Паводле інфармацыі «Белсату» з некалькіх крыніцаў, футбалісты берасцейскага футбольнага клубу «Рух» ужо тры месяцы не атрымоўваюць заробак.
Клуб «Рух» з Берасця належыць бізнесоўцу Аляксандру Зайцаву. Супраць яго дзейнічаюць еўрапейскія санкцыі, яго называюць «гаманцом Лукашэнкі».
Раней Зайцаў уклаў вялікія грошы і ў іншы футбольны клуб – берасцейскае «Дынама». Але сёлета адмовіўся ад гэтай каманды – і яна зноў стала дзяржаўнай. У «Дынама» таксама ёсць праблемы з выплатамі заробкаў.
Месяц таму стала вядома, што з «Руху» звальняюць галоўнага трэнера Кірыла Альшэўскага, які адкрыта падтрымаў палітвязня, журналіста і футбаліста Александра Івуліна.
У Вышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі «Рух» ідзе на 4-м месцы пасля 22 матчаў. Вышэй за яго – менскае «Дынама», «Шахцёр» і БАТЭ. За ім – «Гомель» і на 6-м месцы берасцейскае «Дынама». За ўсе 22 гульні «Рух» меў толькі дзве паразы – ад «Шахцёра» і ад БАТЭ.
Заснаваны ў 2016 годзе на базе клубу заўзятараў берасцейскага «Дынама», «Рух» летась дэбютаваў у Вышэйшай лізе і адразу заняў 8-е месца.
АС belsat.eu