«Кашмар для Захаду». Што значыць вайсковы пераварот у Нігеры і што ад таго беларусам


Вайскоўцы Нігеру абвясцілі, што законна абраны прэзідэнт краіны Мухамэд Базум зняты з пасады. Гэтая краіна была ключавым саюзнікам Захаду ў рэгіёне, дзе ўсё большы ўплыў набывае ПВК Вагнэра. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся, што гэта значыць, у тым ліку і для Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Нігеры Махамэд Базум і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выступаюць з прамовай падчас прэс-канферэнцыі пасля відэасаміту з лідарамі краін «G5 Sahel» у палацы дэ ль’Элізэ ў Парыжы, Францыя. 9 ліпеня 2021 года.
Фота: Pool / Reuters / Forum

Што адбылося

Раніцай 26 ліпеня прэзідэнт Нігеру Мухамэд Базум (Mohamed Bazoum) паведаміў у Twitter, што прэзідэнцкая гвардыя на чале з генералам Умарам Тшыяні (Omar Tchiani) удзельнічала ў «антырэспубліканскай дэманстрацыі» і «марна» спрабавала заручыцца падтрымкай іншых сілаў бяспекі. Аднак пасля з’явіліся паведамленні, што яго самога зняволілі ў прэзідэнцкім палацы ў сталіцы Ньямэ. Таксама быў зняволены міністр унутраных справаў Амаду Суле (Hamadou Souley). Прэзідэнцкі палац і суседнія міністэрствы былі заблакаваныя вайсковай тэхнікай.

Каля 400 прыхільнікаў Базума паспрабавалі наблізіцца да палацу, але былі разагнаныя прэзідэнцкай гвардыяй, адзін чалавек быў паранены.

У адказ на гэтыя падзеі збройныя сілы Нігеру атачылі палац, каб падтрымаць Базума. Армія таксама паведаміла пра захоп «асноўных стратэгічных пунктаў» у краіне. Базум заявіў, што армія і Нацыянальная гвардыя гатовыя атакаваць прэзідэнцкую гвардыю.

Аднак увечары палкоўнік ВПС Амаду Абдраманэ (Amadou Abdramane) у эфіры дзяржаўнага тэлебачання ў атачэнні іншых вайскоўцаў заявіў, што прэзідэнт Базум адхілены ад улады, і абвясціў стварэнне Нацыянальнай рады аховы Радзімы. Паводле яго, сілы абароны і бяспекі вырашылі зрынуць рэжым «праз пагаршэнне сітуацыі з бяспекай і дрэннае кіраванне». Ён абвясціў адмену канстытуцыі краіны, прыпыненне дзеяння дзяржаўных установаў, закрыццё межаў і ўвядзенне каменданцкай гадзіны. Вайскоўцы папярэдзілі пра недапушчальнасць любога замежнага ўмяшання, але адзначылі, што застаюцца прыхільнікамі сувязяў з міжнароднай і нацыянальнай супольнасцю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыхільнікі Базума сабраліся ля палацу на знак пратэсту супраць затрымання прэзідэнта Махамэда Базума прэзідэнцкай гвардыяй у Ньямэ, Нігер. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: AFP / East News

Раніцай 27 ліпеня Базум напісаў у Twitter, што нігерцы, якія любяць дэмакратыю, паклапоцяцца пра тое, каб захаваць «дасягнутыя з цяжкасцю заваёвы». А міністр замежных справаў і адзін з лідараў кіроўнай партыі Асумі Масаўду (Hassoumi Massaoudou), які захаваў вернасць прэзідэнту і асудзіў хунту, абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы. Ён заклікаў прыхільнікаў дэмакратыі «зрабіць так, каб гэтая авантура правалілася», а вайскоўцаў – пачаць дыялог. Паводле яго, да перавароту далучылася не ўсё войска.

