У Менску 21 чэрвеня аднавіў працу візавы цэнтр Іспаніі, аднак вольныя месцы для падачы пакуль разабралі. Пра гэта паведамляе партал «Точка».
21 чэрвеня візавы цэнтр выставіў першыя даты для запісу на падачу віз, але іх вельмі хутка, практычна ўсё, разабралі праграмісты для візавых агенцтваў.
«Вельмі вялікі попыт на Іспанію, а месцаў пакуль вельмі мала. Так, многія заяўнікі [да адкрыцця візавага цэнтру] падавалі заяўкі ў [візавыя] агенцтвы», – падзяліліся спецыялісты турагенцтва.
На сайце цэнтру пазначана, што ён адчыніўся ў офісе па вул. Талстога, д. 8, корп. 2, паверх 2. Час прыёму ў цэнтры ў 9 да 16 гадзін, а выдачы пашпартоў – з 12 да 16 гадзін.
Пасля аднаўлення працы візавага цэнтру Іспаніі ў Менску тэрміны гатоўнасці візы не павінны моцна змяніцца: консульства, якое прастаўляе візавыя налепкі, усё роўна знаходзіцца ў Маскве. Прыкладна гэта зойме два тыдні.
Нагадаем, іспанскі візавы цэнтр перастаў прымаць кліентаў у сакавіку 2022-га, а ў красавіку і зусім заявіў аб сваім закрыцці. Прычынай назвалі непагашаныя запазычанасці цэнтру перад уласнікам офісу. Уладальнік памяшкання і візавы цэнтр некалькі разоў спрабавалі вырашыць пытанне, але беспаспяхова.
Алена Рувіна belsat.eu