11 студзеня 2021 года сяброўку ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, актывістку «Краіны для жыцця» Вольгу Паўлаву прызналі палітзняволенай. «Белсат» паразмаўляў з бацькам жанчыны пра тое, як яна прыйшла ў «Краіну для жыцця», а таксама распытаў, як яна пачуваецца цяпер, і як з касметолага Вольга зрабілася актывісткай.
Да красавіка 2020 года Вольга Паўлава працавала галоўным касметыкам у фірме «Беліта». Калі пачаўся каронавірус, яна з дзіцем на месяц самаізалявалася на лецішчы. У гэты час жанчына заўважыла канал Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцця», шмат глядзела і чытала пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ды захацела далучыцца да каманды.
– Дачка вырашыла далучыцца да ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, і з «Беліты» давялося звольніцца, – распавядае Аляксандр, бацька Вольгі. – Далей яна цалкам занялася перадвыбарчай кампаніяй: спачатку яны збіраліся тут на Камароўцы, потым пачалі ездзіць па рэспубліцы, збіраць подпісы.
Вольга Паўлава зрабілася каардынатаркай штабу Святланы Ціханоўскай у Менску і ў некаторых раёнах Менскай вобласці. У рэдакцыю «Белсату» трапілі запісы Вольгі Паўлавай пра тое, што адбывалася з жанчынай пасля выбараў:
– Я доктар, ваеннаабавязаная, мой грамадзянскі абавязак складаецца ў аказанні першай дапамогі насельніцтву Рэспублікі Беларусь. Яшчэ днём [9 жніўня. – Заўв. рэд.] я закупіла ў аптэцы камплект для аказання першай дапамогі насельніцтву.
Каля 22:00 мне патэлефанаваў знаёмы і сказаў, што ў раёне стэлы раздаюцца выбухі. Каля 23.00 я дайшла да царквы Прасвятой Багародзіцы, выбухі былі ўсё гучнейшыя і гучнейшыя, крыкі людзей і гук абстрэлу людзей кулямі. Я спусцілася з гары ўніз і апынулася ў буфернай зоне паміж АМАПам і мірным насельніцтвам. Супрацоўнікі АМАПу былі пашыхтаваныя ў некалькі шарэнгаў і цалкам экіпаваныя да ваенных дзеянняў, за імі было відаць шмат аўтазакаў. У руках мірных пратэстоўцаў былі сцягі. У аднаго мужчыны быў кавалак металічнай трубы, я падышла і папрасіла яго гэтую трубу выкінуць, каб супрацоўнікі АМАПу бачылі, што людзі бяззбройныя. Патлумачыла, што сваімі дзеяннямі ён кампраметуе іншых людзей, якія могуць з-за яго пацярпець. Ён зразумеў і гэты кавалак трубы выкінуў.
З курсу ваеннай медыцыны я ведала, што медперсанал засяроджваецца ў буферы паміж двума лагерамі, а пасля абстрэлу выносіць параненых і аказвае неабходную дапамогу.
У буферную зону траплялі правакатары, супрацоўнікі АМАПу папярэджвалі насельніцтва аб хуткім абстрэле, стукаючы дубінкамі аб шчыты, але людзі гэтага не разумелі, бо ніколі дагэтуль не сутыкаліся з ваеннымі дзеяннямі. Пасля папярэджання з боку АМАПу яны запускалі ў людзей гранаты і абстрэльвалі. Людзі разбягаліся. Я засталася на месцы абстрэлу з паднятымі рукамі…
9 жніўня ў Менску каля станцыі метро «Пушкінская» быў брутальны разгон пратэстоўцаў. Сілавікі прымянялі святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі. У той дзень не абышлося без параненых.
– У Вольгу прыляцела святлошумавая граната, а таксама гумовыя кулі. У той дзень яе затрымалі, пасадзілі ў аўтазак і прывезлі на Акрэсціна, – узгадвае бацька Вольгі Паўлавай.
Пра тое, што яе прывезлі на Акрэсціна, Вольга даведалася не адразу. Са словаў жанчыны, тое, што з ёй адбывалася, было падобна да выкрадання і ўзяцця ў палон.
– Нас прывялі ў камеру № 18. У камеру, дзе стаялі чатыры ложкі, запіхнулі 19 жанчын. Мы паселі, як маглі, і былі ў шоку ад таго, што адбываецца. Акно ў камеры было адчыненае на два пальцы. Дыхаць было цяжка. Мы пачалі знаёміцца і распавядаць, каго і дзе затрымалі. Шмат хто трапіў у камеру абсалютна выпадкова.