У сваю чаргу армейскае камандаванне Нігера падтрымала пераварот, заявіўшы, што яго прыярытэт – перадухіленне дэстабілізацыі краіны. Армія мусіць «захаваць фізічную недатыкальнасць» прэзідэнта і яго сямʼі і пазбегчы «смяротнай канфрантацыі… якая магла б выклікаць разню і паўплываць на бяспеку насельніцтва», гаворыцца ў заяве, падпісанай галоўнакамандуючым.

Адна з найбяднейшых краінаў свету

Заходнеафрыканскі Нігер з 25-мільённым насельніцтвам паводле плошчы займае 21-е месца ў свеце, а паводле колькасці жыхароў – 56-е. Але ўзровень яго эканамічнага развіцця застаецца вельмі нізкім. Паводле ВУП на чалавека краіна займае 186-е месца ў свеце сярод 192 краін. Пры гэтым яна валодае аднымі з найбуйнейшых радовішчаў урану.

Больш як палова яе насельніцтва – моладзь у веку да 14 гадоў. У гарадах жыве менш як 17 % жыхароў Нігеру, а пісьменныя – трохі больш за траціну нігерцаў. Амаль 100 % жыхароў краіны – мусульмане.

Да 1960 года Нігер быў калоніяй Францыі. Пасля атрымання незалежнасці ў ім адбыліся чатыры дзяржаўныя перавароты: у 1974, 1996, 1999 і 2010 гадах. Краіна таксама цярпіць ад ісламісцкіх паўстанцаў, звязаных з «Аль-Каідай» і «Ісламскай дзяржавай».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спадкаемны прынц Даніі Фрэдэрык наведвае вучняў мясцовай школы ў Ньямэ. Школа атрымала дацкае падтрыманне ў аднаўленні будынкаў пасля моцнага пажару. Ньямэ, Нігер. 25 траўня 2023 года.
Фота: Mads Claus Rasmussen / Ritzau Scanpix / AFP / East News

Мухамэд Базум прыйшоў да ўлады ў 2021 годзе, перамогшы ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. У перадвыбарчай праграме ён абяцаў пераадолець дэмаграфічныя праблемы, павысіць пісьменнасць, гендарную роўнасць, перамагчы ісламістаў ды палепшыць бяспеку. Базум стаў першым кіраўніком краіны, які пераняў уладу ад іншага дэмакратычна абранага кіраўніка.

У 2021 годзе, за некалькі дзён да інаўгурацыі Базума, вайскоўцы ўжо спрабавалі ўчыніць пераварот, але тады яго атрымалася задушыць.

Галоўны саюзнік Захаду

Рэгіён, дзе знаходзіцца Нігер, атрымаў неафіцыйную назву «пасу пераваротаў». Гэтак, у 2021 годзе вайсковая хунта захапіла ўладу ў Гвінеі, а з 2020 года па два перавароты адбыліся ў суседніх Малі і Буркіна-Фасо, дзе да ўлады прыйшлі сілы, звязаныя з расейскай ПВК Вагнэра.

Каментар
Афрыка патрэбна Расеі для абыходу санкцый і ўзбагачэння
2023.07.27 08:00

Нігер жа быў галоўным хаўруснікам Захаду ў рэгіёне. Менавіта тут для правядзення антыісламісцкіх аперацыяў базаваліся войскі Францыі, выгнаныя прарасейскімі рэжымамі з Малі і Буркіна-Фасо. Краіна таксама актыўна дапамагала Еўразвязу змагацца з нелегальнай міграцыяй і падтрымоўвала Украіну ў ААН. ЗША з 2012 года выдаткавалі на ўзмацненне бяспекі Нігеру каля $ 500 млн. Сваю вайсковую місію ў краіну збіралася скіраваць і Нямеччына.

«Базум быў адзінай надзеяй Захаду ў Сахэльскім рэгіёне. Францыя, ЗША і ЕЗ выдаткавалі большую частку сваіх рэсурсаў у рэгіёне на падтрыманне Нігера і яго сілаў бяспекі», – заявіў Ульф Лесінг (Ulf Laessing), аналітык нямецкага Фонду імя Конрада Адэнаўэра.

