Пасля паўтара месяца ў зняволенні гарадзенскі панк-музыка Ігар Банцэр – «у цяжкім маральным і фізічным стане», распавялі «Медиазоне» ягоныя блізкія.
Былога палітычнага вязня Ігара Банцэра затрымалі 4 жніўня, выламаўшы дзверы ў ягонай гарадзенскай кватэры, а пасля павезлі ў Менск. Таксама сілавікі знялі з ім «пакаяннае відэа». Аўтары праўладнага тэлеграм-каналу «Сводки центра», дзе з’явілася відэа з музыкам, сцвярджалі, што супраць яго могуць пачаць справу аб распальванні варожасці (артыкул 130 КК).
У выніку на музыку склалі тры пратаколы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП), паводле кожнага суд прызначыў яму па 15 содняў арышту. У суме Банцэра прыгаварылі да 45 содняў арышту.
У сакавіку 2021 года Ігара Банцэра прыгаварылі да 1,5 года «хіміі» ў справе аб хуліганстве (артыкул 339 КК) за танец у стрынгах перад міліцэйскаю машынай. У жніўні 2021-га яго адправілі ў штрафны ізалятар на 40 содняў за нібыта парушэнне парадку, а ў канцы верасня суд пастанавіў перавесці музыку ў калонію. Аднак праз месяц яму зноў змянілі ўмовы ўтрымання пад вартай і вярнулі на «хімію». Тады пракурор папрасіў адмяніць рашэнне суда і накіраваць пастанову аб замене пакарання на новы разгляд праз юрыдычныя парушэнні.
17 снежня Ігар Банцэр адбыў пакаранне і выйшаў на волю.
Алена Рувіна belsat.eu