Сярод нас аказалася жанчына, якая ў адрозненне ад усіх ведала, дзе мы, бо ў яе былі шматразовыя парушэнні закону, яна адбывала там сутачныя пакаранні. Гэтая жанчына адзіная сярод нас дзевятнаццаці была ў нецвярозым стане, усе астатнія былі абсалютна цвярозыя і не былі ні ў якім наркатычным апʼяненні. Яна сказала, што мы ў ЦІП на Акрэсціна, што гэта новае крыло.
Прыкладна праз гадзіну камеру зноў адкрылі ды прывялі 21 жанчыну, такім чынам у камеры, разлічанай на чатырох, нас стала 36. Было вельмі душна і горача, мы пачалі прасіць, каб нам адкрылі кармушку, замест гэтага адчыніліся дзверы, і на нас вылілі вядро вады. Час набліжаўся да вечара, вада пачала выпарацца, павысілася вільготнасць, адкрытага на два пальцы акна было відавочна не дастаткова для нармальнай вентыляцыі.
Назіраючы за станам дзяўчатак у камеры, я зразумела, што далей адкладаць нельга, і пачала біць у дзверы. Падышоў прадольны паверху, я папрасіла яго перадаць начальству, што я Паўлава Вольга, і я дам усе звесткі ды падпішу ўсё, што яны хочуць, пачала прасіць нас вывесці на калідор на дзесяць хвілінаў падыхаць. Казала, што раніцай шмат хто не прачнецца, і нашая смерць будзе на ягоным сумленні ды ягонай асабістай адказнасцю. Праз 15 хвілінаў прадольны сапраўды адкрыў камеру, прасіў выходзіць ціха, стаць насупраць сцяны, пакласці рукі на сцяну.
У аўторак 11 жніўня над затрыманымі адбываўся суд проста ў ІЧУ на Акрэсціна. Жанчын з камеры, дзе была Вольга Паўлава, выводзілі па адной і судзілі: кагосьці выпускалі са штрафам, хтосьці вяртаўся назад у камеру. Калі надышла чарга Вольгі, высветліліся цікавыя падрабязнасці:
– Калі быў суд, то на Вольгу не было дакументаў. Дакладней, замест ейных былі дакументы іншага чалавека з такім жа імем: не супадалі адрас, дата нараджэння. Падчас суда, калі дачка ўказала на гэтую недарэчнасць, суддзя сказала: «Забярыце яе назад у камеру».
Паводле Вольгі, больш яе суддзя не выклікала, а калі на чарговай праверцы ўсім, хто застаўся ў камеры, зачытвалі прысуды, Вользе абвесцілі, што яна атрымала 15 содняў арышту.
– Далей дачку перавезлі ў Жодзіна, – распавядае Аляксандр Паўлаў. – І калі пачалі прымаць, то дзяўчына, якая прымала, пабачыла, што гэта не Вольга, бо нават фатаграфія ў справе была не ейная. Фактычна, выраку суда не было, былі толькі паперы, на якіх алоўкам было напісана: «15 сутак».
Наглядчыца, успамінае Вольга, камусьці патэлефанавала і спытала, што рабіць у такой сітуацыі, але, не атрымаўшы дакладнага адказу, вырашыла запісваць звесткі са словаў Вольгі.
– Пасля гэтага яна паклала трубку, я ёй прадыктавала свае звесткі і ўпершыню за ўвесь гэты час распісалася ў рэальным пратаколе надгляду. Калі пачалі разводзіць у камеры, я сказала дзяжурнаму, што мяне ўтрымліваюць незаконна, што гэта выкраданне, што звесткі ў справе не мае, што няма рашэння суда, і нават не маё фота. Ён паглядзеў на фота і спалохаўся, пабег па начальніка СІЗА Жодзіна. Я засталася яго чакаць.
Вольга прыгадвае, што калі начальнік вярнуўся, ён паглядзеў паперы, спытаў рэальныя дадзеныя Вольгі Паўлавай, пачаў абурацца: маўляў, «ужо не першая не са сваімі дадзенымі», і загадаў адвесці жанчыну ў камеру.
Калі 14 жніўня затрыманых масава пачалі выпускаць з турмаў, выйшла на волю і Вольга.
