Сталі вядомыя новыя падрабязнасці дыверсіі ў Мачулішчах


Ініцыятыва былых сілавікоў «BYPOL» адказала на закіды прапагандыстаў наконт дыверсіі з расейскім самалётам А-50 у Мачулішчах. У амаль дваццаці хвілінным відэа «BYPOL» абвяргаюць і каментуюць самыя спрэчныя моманты, звязаныя з пытаннямі: ці сапраўды быў пашкоджаны самалёт і каго вінавацяць у здзяйсненні падрыву?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На мэце ў дыверсантаў быў зусім не самалёт, а яго радыёлакацыйная сістэма. Яе і пашкодзілі. Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў заўважае, што ўжо паўтара месяца А-50 не выконвае сваіх задачаў. Пра тое, што лятак вывелі з баявой эксплуатацыі, кажа і тое, што тэрыторыю Беларусі пакінулі тры расейскія МіГ-31К – носьбіты звышгукавой ракеты «Кінжал». Без самалёта радыёлакацыйнага выяўлення іх магчымасці абмежаваныя.

«Падбіты самалёт па дурасці, скажам так, паляцеў у Таганрог. А ў Таганрогу вырабляюць гэтыя самалёты. І ён сышоў туды на сур’ёзны рамонт. Калі б былі нейкія дробныя пашкоджанні, то запрасілі б інжынераў і зрабілі б на месцы. Ці зляцеў бы ў Іванава, паўночней Масквы, дзе яны там базуюцца, у іх гняздо там», – паведаміў лётчык-выпрабавальнік Аляксандр Ліхадзед.

Затрыманні нібы датычных да дыверсіі пачаліся амаль адразу ж пасля падзеі. У фільме, які апублікавалі на праўладным тэлеканале ОНТ, схематычна расклалі адшуканых дыверсантаў. Праўда, у схеме – толькі 10 чалавек. КДБ ж агучыў лік асобаў, якія праходзяць у справе, – гэта 30 чалавек. І нібы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванаю групаю» ім пагражае смяротнае пакаранне. Вось толькі «BYPOL» кажа, што сілавікі затрымалі выпадковых людзей, якія кантактавалі з галоўным фігурантам справы Мікалаем Швяцом.

«Ніводны з фігурантаў фільму не ведаў пра планы падрыву ваеннага самалёта. Гэта значыць, ніякага прыступнага намеру яны не мелі і членамі арганізаванай злачыннай групоўкі, а тым больш здраднікамі Радзімы, не зʼяўляюцца», – заявіў кіраўнік ініцыятывы былых сілавікоў «BYPOL» Аляксандр Азараў.

У выпадку ж, калі фігурантам справы і стала па факце вядома пра здзяйсненне дыверсіі, ім можа пагражаць да двух гадоў пазбаўлення волі за неданясенне або ўкрывальніцтва злачынца.

«У астатніх герояў фільму ўвогуле ніякага складу злачынства няма, так што пагроза для іх з боку КДБ абсалютна незаконная», – дадаў Аляксандр Азараў.

Наколькі ж затрыманыя могуць мець дачыненне да беларускага падполля, можна меркаваць па адным з затрыманых. Дзяніс Сакалоў быў заўважаны ў сувязях са старэйшым сынам Ірыны АбельскайДзмітрыем. Ён жа, паводле інфармацыі кіберпартызанаў, у 2020 годзе даносіў у міліцыю на людзей, што перафарбоўвалі лаўкі ў бел-чырвона-белыя колеры.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»