Агулам прашэнняў аб прытулку ад мігрантаў, якія нелегальна перайшлі беларуска-літоўскую мяжу, цяпер 2604, іх разгляд працягваюць.
Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце дала справаздачу пра захады, якія Літва прыняла супраць хвалі нелегальнай міграцыі праз беларускую мяжу, якую яна называе гібрыднай атакай з боку Беларусі.
Паводле Білатайце, цяпер сітуацыя на мяжы стабілізавалася, «нягледзячы на высілкі недэмакратычнага рэжыму суседняй краіны ў выкарыстанні нелегальнай міграцыі ў якасці інструменту палітычнага ціску».
Міністарка згадала, што ад 2 ліпеня ў Літве абвясцілі надзвычайнае становішча, якое паскорыла працэдуры ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і адкрыла доступ да дзяржаўных рэзервовых фондаў. Ад Еўракамісіі Літва атрымала 37 млн еўра экстранай дапамогі і гуманітарную дапамогу Еўразвязу, але ў верасні збіраецца прасіць дадатковую фінансавую падтрымку, у тым ліку на зімовае жытло для мігрантаў.
Таксама былі ўнесеныя папраўкі ў законы аб прававым становішчы замежнікаў і аб вайсковай службе, быў прыняты адмысловы закон адносна фізічнага бар’еру на мяжы з Беларуссю. Той бар’ер збудавалі на 25 км самых важных участкаў мяжы, плануюць збудаваць звыш 500 км.
Са жніўня Літва вырашыла разварочваць у Беларусь мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у краіну нелегальна. Не дапусцілі ў Літву каля 2400 чалавек.
На сярэдзіну верасня з тых мігрантаў, якія ўсё ж трапілі ў Літву, 2604 падалі хадайніцтвы аб прытулку. Пакуль разглядзелі 570, усе адхілілі. Ці былі сярод адхіленых хадайніцтвы ад грамадзянаў Беларусі, не паведамляюць, аднак асноўная маса затрыманых мігрантаў называлася грамадзянамі арабскіх і афрыканскіх краінаў.
Яшчэ 130 чалавек добраахвотна вярнуліся з Літвы ў свае краіны (Літва прапануе фінансавую падтрымку тым, хто хоча сам вярнуцца).
АА belsat.eu