На ягоную думку, пераварот стаў «кашмарным сцэнаром для заходніх дзяржаваў», бо дазволіць Расеі і іншым актарам распаўсюдзіць свой уплыў у Нігеры.

Карупцыя і некампетэнтнасць?

Прычыны перавароту дагэтуль незразумелыя. Мяркуецца, што дзеянні вайскоўцаў маглі справакаваць эканамічныя цяжкасці, некампетэнтнасць ураду і карупцыя.

«[Спроба] перавароту ўпісваецца ў даўнюю мадэль няздольнасці палітычнага класу даць рады з эканамічнымі праблемамі, бяспекай і палітычнай нестабільнасцю ў краіне», – мяркуе прафесар Эмэньюэл Кўэсі Анінг (Emmanuel Kwesi Aning) з Міжнароднага навучальнага цэнтру міратворцаў у Гане.

«Карупцыя – гэта вялікі слон у пакоі плюс барацьба з ваяўнічымі экстрэмістамі. Гэта выклік, з якім сутыкаюцца амаль усе ўрады Заходняй Афрыкі», – дадаў ён.

Кэмэран Гадсан (Cameron Hudson), старэйшы супрацоўнік амерыканскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў, убачыў прыкметы таго, што нігерскія вайскоўцы былі проста незадаволеныя ўзроўнем падтрымання, што яны займелі для барацьбы з баевікамі. І пераварот, на яго думку, можа аслабіць змаганне з ісламістамі.

Як адзначыў Лесінг, стабільнасць Нігеру была «ілюзіяй», бо «дзяржава вельмі слабая, вельмі бедная, і для зрынання прэзідэнта ў Нігеры не патрабуецца шмат часу».

Афрыка не задаволеная

Пераварот асудзілі Сусветны банк, Афрыканскі і Еўрапейскі Звязы, ААН, Францыя і ЗША, якія заклікалі неадкладна вызваліць Базума. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, які размаўляў з Базумам ужо пасля ягонага зняволення, сказаў, што партнёрства ЗША з Нігерам у сферы эканомікі і бяспекі залежыць ад працягу дэмакратычнага кіравання. Паводле яго, Вашынгтон падтрымлівае Базума як дэмакратычнага абранага прэзідэнта.

Свае перамовы з путчыстамі спрабавала весці і Эканамічная супольнасць Заходнеафрыканскіх краінаў (ECOWAS). Ад імя арганізацыі ў Нігер скіраваўся нават прэзідэнт Бэніну Патрыс Талён (Patrice Talon).

«Пры неабходнасці будуць выкарыстаныя ўсе сродкі для аднаўлення канстытуцыйнага ладу ў Нігеры, але ў ідэале ўсё павінна адбывацца ў міры і згодзе», – заявіў ён.

Прэзідэнт Нігерыі Боля Тынубу (Bola Tinubu) паабяцаў зрабіць усё для падтрымання дэмакратыі ў рэгіёне. Паводле яго, усе гульцы ў Нігеры павінны разумець, што ECOWAS і прыхільнікі дэмакратыі ў свеце «не будуць мірыцца з сітуацыяй, якая знядзейвае дэмакратычна абраны ўрад краіны».

Hавiны
Большасць лідараў краінаў Афрыкі праігнаравала саміт Пуціна
2023.07.26 16:43

Пераварот адбываецца адначасова з самітам Расея – Афрыка, які ўлады Нігеру праігнаравалі. Тым не менш, заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў, гэтая падзея на саміце будзе абмяркоўвацца. Афіцыйна ж РФ заклікала бакі канфлікту ў Нігеры ўстрымацца ад ужывання гвалту і вырашаць усе спрэчныя пытанні праз дыялог.

