Землятрус у Турцыі і Сірыі ўвайшоў у топ-5 самых смяротных у XXI стагоддзі


Лютаўскі землятрус на мяжы Турцыі і Сірыі, у выніку якога загінулі больш як 30 тысяч асобаў у абедзвюх краінах, ужо ўвайшоў у топ-5 самых смяротных за XXI стагоддзі. Але колькасць ахвяраў яшчэ можа істотна вырасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына плача на абломках дому пасля землятрусу магнітудай 7,8 ў Хатай (Hatay), Турцыя.
Фота: Bulent Kilic / AFP / East News

Землятрус магнітудаю 7,8 здарыўся ўночы 6 лютага на мяжы Турцыі і Сірыі. За ім адбылося ўжо больш як 2100 афтэршокаў. Удары ад яго адчуваліся і ў суседніх краінах, у тым ліку ў Ліване і на Кіпры.

Гіганцкія разломы ў кары

Пасля землятрусу ўтварыліся разломы зямной кары, што трапілі на касмічную мапу са спадарожнікаў «Sentinel 2». Іх выявы падрыхтаваў брытанскі Цэнтр назірання і мадэлявання землятрусаў, вулканаў і тэктонікі (COMET). Зрушэнне разлому складае амаль 8 метраў.

Параўнанне здымкаў узбярэжжа Міжземнага мора да і пасля разбуральнага землятрусу паказала, што самы доўгі з двух разрываў цягнецца на 300 кіламетраў у паўночна-ўсходнім напрамку.

«Трэшчына ўтварылася ў выніку першага штуршка магнітудаю 7,8, які адбыўся а 4:17 паводле мясцовага часу. Другі разлом даўжынёю 125 км адбыўся падчас другога, больш мяккага землятрусу магнітудаю 7,5 прыблізна праз 9 гадзінаў», – піша «Space».

Прафесар Тым Райт, які ўзначальвае каманду COMET, мяркуе, што дзве расколіны ў зямлі незвычайна доўгія. Гэта сведчыць пра вялікую колькасць энергіі, якая вызвалялася пасля землятрусу.

«Чым мацнейшы землятрус, тым большы разлом, тым мацней ён ссоўваецца. Землятрус у Турцыі – адзін з самых працяглых за ўсю гісторыю назіранняў на кантынентах. Вельмі незвычайна, што два такія моцныя штуршкі адбыліся з розніцаю некалькі гадзінаў», – растлумачыў навуковец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абваленыя будынкі пасля землятрусу магнітудай 7,8 у Хатай (Hatay), Турцыя. 8 лютага 2023 года.
Фота: Demiroren News Agency / AFP / EAst News

Разломы выразна відаць на паверхні, яны праходзяць праз гарады і месцамі проста праз будынкі, дадаў даследнік COMET Мілан Лазэцкі.

Пяты паводле смяротнасці

На раніцу 13 лютага колькасць ахвяраў землятрусу перавысіла 34 900 асобаў. У тым ліку больш як 29 600 асобаў загінулі ў Турцыі і яшчэ не менш як 5300 у суседняй Сірыі.

Ратавальныя аперацыі трываюць ужо тыдзень. Пры гэтым яны ўскладняюцца зімовымі маразамі, якія памяншаюць шанцы людзей пад заваламі выжыць. Таксама паведамляюць пра «невядомыя групы», што перашкаджаюць ратаўнікам, і пра марадзёраў.

Агляд
Топ-10 самых смяротных землятрусаў ХХІ стагоддзя. Пасля іх раслі горы і з’яўляліся азёры
2023.02.07 18:51

Тым не менш ужо можна сказаць, што паводле колькасці ахвяраў землятрус увайшоў у топ-5 самых смяротных землятрусаў у XXI стагоддзі. Яго апярэджваюць толькі землятрусы 2005 года ў Пакістане, 2008-га ў Кітаі, 2010-га ў Гаіці і 2004-га ў Індыйскім акіяне, у якіх загінулі адпаведна ад 87 тысячаў да 228 тысяч асобаў.

Дасюль пяты радок сярод самых разбуральных паводле колькасці ахвяраў землятрусаў у гэтым стагоддзі займаў землятрус у Іране ў 2003 годзе, у якім загінулі 26–34 тысячы асобаў.

Вінаватыя будаўнікі?

Вялікая колькасць ахвяраў землятрусу можа быць выкліканая не толькі моцаю самой стыхіі, але і парушэннем правілаў будаўніцтва ў сейсманебяспечных рэгіёнах. Як піша CNN, улады Турцыі ўжо затрымалі шэраг асобаў, адказных за ўзвядзенне будынкаў, якія разбурыліся ў выніку катастрофы.

Пракуратура гораду Адану на поўдні Турцыі выдала загад пра затрыманне 62 асобаў. Гэтак, у Нікасіі на Кіпры затрымалі ўладальніка кампаніі, якая будавала разбураныя будынкі ў Адане.

Таксама затрымалі падрадчыка «Rönesans Residence» – шматпавярховага дому класу люкс, разбуранага землятрусам у правінцыі Хатай на поўдні Турцыі. Яго схапілі ў аэрапорце Стамбулу пры спробе вылецець у Чарнагорыю.

Яшчэ аднаго падрадчыка затрымалі ў Стамбуле за неналежнае правяранне апартаментаў «Bahar», што разбурыліся ў эпіцэнтры землятрусу ў Газі’антэпе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жалобныя прысутнічаюць на пахаванні кіпрскіх студэнтаў, якія загінулі ў выніку землятрусу, які абрынуўся на Турцыю. Фамагуста (Famagusta), Кіпр. 11 лютага 2023 года.
Фота: Birol Bebek / AFP / East News

Пры гэтым у 2018 годзе ўрад Турцыі апублікаваў шырокую праграму амністыі кампаніяў і асобаў, адказных за пэўныя парушэнні будаўнічых нормаў краіны. Выплаціўшы штраф, парушальнікі маглі пазбегнуць неабходнасці прывесці свае пабудовы ў адпаведнасць з правіламі. У стамбульскім аддзяленні Палаты горадабудаўнікоў заявілі, што 70–75 тысяч будынкаў у зоне, што пацярпела ад землятрусу, былі «амніставаныя».

Лічба ахвяраў будзе расці

Намеснік генеральнага сакратара ААН у гуманітарных пытаннях Марцін Грыфітс мяркуе, што ў выніку землятрусаў колькасць ахвяращ можа ўзрасці да 50 тысячаў ці нават больш, паведамляе «Sky News». Ён чакае, што будуць пацверджаныя яшчэ дзясяткі тысяч смерцяў.

«Я думаю, што гэта цяжка дакладна ацаніць, бо нам трэба дабрацца пад завалы, але я ўпэўнены, што гэты лік падвоіцца ці нават больш… Гэта жудасна. Прырода наносіць зваротны ўдар вельмі жорсткім чынам», – адзначыў Грыфітс пасля паездкі ў горад Кахраманмараш у Турцыі, эпіцэнтр першага землятрусу.

Паводле дыпламата, «мы яшчэ не пачалі падлічваць колькасці загінулых».

Разбор
Пагроза землятрусу: чаму ў Турцыі нікога не папярэдзілі
2023.02.08 19:38

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў