Старшыня Следчага камітэту Беларусі Дзмітрый Гара заявіў, што следчыя дакументуюць усе спробы ўцягнуць беларусаў у ЗСУ. Вайскоўцаў суседняй краіны ён назваў «нацысцкімі фармаваннямі», піша прэсавая служба СК.
Дзмітрый Гара распавёў пра тое, што нібыта фіксуюць спробы ўцягнуць беларусаў у «нацысцкія фармаванні» ва Украіне. Паводле яго, Следчы камітэт займае сваё месца ў сістэме забеспячэння нацыянальнай бяспекі і «працуе над перадухіленнем і лакалізацыяй розных пагрозаў». Паводле логікі старшыні СК, удзельнікі «нацысцкіх фармаванняў» рыхтуюцца да «сілавога захопу ўлады і кровапраліцця на нашай зямлі».
Узгадаў Дзмітры Гара і «справу «TUT.BY».
«Справа «Тут Бай Медыя» ў бліжэйшы час будзе перададзеная пракурору для накіравання ў суд. Шэраг фігурантаў падалі прашэнне аб вызваленні іх ад крымінальнай адказнасці за ўчыненне падатковых злачынстваў. Дакладныя лічбы шкоды я цяпер называць не магу, але гэта вельмі значная сума. Але шкоду кампенсавалі, і кампенсавалі ў кратным памеры», – падкрэсліў Дзмітрый Гара.
Таксама кіраўнік сілавога ведамства распавёў пра чарговае спецыяльнае вядзенне у дачыненні прадстаўнікоў апазіцыі. Завочныя суды будуць разглядаць справы Сцяпана Пуцілы, прадстаўнікоў «BYPOL» і людзей, якія далучыліся да гэтай арганізацыі.
«У тым ліку і здраднік Лупаносаў, які праходзіў службу ў праваахоўных органах. І ў канчатковым выніку здзейсніў здраду дзяржаве, здрадзіў і дзяржаве, і народу», – падкрэсліў Гара.
Пры гэтым кіраўнік СК распавёў, што згаданыя ім прозвішчы – гэта толькі асноўныя фігуранты справаў «экстрэмісцкай накіраванасці».
Алена Аляксандрава belsat.eu