У пятніцу, 21 чэрвеня, а 21:45 глядзіце на «Белсаце» і онлайн дакументальную драму «Расшчэпленыя на атамы». У ёй пра падзеі з нашумелага серыялу «Чарнобыль» распавядаюць відавочцы. У тым ліку, удава нашага земляка, пажарнага Васіля Ігнаценкі.
У тым, што гаворыць Людміла Ігнаценка ў «Расшчэпленых атамах», – шмат новага ў параўнанні з ейным аповедам, які ўвайшоў у кнігу Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Як вядома, аўтары серыялу натхняліся творам нашай славутай зямлячкі, і сюжэтная лінія кахання Васіля і Людзмілы Ігнаценкаў у ім – адна з галоўных.
Людміла Ігнаценка нарадзілася ў мястэчку Галіч у Івана-Франкоўскай вобласці. Паспяхова скончыла кулінарную вучэльню. У Прыпяць маладую кандытарку накіравалі працаваць за выдатныя адзнакі. Тады горад лічыўся перспектыўным: побач пабудавалі атамную электрастанцыю. Там яна, 18-гадовая, і пазнаёмілася з беларусам Васілём, старэйшым на два гады пажарным.
Гэта была прыгожая гісторыя кахання. Маладыя пажаніліся праз тры гады. Вяселле згулялі спачатку у бацькоў Васіля, пасля – на ейнай радзіме. І вэлюм давялося надзяваць двойчы. А гэта, як казалі людзі, – кепская прыкмета. І такіх, узгадвае Людміла ў фільме «Расшчэпленыя на атамы», было некалькі. Што яшчэ бянтэжыла жанчыну? І што ўпершыню за 30 год распавёў дырэктар Чарнобыльскай АЭС ?
Глядзіце дакументальную драму Святланы Усенка «Расшчэпленыя на атамы» на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн.
ІА, belsat.eu