– Пачалі разбірацца ў справе, дачку адвялі да начальніка жодзінскай турмы, на што апошні сказаў: «Выкіньце яе за дзверы». І яе нават не праз цэнтральны выхад выпусцілі, а праз нейкі запасны.
Як потым распавяла Вольга, ніякіх дакументаў аб адбыцці арышту ёй не далі. Жанчына апынулася на волі, але без уласных рэчаў і дакументаў. Трапіць дадому ёй дапамаглі валанцёры. Пазней Вользіны рэчы знайшліся ў ЦІП на Акрэсціна.
Прыблізна праз месяц у верасні Вольга з сябрамі заехалі папіць кавы ў Партызанскім раёне. У той дзень меў адбыцца Партызанскі марш. Жанчына выйшла ў краму па каву і, калі вярталася, убачыла, што пад’ехаў бус і ейных сяброў пачалі выцягваць з машыны. Яна падышла і папрасіла прадставіцца тых, хто праводзіў затрыманне. Так яе схапілі разам з сябрамі.
– У панядзелак адбыўся суд, але суддзя накіравала матэрыялы на дапрацоўванне. Пазней быў яшчэ адзін суд, і суддзя адмовілася ад справы. Так справа трапіла да трэцяй суддзі, а звесткі пра адмову зніклі з матэрыялаў. У выніку дачку аштрафавалі на 25 базавых велічыняў і адпусцілі.
Наступны раз Вольгу затрымалі 1 лістапада, калі быў марш на Курапаты. Жанчына ішла ў калоне мітынгоўцаў.
– Дачка ў гэты дзень мелася з кімсьці сустрэцца, таму выйшла з калоны ды ішла ў адваротны бок. На ейных вачах пачаліся затрыманні мітынгоўцаў, якія ішлі пры канцы калоны. Дачка падышла спытаць, за што затрымліваюць людзей, і таксама апынулася ў аўтазаку. Потым яе адвезлі ў Ленінскае РУУС і прад’явілі абвінавачанні паводле артыкулу 23.34 КоАП і артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.
Суд аштрафаваў жанчыну на 70 базавых паводле двух артыкулаў, 23.34 і 23.4. Выявілася, што на Вольгу склалі пратакол яшчэ і за непадпарадкаванне.
15 лістапада Вольга Паўлава з сябрам вырашылі схадзіць на плошчу Пераменаў – паставіць лампадку, каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. Прыехалі, паставілі і ўжо збіраліся з’ехаць, як раптам плошчу атачылі сілавікі, і пачаўся хапун.
– З кола яе выпусцілі, але пад замес трапіў сябар, і Вольга не змагла заставацца ўбаку, таму зноў трапіла ў аўтазак. 18 лістапада дачцэ далі 30 базавых штрафу. У Вольгі ёсць шасцігадовае дзіця, таму ўвесь час штрафавалі.
Праз паўтары гадзіны родныя сустракалі Вольгу пад Акрэсціна, але жанчыну так і не адпусцілі.
– Я патэлефанаваў адвакатцы, якая патлумачыла, што дачку з Акрэсціна адвезлі ў Ленінскае РУУС і яшчэ раз затрымалі на 72 гадзіны, – прыгадвае падзеі таго дня Аляксандр. – А праз некалькі дзён ёй высунулі абвінавачанне паводле арт. 342, ч. 1 Крымінальнага кодэксу [арганізацыя масавых беспарадкаў. – Заўв. рэд.].
Цяпер Вольга Паўлава застаецца ў зняволенні ў Жодзіна. Жанчына ўжо некалькі разоў трапляла ў карцар і абвяшчала там галадоўку.
– 2 снежня мне прыйшоў ліст ад дачкі, у якім яна піша, што яе выклікалі да выхавацеля за тое, што яна не захацела вітацца з ахоўнікамі на ранішняй праверцы. Дачка матывавала свой учынак тым, што нідзе не прапісана, што яна мусіць вітацца. Выхавацель не змог даказаць, што трэба вітацца, але ўсё адно вынес ёй вымову. А праз некалькі дзён Вольга трапіла ў карцар на 7 дзён за парушэнне рэжыму. Калі гэты тэрмін выйшаў, ёй дадалі яшчэ 5 дзён.
Дачка піша: «Калі я трапіла сюды за парушэнне рэжыму – то я і буду парушаць рэжым». Вольга абвесціла галадоўку, і ёй далі яшчэ 5 дзён у карцары. З карцара дачка трапіла ў медчастку, бо была дужа слабая і кволая, пачаліся панічныя атакі.