Вечарам 23 лютага па сацыяльных сетках пайшлі чуткі аб збітым украінскімі сіламі расейскім самалёце А-50У. Камандуючы Паветранымі сіламі ЗСУ Мікалай Аляшчук пацвердзіў: самалёт збіты. Ён таксама павіншаваў расейскіх вайскоўцаў з савецкім Днём абаронцаў айчыны.
Паводле камандуючага Паветранымі сіламі, збіццё самалёта забяспечыла Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны і іншыя. ГУР у сваю чаргу падзякавала Паветраным сілам і пацвердзіла, што збіты апарат – А-50У.
Згодна шматлікім паведамленням украінскіх і расейскіх рэсурсаў, самалёт збілі ў раёне Азоўскага мора, ён упаў у Краснадарскім краі. Шэраг відэа падзення і пажару знялі відавочцы.
На адным з відэа сведка кажа, што выбух адбыўся ля хутара Трудавая Арменія. Дзяжурна-дыспетчарская служба Канаеўскага раёну Краснадарскага краю паведаміла 23 лютага, што ля такога хутара было падзенне двух лятучых апаратаў, пацярпелых сярод жыхароў хутара няма. Гэтае паведамленне перадаюць і буйныя расейскія дзяржаўныя медыі.
А-50 – рэдкі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання, які можа каштаваць больш як тры сотні мільёнаў долараў. Агулам іх, паводле незалежных ацэнак, у Расеі было сем на пачатак 2023 года.
Мінулы раз А-50 збілі над Азоўскім морам 14 студзеня 2024 года. У лютым 2023 года яшчэ адзін з такіх самалётаў быў пашкоджаны на аэрадроме ў Мачулішчах у Беларусі. Калі лічыць, што самалёт з Мачулішчаў парамантавалі, у Расеі застаецца пяць А-50.
Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за ўвесь час поўнамаштабнай вайны ва Украіне Расея страціла 339 самалётаў, 325 верталётаў, яшчэ тысячы адзінак наземнай тэхнікі і 408 тысяч чалавек. Расея свае страты даўно не называе і часцей за ўсё не прызнае.
Фота вокладкі: Anatolii Stepanov / AFP / East News
Алесь Наваборскі belsat.eu