У прыхільнікаў перавароту ў Нігеры заўважылі сцягі Расеі. Прыгожын ужо падтрымаў яго


У Нігеры, дзе 26 ліпеня ў выніку дзяржаўнага перавароту быў зрынуты празаходні ўрад, з’яўляецца ўсё больш слядоў магчымай датычнасці Расеі і яе наймітаў да гэтых падзеяў.

Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын.
Фота: concordgroup_official

Прыхільнікі дзяржаўнага перавароту ў Нігеры арганізавалі мітынг ля будынку парламенту краіны. У некаторых з іх былі расейскія сцягі, паведамляе Бі-Бі-Сі. Таксама яны выказвалі падтрыманне расейскай ПВК Вагнэра, прыхільнікі якой захапілі ўладу ў суседніх Малі і Буркіна-Фасо, піша AP.

Частка мітынгоўцаў пазней напала на штаб-кватэру партыі зрынутага прэзідэнта Мухамэда Базума і падпаліла яе.

На гэты момант незразумела, хто кіруе заходнеафрыканскай краінай. Сама хунта не абвяшчала, хто яе ўзначальвае. Прыхільнікі зрынутага прэзідэнта працягваюць настойваць, што яны застаюцца законнай уладай у краіне.

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

Тым часам кіраўнік расейскай ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын назваў падзеі ў Нігеры барацьбой з «каланізатарамі».

«Гэта фактычна азначае здабыццё незалежнасці. Астатняе будзе залежаць ад народу Нігеру, ад таго, наколькі эфектыўна ён зможа кіраваць», – гаворыцца ў заяве Прыгожына.

Раней падобным чынам ён казаў і пра прыход да ўлады прыхільнікаў вагнэраўцаў у Буркіна-Фасо.

Як мяркуе гісторык Аляксандр Фрыдман, публічна падтрымаўшы пераварот у Нігеры, Прыгожын нашкодзіў як вайсковай хунце, якая пакуль пра свае вонкавапалітычныя арыенціры не казала і якой давядзецца выбудоўваць стасункі з Захадам, так і рэжыму Лукашэнкі, які прытуліў у сябе вагнэраўцаў.

«Заявы Прыгожына паказваюць, што ён у любы момант гатовы кінуць усе свае справы ў Беларусі і накіравацца ў Нігер. Гэтая краіна адкрывае перад ПВК новыя перспектывы ў Афрыцы», – кажа Фрыдман.

Тым часам міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў афіцыйна назваў пераварот у Нігеры «антыканстытуцыйнай задумай». Паводле яго, «у Нігеры неабходна аднавіць канстытуцыйны парадак».

Агляд
«Кашмар для Захаду». Што значыць вайсковы пераварот у Нігеры і што ад таго беларусам
2023.07.27 17:49

Рэгіён, дзе месціцца Нігер, атрымаў неафіцыйную назву «поясу пераваротаў». Гэтак, у 2021 годзе вайсковая хунта захапіла ўладу ў Гвінеі, а з 2020 года два перавароты адбыліся ў суседніх Малі і Буркіна-Фасо, дзе да ўлады прыйшлі сілы, звязаныя з расейскай групай Вагнэра.

Нігер жа быў галоўным хаўруснікам Захаду ў рэгіёне. Менавіта тут для правядзення антыісламісцкіх аперацыяў базаваліся войскі Францыі, выгнаныя прарасейскімі рэжымамі з Малі і Буркіна-Фасо. Краіна таксама актыўна дапамагала Еўразвязу змагацца з нелегальнай міграцыяй і падтрымлівала Украіну ў ААН. ЗША з 2012 года выдаткавалі на ўзмацненне бяспекі Нігеру каля $ 500 млн. Сваю вайсковую місію ў краіну збіралася скіраваць і Нямеччына.

«Базум быў адзінай надзеяй Захаду ў Сахэльскім рэгіёне. Францыя, ЗША і ЕЗ выдаткавалі большую частку сваіх рэсурсаў у рэгіёне на падтрыманне Нігеру і яго сілаў бяспекі», – заявіў Ульф Лесінг (Ulf Laessing), аналітык нямецкага Фонду імя Конрада Адэнаўэра.

На ягоную думку, пераварот стаў «кашмарным сцэнаром для заходніх дзяржаваў», бо дазволіць Расеі і іншым актарам распаўсюдзіць свой уплыў у Нігеры.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў