Арганізацыя аб’яднаных нацыяў сочыць за перадвыбарчымі падзеямі ў Беларусі. Пра гэта на брыфінгу для СМІ паведаміў прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык.
Адказваючы на пытанне, як Генеральны сакратар ААН ацэньвае нерэгістрацыю двух прэтэндэнтаў і выкліканыя гэтым масавыя пратэсты, Стэфан Дзюжарык заявіў пра важнасць свабодных выбараў.
«Свабодныя і справядлівыя выбары павінны быць паўсюль. Мы, канечне, назіраем за тым, што адбываецца ў Беларусі, асабліва за дэманстрацыямі, якія адбыліся, за ўсім перыядам падрыхтоўкі да выбараў», – адзначыў прадстаўнік ААН.
Паводле яго, «у Беларусі ці дзе б там ні было яшчэ, як мы казалі, у людзей ёсць фундаментальныя правы ўдзельнічаць у мірных дэманстрацыях і адстойваць вяршэнства закону».
«Так што мы працягнем сачыць за сітуацыяй, але я думаю, што важна, каб людзі маглі праяўляць пазіцыю мірна, а ўлады дэманстравалі стрыманасць і гарантавалі людзям правы рабіць гэта», – дадаў Дзюжарык.
Раней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з адмысловай заявай з нагоды масавых затрыманняў у Беларусі 14 ліпеня.
МГ belsat.eu