Вайскоўцы Нігеру абвясцілі, што законна абраны прэзідэнт краіны Мухамэд Базум зняты з пасады. Гэтая краіна была ключавым саюзнікам Захаду ў рэгіёне, дзе ўсё большы ўплыў набывае ПВК Вагнэра. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся, што гэта значыць, у тым ліку і для Беларусі.
Раніцай 26 ліпеня прэзідэнт Нігеру Мухамэд Базум (Mohamed Bazoum) паведаміў у Twitter, што прэзідэнцкая гвардыя на чале з генералам Умарам Тшыяні (Omar Tchiani) удзельнічала ў «антырэспубліканскай дэманстрацыі» і «марна» спрабавала заручыцца падтрымкай іншых сілаў бяспекі. Аднак пасля з’явіліся паведамленні, што яго самога зняволілі ў прэзідэнцкім палацы ў сталіцы Ньямэ. Таксама быў зняволены міністр унутраных справаў Амаду Суле (Hamadou Souley). Прэзідэнцкі палац і суседнія міністэрствы былі заблакаваныя вайсковай тэхнікай.
Каля 400 прыхільнікаў Базума паспрабавалі наблізіцца да палацу, але былі разагнаныя прэзідэнцкай гвардыяй, адзін чалавек быў паранены.
У адказ на гэтыя падзеі збройныя сілы Нігеру атачылі палац, каб падтрымаць Базума. Армія таксама паведаміла пра захоп «асноўных стратэгічных пунктаў» у краіне. Базум заявіў, што армія і Нацыянальная гвардыя гатовыя атакаваць прэзідэнцкую гвардыю.
Аднак увечары палкоўнік ВПС Амаду Абдраманэ (Amadou Abdramane) у эфіры дзяржаўнага тэлебачання ў атачэнні іншых вайскоўцаў заявіў, што прэзідэнт Базум адхілены ад улады, і абвясціў стварэнне Нацыянальнай рады аховы Радзімы. Паводле яго, сілы абароны і бяспекі вырашылі зрынуць рэжым «праз пагаршэнне сітуацыі з бяспекай і дрэннае кіраванне». Ён абвясціў адмену канстытуцыі краіны, прыпыненне дзеяння дзяржаўных установаў, закрыццё межаў і ўвядзенне каменданцкай гадзіны. Вайскоўцы папярэдзілі пра недапушчальнасць любога замежнага ўмяшання, але адзначылі, што застаюцца прыхільнікамі сувязяў з міжнароднай і нацыянальнай супольнасцю.
Раніцай 27 ліпеня Базум напісаў у Twitter, што нігерцы, якія любяць дэмакратыю, паклапоцяцца пра тое, каб захаваць «дасягнутыя з цяжкасцю заваёвы». А міністр замежных справаў і адзін з лідараў кіроўнай партыі Асумі Масаўду (Hassoumi Massaoudou), які захаваў вернасць прэзідэнту і асудзіў хунту, абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы. Ён заклікаў прыхільнікаў дэмакратыі «зрабіць так, каб гэтая авантура правалілася», а вайскоўцаў – пачаць дыялог. Паводле яго, да перавароту далучылася не ўсё войска.
У сваю чаргу армейскае камандаванне Нігера падтрымала пераварот, заявіўшы, што яго прыярытэт – перадухіленне дэстабілізацыі краіны. Армія мусіць «захаваць фізічную недатыкальнасць» прэзідэнта і яго сямʼі і пазбегчы «смяротнай канфрантацыі… якая магла б выклікаць разню і паўплываць на бяспеку насельніцтва», гаворыцца ў заяве, падпісанай галоўнакамандуючым.
Заходнеафрыканскі Нігер з 25-мільённым насельніцтвам паводле плошчы займае 21-е месца ў свеце, а паводле колькасці жыхароў – 56-е. Але ўзровень яго эканамічнага развіцця застаецца вельмі нізкім. Паводле ВУП на чалавека краіна займае 186-е месца ў свеце сярод 192 краін. Пры гэтым яна валодае аднымі з найбуйнейшых радовішчаў урану.
Больш як палова яе насельніцтва – моладзь у веку да 14 гадоў. У гарадах жыве менш як 17 % жыхароў Нігеру, а пісьменныя – трохі больш за траціну нігерцаў. Амаль 100 % жыхароў краіны – мусульмане.
Да 1960 года Нігер быў калоніяй Францыі. Пасля атрымання незалежнасці ў ім адбыліся чатыры дзяржаўныя перавароты: у 1974, 1996, 1999 і 2010 гадах. Краіна таксама цярпіць ад ісламісцкіх паўстанцаў, звязаных з «Аль-Каідай» і «Ісламскай дзяржавай».
