У Нігеры вайскоўцы абвясцілі аб звяржэнні прэзідэнта Базума


Ваенныя Нігеру заявілі ў эфіры нацыянальнага тэлебачання аб тым, што прэзідэнт краіны Махамед Базум зняты з пасады. Акрамя таго, яны аб’явілі аб закрыцці межаў краіны і ўвядзенні каменданцкай гадзіны. Пра гэта паведамляе Reuters.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Нігеру Махамед Базум выступае на прэс-канферэнцыі ў Берліне, Нямеччына. 8 ліпеня 2021 года.
Фота: Bernd von Jutrczenka / Pool / AFP / East News

Увечары 26 ліпеня, падчас свайго звароту па дзяржаўным тэлебачанні, вайскоўцы сцвярджалі, што зрынулі дэмакратычна абранага прэзідэнта Нігеру Махамеда Базума і «паклалі канец ураду» праз пагаршэнне бяспекі ў афрыканскай краіне.

Па тэлебачанні выступіў генерал-палкоўнік Амаду Абдурахман у асяроддзі яшчэ дзевяці вайскоўцаў у форме. Пакуль незразумела, дзе знаходзіўся прэзідэнт на момант аб’яўлення вайскоўцаў, і ці падаў ён у адстаўку.

«Мы, сілы абароны і бяспекі, вырашылі пакласці канец таму рэжыму, што вы ведаеце. Гэта рушыла ўслед за пагаршэннем сітуацыі ў сферы бяспекі і нездавальняючым кіраваннем у эканамічнай і сацыяльнай сферы», – сказаў у тэлезвароце генерал.

Салдаты заявілі, што праца ўсіх установаў была прыпыненая, але сілы бяспекі спраўляюцца з сітуацыяй. Таксама яны заклікалі знешніх партнёраў не ўмешвацца.

Ваенныя Нігеру ў эфіры нацыянальнага тэлебачання. Крыніца: ORTN

Новая ваенная хунта, якая называе сябе Нацыянальнай радай па абароне радзімы (CNSP), усталявала ў краіне каменданцкую гадзіну з 22:00 да 05:00 па мясцовым часе, а таксама закрыла межы краіны: «Марскія і паветраныя межы закрываюцца да таго часу, пакуль абстаноўка не стабілізуецца», – заявіў генерал Абдурахман.

Аб’ява была зроблена пасля дня нявызначанасці, калі члены Прэзідэнцкай гвардыі Нігеру акружылі прэзідэнцкі палац і затрымалі прэзідэнта Махамеда Базума. Тады крыніцы, набліжаныя да адміністрацыі Базума, паведамлялі, што прэзідэнт жывы, здаровы і «вядзе перамовы з мяцежнікамі». Таксама вядома, што прэзідэнту Базуму, якога мяцежнікі ўтрымлівалі ў ягоным палацы, тэлефанавалі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш і запэўнілі ў сваёй падтрымцы.

26 ліпеня грамадзяне таксама выйшлі на вуліцы, каб прадухіліць пераварот, і запатрабавалі вызвалення Базума.

Адзначаецца, што за пераваротам стаіць генерал Амар Чыані, які амаль 10 гадоў узначальвае Прэзідэнцкую гвардыю, і якога Базум спрабаваў зняць з пасады. Праз гэта, імаверна, і пачаўся мяцеж.

З моманту набыцця незалежнасці ад Францыі ў 1960 годзе ў Нігеры адбылося 4 перавароты і вялікая колькасць спробаў перавароту. Апошні ўдалы пераварот у краіне адбыўся ў 2010 годзе супраць былога прэзідэнта Мамаду Танджы.

Махамед Базум заняў пасаду прэзідэнта ў лютым 2021 года, стаўшы першым дэмакратычна абраным кіраўніком дзяржавы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў