Палітолаг: Увядзенне контртэрарыстычнай аперацыі можа быць рыхтаваннем да мабілізацыі


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Макей 14 кастрычніка заявілі, што ў Беларусі ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Але ў КДБ зняпраўдзілі гэтую інфармацыю. Палітолаг Дзмітрый Балкунец у размове з «Белсатам» выказаў меркаванне, што ў любым выпадку грамадзянам краіны трэба быць асцярожнымі, бо рэжым Лукашэнкі можа зладзіць у краіне тэракты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

14 кастрычніка Уладзімір Макей распавёў, што ў Беларусі ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, потым гэтыя словы пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка. Але крыніцы ў КДБ сведчаць, што спецслужбаў яна не датычыць.

Паводле палітолага Дзмітрыя Балкунца, такім чынам улады спрабуюць зладзіць схаваную мабілізацыю. Мажліва, пад выглядам гэтай анансаванай кампаніі будуць маніторыць палітычную і вайсковую актыўнасць:

«Я думаю, што будуць выклікаць на вайсковыя зборы грамадзянаў краіны. Асабліва тых, хто жыве ў раённых цэнтрах, наўрад ці будуць чапаць жыхароў сталіцы. Але з улікам таго, што цяпер завяршылі сельскагаспадарчыя працы, могуць актыўна прызываць працаўнікоў аграрнай сферы, каб узяць удзел у так званых фільмах, якія стварае КДБ. Бо заява КДБ, што толькі яны могуць абвесціць контртэрарыстычную аперацыю, цалкам упісваецца ў іх логіку. Раней жа Церцель распавёў, што будуць нейкія тэракты і выбухі. Магчыма, Уладзімір Макей ведаў пра гэтую гісторыю і вырашыў раней распавесці пра гэта, мажліва, што да словаў Макея меліся адбыцца нейкія тэракты, а ягоная заява была заўчасная. Але ў любым выпадку грамадзянам краіны трэба быць вельмі асцярожнымі».

Hавiны
Лукашэнка двойчы выказаўся пра «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі». Ясней не стала
2022.10.14 18:44

Палітолаг адзначае, што словы пра контртэрарыстычную аперацыю маглі быць сказаныя Макеем проста мімаходзь і вырваныя з кантэксту. Цалкам магчыма, што ён быў удзельнікам нейкай нарады, падчас якой сілавы блок абмяркоўваў гэтую тэму. Таму свядома ці несвядома, але Макей агучыў гэтую тэму. Але ў любым выпадку гісторыя такой спецаперацыі была ўзгодненая Лукашэнкам з Пуціным або беларускімі і расейскімі сілавікамі. З улікам таго, што большасць насельніцтва Беларусі не падтрымлівае вайны, слова «мабілізацыя» будзе ў краіне забароненым, таму і выдумваюць іншыя азначэнні. Раз трэба зладзіць мабілізацыю, насельніцтва неабходна ўзбадзёрыць.

«А зрабіць гэта магчыма з дапамогаю тэракту. Напрыклад, учыніць выбух на якім-небудзь старым мосце ў якімсьці паселішчы або пусціць пад адхон цягнік, а потым заявіць, што гэта правакацыя ворагаў, украінцаў, натаўцаў, ці як яны там кажуць. Вядома, што такі тэракт хутка расследуюць і знойдуць вінаватых, якіх можна потым пакараць. Можа быць любая гісторыя, пагатоў улады Беларусі шмат пра гэта кажуць. А раз кажуць, то значыць, што яны самыя гэта робяць. Бо іншых сілаў, якія б маглі ўчыніць тэракты, няма. А наступствамі такіх «тэрактаў» станецца спецаперацыя, рэжым контртэрарыстычнай аперацыі», – разважае Балкунец.

Пры гэтым палітолаг звяртае ўвагу. Паглядзеўшы на сітуацыю ў краіне, мы бачым, што КТА ў краіне трывае ўжо больш за два гады. Законы для ўладаў не маюць значэння, яны робяць што хочуць, палохаюць людзей:

«Я думаю, што, калі б агучылі мабілізацыю, насельніцтва Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Меншчыны проста паехала б да мяжы. І так вельмі шмат беларусаў выехала за мяжу, таму тыя захады, якія яны плануюць увесці для абмежавання выезду за мяжу, таксама скіраваныя на тое, каб спыніць хвалю чарговай міграцыі, прычым масавай. Яны ж бачылі, як гэта адбываецца ў Расеі».

Калі беларусаў пад прымусам будуць заганяць у войска, гэта можа ўскалыхнуць краіну, мяркуе Дзмітрый Балкунец. Лукашэнка разумее гэтыя рызыкі: гэта можа настолькі ўдарыць па ім, што давядзецца самому ўцякаць з краіны.

Аб’ектыў
Што на самай справе азначае рэжым контртэрарыстычнай аперацыі? Меркаванні экспертаў падзяліліся
2022.10.14 23:11

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў