Намесніца дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Амерыкі ў пытаннях грамадзкай бяспекі, дэмакратыі і правоў чалавека Узра Зэя сустрэлася анлайн з беларускімі спартоўцамі ды прадстаўнікамі Беларускага фонду спартовай салідарнасці.
Прадстаўнікі БФСС расказалі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі агулам і з правамі спартоўцаў у прыватнасці.
Спадарыня Узра Зэя выказала захапленне мужнасцю беларускіх атлетаў, якія зазналі рэпрэсіі за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў. І заявіла пра рашучае падтрыманне Злучанымі Штатамі дэмакратычных памкненняў беларускага народу і важнасць прыцягнення да адказнасці асобаў, вінаватых у злачынствах супраць беларусаў у краіне ды за мяжою.
Удзельнікі спаткання дамовіліся выпрацаваць набор інструментаў дапамогі беларускім спартоўцам (стыпендыі, стажаванні і навучанне), а таксама захадаў медыйнага падтрымання дзейнасці фонду. Больш падрабязна пра планы супрацы ўдзельнікі не паведамляюць.
Паводле выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Апейкіна, абвяшчаць пра гэта пакуль дачасна. Ёсць шмат канфідэнцыйнай інфармацыі. Праца толькі пачалася, і дзеля эфектыўнасці супольных дзеянняў вельмі важна не раскрываць усіх картаў.
Аляксандр Пуціла, Белсат