Мухамэд Базум прыйшоў да ўлады ў 2021 годзе, перамогшы ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. У перадвыбарчай праграме ён абяцаў пераадолець дэмаграфічныя праблемы, павысіць пісьменнасць, гендарную роўнасць, перамагчы ісламістаў ды палепшыць бяспеку. Базум стаў першым кіраўніком краіны, які пераняў уладу ад іншага дэмакратычна абранага кіраўніка.
У 2021 годзе, за некалькі дзён да інаўгурацыі Базума, вайскоўцы ўжо спрабавалі ўчыніць пераварот, але тады яго атрымалася задушыць.
Рэгіён, дзе знаходзіцца Нігер, атрымаў неафіцыйную назву «пасу пераваротаў». Гэтак, у 2021 годзе вайсковая хунта захапіла ўладу ў Гвінеі, а з 2020 года па два перавароты адбыліся ў суседніх Малі і Буркіна-Фасо, дзе да ўлады прыйшлі сілы, звязаныя з расейскай ПВК Вагнэра.
Нігер жа быў галоўным хаўруснікам Захаду ў рэгіёне. Менавіта тут для правядзення антыісламісцкіх аперацыяў базаваліся войскі Францыі, выгнаныя прарасейскімі рэжымамі з Малі і Буркіна-Фасо. Краіна таксама актыўна дапамагала Еўразвязу змагацца з нелегальнай міграцыяй і падтрымоўвала Украіну ў ААН. ЗША з 2012 года выдаткавалі на ўзмацненне бяспекі Нігеру каля $ 500 млн. Сваю вайсковую місію ў краіну збіралася скіраваць і Нямеччына.
«Базум быў адзінай надзеяй Захаду ў Сахэльскім рэгіёне. Францыя, ЗША і ЕЗ выдаткавалі большую частку сваіх рэсурсаў у рэгіёне на падтрыманне Нігера і яго сілаў бяспекі», – заявіў Ульф Лесінг (Ulf Laessing), аналітык нямецкага Фонду імя Конрада Адэнаўэра.
На ягоную думку, пераварот стаў «кашмарным сцэнаром для заходніх дзяржаваў», бо дазволіць Расеі і іншым актарам распаўсюдзіць свой уплыў у Нігеры.
Прычыны перавароту дагэтуль незразумелыя. Мяркуецца, што дзеянні вайскоўцаў маглі справакаваць эканамічныя цяжкасці, некампетэнтнасць ураду і карупцыя.
«[Спроба] перавароту ўпісваецца ў даўнюю мадэль няздольнасці палітычнага класу даць рады з эканамічнымі праблемамі, бяспекай і палітычнай нестабільнасцю ў краіне», – мяркуе прафесар Эмэньюэл Кўэсі Анінг (Emmanuel Kwesi Aning) з Міжнароднага навучальнага цэнтру міратворцаў у Гане.
«Карупцыя – гэта вялікі слон у пакоі плюс барацьба з ваяўнічымі экстрэмістамі. Гэта выклік, з якім сутыкаюцца амаль усе ўрады Заходняй Афрыкі», – дадаў ён.
Кэмэран Гадсан (Cameron Hudson), старэйшы супрацоўнік амерыканскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў, убачыў прыкметы таго, што нігерскія вайскоўцы былі проста незадаволеныя ўзроўнем падтрымання, што яны займелі для барацьбы з баевікамі. І пераварот, на яго думку, можа аслабіць змаганне з ісламістамі.
Як адзначыў Лесінг, стабільнасць Нігеру была «ілюзіяй», бо «дзяржава вельмі слабая, вельмі бедная, і для зрынання прэзідэнта ў Нігеры не патрабуецца шмат часу».
Пераварот асудзілі Сусветны банк, Афрыканскі і Еўрапейскі Звязы, ААН, Францыя і ЗША, якія заклікалі неадкладна вызваліць Базума. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, які размаўляў з Базумам ужо пасля ягонага зняволення, сказаў, што партнёрства ЗША з Нігерам у сферы эканомікі і бяспекі залежыць ад працягу дэмакратычнага кіравання. Паводле яго, Вашынгтон падтрымлівае Базума як дэмакратычнага абранага прэзідэнта.
Свае перамовы з путчыстамі спрабавала весці і Эканамічная супольнасць Заходнеафрыканскіх краінаў (ECOWAS). Ад імя арганізацыі ў Нігер скіраваўся нават прэзідэнт Бэніну Патрыс Талён (Patrice Talon).
«Пры неабходнасці будуць выкарыстаныя ўсе сродкі для аднаўлення канстытуцыйнага ладу ў Нігеры, але ў ідэале ўсё павінна адбывацца ў міры і згодзе», – заявіў ён.
