Праваабаронцы ў Нямеччыне стварылі паштовыя маркі з выявамі палітычных вязняў. Сярод іх таксама і два беларусы, піша DW.com.
Нямецкае аддзяленне Міжнароднай арганізацыі па правах чалавека распачало акцыю «Вельмі важныя маркі». Праваабаронцы стварылі серыю паштовых марак з выявамі палітычных зняволеных. У серыі таксама выява блогера Сяргея Пятрухіна і Святланы Купрэева са штабу Віктара Бабарыкі (яе вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе восенню 2021 году).
Праваабаронцы кажуць, што мэтаю кампаніі зʼяўляецца заклік пісаць лісты палітвязням, паколькі гэта сапраўднае падтрыманне вязняў. Арганізацыя лічыць, што пільная ўвага грамадства да палітычных зняволеных дапаможа перадухіліць катаванні за кратамі. Таму заклікае людзей не толькі часцей пісаць палітвязням, але і карыстацца іх маркамі. Праўда, яны пакуль распаўсюджваюцца толькі ў Нямеччыне.
У Беларусі цяпер праваабаронцы прызналі палітвязнямі 1233 зняволеных.
Алёна Аляксандрава, belsat.eu