экспарт узбраенняў у Афрыку праз страты ў вайне ва Украіне, таму Афрыка «спрабуе прыглядвацца» да Кітаю як дастаўніка зброі.

Кітай у Афрыцы таксама не выконвае ролі міратворца (у адзіным рэальным баі ў Афрыцы кітайскія вайскоўцы паказалі сябе даволі слаба), але вельмі актыўны ў эканамічнай экспансіі. Кітай больш падобны да звышдзяржавы ў дзеяннях адносна афрыканскіх краінаў на тле таго, як стасункі Расеі з дзяржавамі Афрыкі пагаршаюцца праз зрыў «збожжавай угоды».

Агляд
Дзе «бабахне» ў 2023 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя войны і гвалтоўныя пратэсты
2022.12.13 07:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў