Раней да зняволенага Арцёма Анішчука, асуджанага на 2 гады калоніі, не пусцілі прадстаўнікоў грамадскай назіральнай камісіі. Цяпер і жонцы не далі ніякіх звестак пра яго.
Арцём Анішчук – фігурант справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў».
Раней Анішчук неаднаразова распавядаў адвакату аб катаваннях і збіцці ў магілёўскай калоніі. Ён глытаў металічныя прадметы, каб спыніць катаванні. Лістоў ад яго няма ад 9 ліпеня.
Яго жонка Вольга кажа, што 31 жніўня яна з адвакатам прыехала ў Магілёўскую калонію. Начальнік калоніі заявіў, што Арцёма няма ў калоніі – што ён «выбыў», а іншую інфармацыю адмовіўся даваць. У мясцовым Дэпартаменце выканання пакаранняў таксама адмовіліся даваць звесткі.
Следчы праз тэлефон адказаў адвакату, што першы раз чуе пра этапаванне.
7 ліпеня пракуратура Магілёўскай вобласці скасавала знаходжанне Анішчука ў памяшканні камернага тыпу і мусіла закрыць справу за «Злоснае непадпарадкаванне» (арт. 411 КК РБ).
Але следчы заявіў, што да яго за два месяцы не дайшлі належныя дакументы ад пракуратуры аб незаконным знаходжанні ў ПКТ. На афіцыйны зварот да следчага адвакату цяпер адказалі, што «няма падставаў для спынення крымінальнай справы».
Следства ў справе аб «Злосным непадпарадкаванні» працягнулі да 13 верасня. У межах гэтага следчы вырашыў зладзіць зняволенаму псіхіятрычную экспертызу. Ці рабілі яе, жонка не ведае.
Фігурант той жа крымінальнай справы Ягор Яўстратаў таксама скардзіцца на ціск у калоніі, расказала «Вясне» яго сястра Дар’я.
Зняволенага накіравалі ў папраўчую калонію № 1 адбываць тры гады і два месяцы. Яго там змясцілі ў памяшканне камернага тыпу на максімальны магчымы тэрмін у паўгода. Тройчы яго выпраўлялі ў штрафны ізалятар: аднойчы за тое, што «ў вопісы не хапае адной цыгарэты». Спатканні, лісты і тэлефанаванні яму забаранілі.
Таксама ў суд накіравалі матэрыялы справы аб змене агульнага рэжыму на строгі. Ягор ужо паспеў адмовіцца ад адваката на гэтым судзе, што выклікае ў родных сумневы наконт добраахвотнасці такога рашэння, піша «Вясна».
АА belsat.eu