Прэзідэнт Нігерыі Боля Тынубу (Bola Tinubu) паабяцаў зрабіць усё для падтрымання дэмакратыі ў рэгіёне. Паводле яго, усе гульцы ў Нігеры павінны разумець, што ECOWAS і прыхільнікі дэмакратыі ў свеце «не будуць мірыцца з сітуацыяй, якая знядзейвае дэмакратычна абраны ўрад краіны».
Пераварот адбываецца адначасова з самітам Расея – Афрыка, які ўлады Нігеру праігнаравалі. Тым не менш, заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў, гэтая падзея на саміце будзе абмяркоўвацца. Афіцыйна ж РФ заклікала бакі канфлікту ў Нігеры ўстрымацца ад ужывання гвалту і вырашаць усе спрэчныя пытанні праз дыялог.
Удзел у саміце Расея – Афрыка, дарэчы, бярэ і кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын. З 2017 года прысутнасць кампаніі фіксавалася ў 13 краінах Афрыкі, у тым ліку ў суседніх з Нігерам Малі і Буркіна-Фасо. Звычайна вагнэраўцы прыходзілі на запрашэнне мясцовых аўтарытарных лідараў, але часам падтрымоўвалі і іхных супернікаў. Узамен Расея атрымоўвала доступ да прыродных багаццяў і палітычны ўплыў у гэтай краіне.
У Афрыцы ПВК Вагнэра выкарыстоўвае таксама паліттэхнолагаў і прапагандыстаў. Расея стварыла тут цэлую «інфармацыйную экасістэму» з тысяч сайтаў і акаўнтаў, пры дапамозе якіх распальваюцца антызаходнія настроі. Часам паліттэхнолагі прыходзілі ў краіну раней за саму ПВК. Гэтак, змена ўлады ў Малі і Буркіна-Фасо супала менавіта з нарошчваннем прарасейскай прапаганды.
У 2021 годзе ў Малі ў выніку вайсковага перавароту да ўлады прыйшла хунта пад кіраўніцтвам палкоўніка Асімі Гаіты (Assimi Goïta), якога прапагандысты малявалі на плакатах разам з Пуціным. У сталіцы краіны ладзіліся дэманстрацыі пад расейскімі сцягамі, удзельнікі патрабавалі вывесці французскія войскі і ўвесці ў краіну расейскія. На гэтай хвалі ў Малі былі афіцыйна запрошаны баевікі ПВК Вагнэра.
У Буркіна-Фасо вайсковы пераварот увосень 2022 года таксама адбыўся пад акампанемент прарасейскіх дэманстрацыяў. Але прапагандысцкая кампанія ў падтрымку размяшчэння ў краіне ПВК Вагнэра распачалася яшчэ да перавароту. Гэтак, падпалкоўнік Поль-Анры Сандааго Даміба (Paul-Henri Sandaogou Damiba) двойчы спрабаваў пераканаць прэзідэнта ў неабходнасці запрасіць у краіну ПВК, а калі той адмовіўся – узначаліў пераварот. Праўда, неўзабаве зрынулі і самога Дамібу. Захоп улады ў Буркіна-Фасо хунтай Прыгожын назваў пачаткам «новай эры дэкаланізацыі».
Як мяркуе гісторык Аляксандр Фрыдман, падзеі ў Нігеры непасрэдна датычаць Беларусі. На яго думку, калі ЗША і Еўразвяз не здолеюць перадухіліць прыходу вайскоўцаў да ўлады, «існуе вялікая верагоднасць пераарыентацыі Нігера на Расею».
«У гэтым выпадку часткі вагнэраўцаў могуць быць неадкладна адпраўленыя з Беларусі на «засваенне» афрыканскай дзяржавы», – заявіў Фрыдман у сваім тэлеграм-канале.
Пакуль, адзначыў гісторык, пацвярджэнняў доказу ўдзелу ПВК Вагнэра і Расеі ў перавароце няма. І калі гэта проста бунт генералаў, незадаволеных размеркаваннем сродкаў, то, на яго думку, Вашынгтон і Парыж змогуць дамовіцца з імі.
«Калі ж усё ж такі за вайскоўцамі стаіць Масква і яны паспрабуюць здзейсніць вонкавапалітычны разварот, то ў Францыі, якая з эканамічных (уранавыя руднікі) і палітычных прычынаў не можа адмовіцца ад Нігеру, не застанецца іншага выйсця, як умяшацца ў сітуацыю – у тым ліку і ваенным шляхам», – мяркуе Фрыдман.
Адначасова, паводле яго, варта будзе чакаць і рашучых крокаў супраць ПВК Вагнэра і Беларусі, на тэрыторыі якой зараз базуюцца вагнэраўцы.
Макар Мыш belsat.eu