Афрыканскія інтарэсы Прыгожына

Удзел у саміце Расея – Афрыка, дарэчы, бярэ і кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын. З 2017 года прысутнасць кампаніі фіксавалася ў 13 краінах Афрыкі, у тым ліку ў суседніх з Нігерам Малі і Буркіна-Фасо. Звычайна вагнэраўцы прыходзілі на запрашэнне мясцовых аўтарытарных лідараў, але часам падтрымоўвалі і іхных супернікаў. Узамен Расея атрымоўвала доступ да прыродных багаццяў і палітычны ўплыў у гэтай краіне.

У Афрыцы ПВК Вагнэра выкарыстоўвае таксама паліттэхнолагаў і прапагандыстаў. Расея стварыла тут цэлую «інфармацыйную экасістэму» з тысяч сайтаў і акаўнтаў, пры дапамозе якіх распальваюцца антызаходнія настроі. Часам паліттэхнолагі прыходзілі ў краіну раней за саму ПВК. Гэтак, змена ўлады ў Малі і Буркіна-Фасо супала менавіта з нарошчваннем прарасейскай прапаганды.

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

У 2021 годзе ў Малі ў выніку вайсковага перавароту да ўлады прыйшла хунта пад кіраўніцтвам палкоўніка Асімі Гаіты (Assimi Goïta), якога прапагандысты малявалі на плакатах разам з Пуціным. У сталіцы краіны ладзіліся дэманстрацыі пад расейскімі сцягамі, удзельнікі патрабавалі вывесці французскія войскі і ўвесці ў краіну расейскія. На гэтай хвалі ў Малі былі афіцыйна запрошаны баевікі ПВК Вагнэра.

У Буркіна-Фасо вайсковы пераварот увосень 2022 года таксама адбыўся пад акампанемент прарасейскіх дэманстрацыяў. Але прапагандысцкая кампанія ў падтрымку размяшчэння ў краіне ПВК Вагнэра распачалася яшчэ да перавароту. Гэтак, падпалкоўнік Поль-Анры Сандааго Даміба (Paul-Henri Sandaogou Damiba) двойчы спрабаваў пераканаць прэзідэнта ў неабходнасці запрасіць у краіну ПВК, а калі той адмовіўся – узначаліў пераварот. Праўда, неўзабаве зрынулі і самога Дамібу. Захоп улады ў Буркіна-Фасо хунтай Прыгожын назваў пачаткам «новай эры дэкаланізацыі».

Што ад таго беларусам?

Як мяркуе гісторык Аляксандр Фрыдман, падзеі ў Нігеры непасрэдна датычаць Беларусі. На яго думку, калі ЗША і Еўразвяз не здолеюць перадухіліць прыходу вайскоўцаў да ўлады, «існуе вялікая верагоднасць пераарыентацыі Нігера на Расею».

«У гэтым выпадку часткі вагнэраўцаў могуць быць неадкладна адпраўленыя з Беларусі на «засваенне» афрыканскай дзяржавы», – заявіў Фрыдман у сваім тэлеграм-канале.

Пакуль, адзначыў гісторык, пацвярджэнняў доказу ўдзелу ПВК Вагнэра і Расеі ў перавароце няма. І калі гэта проста бунт генералаў, незадаволеных размеркаваннем сродкаў, то, на яго думку, Вашынгтон і Парыж змогуць дамовіцца з імі.

«Калі ж усё ж такі за вайскоўцамі стаіць Масква і яны паспрабуюць здзейсніць вонкавапалітычны разварот, то ў Францыі, якая з эканамічных (уранавыя руднікі) і палітычных прычынаў не можа адмовіцца ад Нігеру, не застанецца іншага выйсця, як умяшацца ў сітуацыю – у тым ліку і ваенным шляхам», – мяркуе Фрыдман.

Адначасова, паводле яго, варта будзе чакаць і рашучых крокаў супраць ПВК Вагнэра і Беларусі, на тэрыторыі якой зараз базуюцца вагнэраўцы.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў