Мадэрнісцкая аднапавярховая савецкая пабудова – частка даўняй школы – стаяла пустая, але 1 чэрвеня 2021 года сюды пераехаў беларускі фонд «Жыве». Будынак школы вылучыла варшаўская мэрыя праз Міністэрства адукацыі. За фондам «Жыве» крыецца склад FreeShop Partyzanka, які юрыдычны статус хоць і атрымаў блізу чатырох месяцаў таму, але працуе з моманту актыўных пратэстаў у 2020 годзе. Арганізаваны тады склад з гуманітарнай дапамогай, прызначаны для бежанцаў з Беларусі, зараз дапамагае і ўцекачам з Украіны.
На ўваходзе ў FreeShop Partyzanka – рэгістрацыйны пункт. Першы тыдзень ад пачатку вайны Расеі супраць Украіны ўцекачы прыходзілі на склад за рэчамі ўвесь час. Таму 6 сакавіка каманда ўвяла рэгістрацыйны пункт для кантролю за патокам людзей. Аказалася, што такія спісы дапамагаюць шукаць сваякоў і сяброў, якія зніклі. Як у праграме «Жди меня».
Соф’я, якая рэгіструе людзей, – мікрабіёлаг у нямецкім інстытуце ў Марбургу. З-за паправак у Канстытуцыі дзяўчына мусіла працягваць навучанне ў Беларусі, нягледзячы на жаданне зʼехаць на магістратуру ў еўрапейскім універсітэце. Таму ў 2015 годзе яна проста зʼехала, не адпрацоўваючы размеркаванне на біяфаку БДУ. З 2020 года Сафія лічыцца невыязной з Беларусі з-за судовага працэсу па нявыплаце сумы эквівалентам амаль 12 000 еўра за адмову ад размеркавання.
— З калегамі з Нямеччыны папрасілі ў Partyzankі спіс неабходных рэчаў. Нагрузілі машыну і прыехалі ў Варшаву. Калегі з’ехалі, а я засталася на тыдзень пабыць валанцёрам, – распавядае Софʼя.
Пасля рэгістрацыі людзі трапляюць у пакой, дзе выдаюць прадукты харчавання. У ёй ужо тыдзень валанцёрыць Вадзім, былы транспартны лагіст і прадпрымальнік, які цяпер працуе на складзе транспартнай кампаніі ў Лодзі. Каб дапамагаць у Freeshopʼe, ён узяў адпачынак.
— Жанчына мінералку браць не хацела, бо ваду з газам не п’е, другая прасіла вегетарыянскія бутэрброды, – распавядае пра працу Вадзім. – Першай параіў узяць тое, што ёсць, і выпусціць газ, а другой – аддаць мяса з бутэрбродаў мне.
Бытавой хіміяй у Freeshopʼe загадвае Юля – былая тынкоўшчыца з дыпломам псіхолага з Горадні. Пасля адʼезду з Беларусі ў 2020 годзе у Варшаве яна зарабляе на жыццё манікюрам.
— Кліенткі тэлефануюць, скардзяцца, што пазногці адраслі. А што я зраблю? Побач з намі вайна, а яны пра пазногці думаюць, – таксама скардзіцца Юля. Паводле яе, на складзе перыядычна заканчваюцца шампуні, кандыцыянераў для валасоў наогул ніколі не было, скрынка з гелямі для душа таксама часта пусцее. Амаль пустая.
Да нашай з Юляй размовы далучаецца Вадзім.
– Стаміўся. Нібыта абняцца з некім хачу, а на самай справе трэба абаперціся на чалавека – ногі ўжо не трымаюць, – уздыхае ён.
Стамляюцца тут усе. Акрамя дапамогі прадуктамі і рэчамі, многія валанцёры выслухоўваюць гісторыі тых, хто прыходзіць у FreeShop. Часам справіцца з сітуацыяй псіхалагічна нашмат больш складана, чым фізічна вытрымаць працу. Я і сама стала сведкай такой сітуацыі.
– Прыгожа, але ў мяне ж дома ўсё ёсць! – пачынае плакаць пажылая жанчына Таццяна, якая прыйшла на склад за баваўнянай майкай. У Варшаву жанчына прыехала з дачкой і двума ўнукамі з Кіева. Яе зяць – вайсковец, застаўся ў сталіцы, а старэйшы ўнук ваюе ў раёне Адэсы.
Пакой з адзеннем, абуткам, пасцельнай бялізнай і цацкамі – адзін з самых вялікіх на складзе. Пасярэдзіне стаяць стэлажы, якія складзе падарылі польскія прадпрымальнікі. Пад вагой рэчаў стэлажы не вытрымліваюць і ламаюцца – валанцёры пастаянна фіксуюць іх скотчам. Гэтым памяшканнем загадвае Аня, былая інжынер у навукова-даследчым інстытуце ў БДУ, якая прыехала Варшаву ў верасні 2021 года з дачкой. Амаль адразу ж прыйшла пабыць валанцёрам на складзе.
Асобны пакой прызначаны для сартавання рэчаў. Напрыклад, ужо ёсць скрынкі з адзеннем для хлопчыкаў 1-10 гадоў, хлопцаў 10-15 гадоў, дзяўчынак 1-10 гадоў, дзяўчынак 10-15 гадоў.
«Бачыш хаос – разбяры» – галоўны дэвіз склада, – смяюцца валанцёры.
Валанцёраць на складзе розныя людзі. Я пазнаёмілася з Валерам – пілотам знішчальніка на пенсіі, які цяпер працуе ў кампутарнай кампаніі на поўдні Францыі. Ён прыляцеў у Варшаву 3 сакавіка, каб адсюль ехаць ваяваць ва Украіну, але не прайшоў па ўзросце. Зараз дапамагае на складзе амаль штодня.
Галоўная кіруючая складам – Лена. Яна былая адміністратарка ў банку і студэнтка ўніверсітэту ў Лодзі. З Freeshop’ам ёй дапамагае спраўляцца яе малады чалавек Дзмітрый [імя змененае – рэд.]. Працы столькі, што яны начуюць у падвале склада.
– Мне да хаты ехаць гадзіну толькі ў адзін бок. Лішняя гадзіна тут – імавернасць, што ты ў прамым сэнсе выратуеш камусьці жыццё, – кажа Лена. Фонд «Жыве» яна жартам называе прыдуркамі. – За першы год існавання Freeshopʼа мы жылі на зберажэнні [Дзіма кінуў працу для валанцёрства – рэд.], з уласнай кішэні замаўлялі пагрузачныя машыны, адпраўлялі тавары… на дзейнасць склада грошай ніхто не збіраў: хто што прынясе, то ў нас і ёсць. Цяпер мы амаль на мелі. Добра, што сябры параілі стыпендыяльную праграму на тры месяцы, зараз у нас ёсць хоць маленькая, але грашовая падтрымка. Так і выжываем.
Цяпер у Freeshop’е не хапае трывалых стоек для адзення – пластыкавыя не вытрымліваюць нагрузку; пераноснай электрычнай пліты – работнікі склада сілкуюцца сухпайком. У пастаянным дэфіцыце прадметы бытавой хіміі (станкі, шампуні, крэмы для цела, гелі для душа і г. д.), прадукты харчавання, пасцельная бялізна і абутак. Няма праблем з адзеннем і мяккімі цацкамі.
У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвясціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай вайсковай аперацыяй») з мэтай «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны.
27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» для апраўдання агрэсіі супраць Украіны.
Чытайце таксама:
«Сама сплю ў гатэлі». Беларуска з Любліна аддала свой дом пад прытулак для ўцекачоў
За 5 дзён – больш за 3,5 тыс. тонаў гуманітарнай дапамогі. Як Украіну падтрымлівае Еўропа
ЯП, Саша Альтэр belsat.eu