Асуджаны на 14 гадоў зняволення палітык Мікола Статкевіч знаходзіцца ў медычнай частцы. Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч.
Яна распавяла, што 23 лістапада да палітвязня не пусцілі адваката, патлумачыўшы гэта клопатам аб яго здароўі.
«Мікалай – у медсанчастцы. У яго пнеўманія. Пасля трох ранейшых кавідаў. Я не хвалююся – я крычу», – адзначыла жонка палітвязня.
Марына Адамовіч паведаміла, што пра тое, што «падчапіў нейкі вірус», Мікола Статкевіч пісаў ёй у лісце яшчэ ад 10 лістапада. Пры гэтым ён паведаміў, што на наступны дзень мусіць зноў накіравацца ў ШІЗА.
«У санчастцы Мікалай нядаўна, усяго пару дзён. Вось я і думаю, дзе ён правёў папярэднія, мінімум, 10? Верагодна, у ШІЗА», – мяркуе жонка палітыка.
Яна таксама адзначыла, што перад тым як размясціць чалавека ў ШІЗА, доктар абавязаны засведчыць, што стан здароўя дазваляе яму там знаходзіцца:
«Што трэба было рабіць гэтыя два тыдні, наколькі трэба было ігнараваць стан чалавека, каб ён, у выніку, апынуўся ў медсанчастцы? І якім «кранальным» мусіць быць клопат пра яго здароўе зараз, каб не пусціць да яго адваката?»
Мікола Статкевіч знаходзіцца за кратамі амаль 2,5 гады. 14 снежня 2021 года яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. У канцы чэрвеня быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.
Якуб Хруст belsat.eu