Ганне Баран, Юліі Лаптановіч і сямʼі Ганаровых выставілі абвінавачанне паводле яшчэ аднаго артыкулу, паведамляе карэспандэнт «Белсату». Гэта стала падставаю для ператрусаў.
Цяпер акрамя арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») людзей вінавацяць паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). І калі першаю справаю займаўся ГУБАЗіК, то цяпер да працэсу падключыўся КДБ.
14 кастрычніка ператрус прайшоў удома ў сямʼі Лаптановічаў. Нагадаем, што ў карагоднай справе на два з паловаю гады калоніі асуджаны бацька траіх дзяцей Ігар Лаптановіч, ягоная жонка Юлія – на 3 гады «хатняй хіміі». Цяпер затрыманая і Юлія, яна ў берасцейскім СІЗА-7. Трое дзетак засталіся з бабуляй.
У тым жа СІЗА-7 – Ганна Баран, яшчэ адна фігурантка карагоднай справе. Яна таксама з Пружанаў, і знікла пасля аблавы, якую 14 кастрычніка на пружанскіх актывістаў зладзіў КДБ. Сёння жанчыну наведаў адвакат, які нічога не можа казаць, бо, імаверна, падпісаў дакумент аб неразгалошванні.
Паводле 369 артыкулу праходзіць і сямʼя Ганчаровых.
Уладзіміра Ганчарова тры супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі разам з жонкай і дзецьмі пяці ды васьмі гадоў. Падчас допыту аператыўнікі з УУС Маскоўскага раёну Берасця чатыры гадзіны трымалі дзяцей у калідоры. Пасля ўсіх перавезлі ў Следчы камітэт і там таксама дапытвалі чатыры гадзіны. Затым сям’ю адпусцілі, а Уладзіміра перавялі ў ІЧУ Кобрына, а адтуль – у берасцейскі следчы ізалятар, дзе ён застаецца з 14 ліпеня.
Цяпер Уладзіміра ды ягоную жонку Кацярыну будуць судзіць паводле двух крымінальных артыкулаў. Судовы працэс у карагоднай справе супраць Баран і Ганчаровых пачнецца 25 кастрычніка.
АС belsat.eu