Музыкі Уладзімір і Надзея Калачы з’ехалі з Беларусі. Як паведамляецца на старонцы гурта «Irdorath» у Instagram, яны ў бяспецы ўжо два тыдні. Сужэнцы вызваліліся ў красавіку пасля адбыцця двухгадовага тэрміну ў калоніі. Прысуд ім вынеслі паводле «народнага» артыкулу.
Два тыдні таму ўдзельнікі гурта «Irdorath» Уладзімір і Надзея Калачы з’ехалі з Беларусі. Паведамленне пра гэта з’явілася ў акаўнце калектыву ў Instagram:
«Калі ласка, выбачайце, што мы не паведамілі вам адразу: было шмат пытанняў, якія давялося развязваць, шмат чаго зладзіць, і было багата эмоцыяў».
Таксама гурт падзякаваў усім за падтрыманне.
Уладзімір і Надзея Калачы былі асуджаныя на 2 гады паводле абвінавачвання ва «удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». У красавіку яны цалкам адбылі тэрмін і выйшлі на волю.
Пяцярых музыкаў «Irdorath» затрымалі ў жніўні 2021 года. Антон Шніп, а таксама Юлія і Пётр Марчанкі былі асуджаныя на 1,5 года калоніі. Яны вызваліліся летась у кастрычніку.
У Instagram-допісе адзначана: «УСЕ нашыя сябры ў бяспецы». Імаверна, гэта азначае, што ўсе ўдзельнікі гурта цяпер за мяжою.
«Віною» музыкаў «Irdorath» сталася тое, што яны выходзілі на мітынгі ў 2020 годзе і выконвалі песні Віктара Цоя.
Сяргей Крот belsat.eu