Небывалыя заробкі і аб’ёмы экспарту, рост прыбытку прадпрыемстваў і скарачэнне колькасці стратных арганізацыяў – такі аптымізм выпраменьваў на пасяджэнні Савету міністраў 17 траўня кіраўнік урада Раман Галоўчанка. «Белсат» спытаў у эканаміста Льва Львоўскага, ці сапраўды ў эканоміцы ўсё добра.
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што сярэдні заробак у Беларусі дасягнуў рэкорднага паказніка: 1731 рубель.
«Мы выйшлі на станоўчы тэмп росту рэальных даходаў насельніцтва, што за першы квартал сёлета перавысіў 100%. Рэальны заробак вырас амаль на 2%. Сярэдні заробак у студзені – сакавіку склаў 1731 рубель, або 642 долара, што з’яўляецца рэкордным паказнікам для Беларусі», – сказаў Галоўчанка на сённяшнім пасяджэнні Савету міністраў, дзе падводзіліся вынікі першага квартала.
Сярэдняя пенсія ў траўні, паводле ягоных звестак, складзе 705 рублёў. Рост год да года – 21%.
Інфляцыя «дзякуючы захадам урада і Нацбанку» за чатыры месяцы сёлета знізілася да 4,7%.
Яшчэ з поспехаў – станоўчае сальда вонкавага гандлю (243 млн долараў за першы квартал), «максімальны за апошнія 10 гадоў аб’ём экспарту тавараў і паслугаў»: 11,7 млрд долараў за студзень – сакавік.
Усё добра, паводле Галоўчанкі, і з прыбыткам прадпрыемстваў, што вырас у першым квартале на 25% да 4,7 млрд рублёў. Стратных арганізацыяў паменела на 86, а сума чыстай страты ў іх скарацілася на 27%.
«Адноўлены леташні ўзровень таваразвароту рознічнага і аптовага гандлю», – рэзюмаваў кіраўнік урада.
Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў: агулам прэм’ер мае рацыю.
«Сапраўды, эканоміка пачала паціху аднаўляцца. Мы можам канстатаваць: дзеянне шоку, што прыйшоў разам з санкцыямі 2022 года, скончылася ў тым сэнсе, што новых негатыўных навінаў не прыходзіць, як, зрэшты, і пазітыўных. Таму падзенне спынілася, і цяпер у нас такая фаза млявага аднаўлення», – сказаў Львоўскі.
Ён канстатаваў, што цяперашнія ўлады далі рады з пошукам новых лагістычных ланцужкоў (у асноўным праз Расею), знайшлі новых пастаўнікоў імпартных тавараў. «Так ці інакш крызісныя моманты ў асноўным пераадолелі. Таму эканоміка прыстасавалася да санкцыяў, і цяпер мы бачым такі сярэдні рост», – заўважыў эксперт.
Калі ў нафтаперапрацоўванні, паводле ўскосных звестак, сітуацыю атрымалася больш-менш выправіць, то з каліем не ўсё так радасна. Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што цяпер экспартуецца блізу 60-70% ад дасанкцыйных і даваенных аб’ёмаў.
«А ў дрэваапрацоўванні, напрыклад, праблемы не развязаныя, там таксама былі накладзеныя сурʼёзныя санкцыі, і таксама праблемы з лагістыкай. Але драўніна – не такая высокамаржынальная прадукцыя, і праблемы з лагістыкай працягваюць забіваць нашае дрэваапрацоўванне», – адзначыў Львоўскі.
Стала падае IT-галіна, прычым тэмпы падзення толькі павялічваюцца:
«У цяперашнім красавіку дабаўленая вартасць сектару была на 19,5% менш, чым у леташнім. Крызіс у IT пакуль што працягваецца. Гэта яшчэ не дно. IT будзе ісці насуперак усёй астатняй эканоміцы».
Рэальнае становішча ў гэтай сферы ацаніць складана, бо статыстыку хаваюць. Як сказаў эксперт, гэта ўлюбёны спосаб барацьбы з любой негатыўнай інфармацыяй.
Дагэтуль у мінусе транспартная галіна. Паводле звестак Белстату, у першым квартале сёлета год да года перавозкі пасажыраў выраслі на 14,3%, а грузаў – упалі на 30,3%.
Галоўны прырост цяпер дае перапрацоўчая прамысловасць, падкрэсліў Леў Львоўскі:
«У сакавіку яна вырасла на 10,5% да узроўню сакавіка мінулага году. Тут, вядома, ёсць эфект нізкай базы, бо ў сакавіку летась яна падала на 7,5%. Адносна 2021 года перапрацоўчая прамысловасць вырасла на 3%».
Аднак і ў гэтым поспеху маецца кропля смуроду: запасы на складах.
«Нераспрададзеныя складскія запасы пачалі расці ад пачатку года, і яны знаходзяцца на лакальных гістарычных максімумах. Гэта значыць, што частка пазітыву насамрэч ляжыць на складах, і за яе яшчэ ніхто не заплаціў. Калі лагістыку наладзяць і гэта ўсё распрададуць, то ўсё будзе добра, як гэта было ў 2021 годзе. Калі не – будзе дрэнна», – папярэдзіў эканаміст.
Беларускую эканоміку цяпер ратуе Расея: велічэзны рынак, адтэрміноўка крэдытаў, дапамога ў лагістыцы. У кароткатэрміновай перспектыве – спрэс плюсы.
«У доўгатэрміновай перспектыве ў расейскай эканоміцы ўсё тыя ж праблемы. Яна і да вайны ў сярэднім расла на 1% на год. З вайною і ўсімі санкцыямі перспектывы Расеі не паляпшаюцца, а мы сябе ўсё больш і больш прывязваем менавіта да гэтай эканомікі», – звяртае ўвагу Львоўскі.
Ён канстатуе, што Беларусь не дыверсіфікуе эканоміку, і на Расею цяпер выпадае 70% усяго нашага экспарту.
«Гэта азначае, што, калі краіна, куды мы экспартуем 70% усяго, не расце, то і мы расці таксама не будзем. Плюс калі вы ўсё прадаяце толькі аднаму пакупніку, ён, натуральна, мае над вамі эканамічную ўладу, становіцца пакупніком-манапалістам. Гэта значыць, Расея можа нечага патрабаваць з нас за свае паслугі, за сваю дапамогу», – падсумаваў эксперт.
Сяргей Крот belsat.eu