Услед за Лясной апякунчай радай (FSC), свае сертыфікаты для беларускіх і расейскіх пелетных і біяпаліўных прадпрыемстваў адклікае і міжнародная Праграма ўстойлівай біямасы (SBP). У выніку гэтыя прадпрыемствы чакае закрыццё.
У апошнія гады ў Беларусі ўлады пачалі развіваць пелетныя заводы. Беларускае паліва з драўніны актыўна набывала Данія, Нідэрланды, Вялікая Брытанія праз літоўскія і польскія пасярэдніцкія фірмы. Буйнымі спажыўцамі былі Японія і ЗША. У выніку гэты сектар узяў пад свой кантроль Лукашэнка.
Але пасля таго, як міжнародная Лясная апякунчая рада адклікала свае сертыфікаты, аналагічнае абмежаванне для беларускіх і расейскіх пелетных і біяпаліўных прадпрыемстваў уводзіць і Праграма ўстойлівай біямасы (SBP). У выніку гэтыя прадпрыемствы чакае закрыццё.
У Беларусі могуць знікнуць больш за 40 прадпрыемстваў гэтай галіны. Паводле звестак SBP, у Беларусі іх сертыфікаты маюць 42 пелетныя заводы.
Прычым пелеты і падобнае біяпаліва, у адрозненне ад дрэваапрацоўчай прадукцыі, амаль немагчыма пераарыентаваць на іншыя рынкі, напрыклад, азіяцкія ці блізкаўсходнія. Пелетныя катлы – папулярная справа толькі ў развітых заходніх краінах, дзе гатовыя набываць паліва толькі пры наяўнасці сертыфікату SBP.
ЛК belsat.eu