Сіноптыкі прагназуюць сёння ў Беларусі моцны вецер парывамі да 24 метраў за секунду. Праз гэта абвешчанае штармавое папярэджанне – трэцяе за тры дні. Імаверныя перабоі са святлом і падзенні дрэваў, адзначаюць у МНС.
Трэці дзень у Беларусі не сціхае вецер. Як паведамляе Белгідрамет, сёння амаль паўсюль чакаецца ўзмацненне заходняга, паўночна-заходняга ветру парывамі да 15–20 метраў за секунду, а месцамі – да 24 м/с.
Абвешчанае штармавое папярэджанне, узровень небяспекі – памаранчавы.
У шмат якіх раёнах прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, а месцамі нават мокры снег. Тэмпература паветра складзе ад +3 на поўначы да +12 на паўднёвым захадзе. У Менску будзе 7–9 цяпла.
У міністэрстве надзвычайных сітуацыяў адзначаюць, што праз вецер імаверныя перабоі са святлом, пашкоджанні дахаў і дрэнна замацаваных канструкцыяў, а таксама падзенне дрэваў.
Такія выпадкі былі напярэдадні, 7 кастрычніка. У 1080 паселішчах адключалася электрычнасць, і яшчэ не ўсе спажыўцы падлучаныя да сетак. Зафіксавана 165 выпадкаў падзення дрэваў (у тым ліку ў Менску – 40), у выніку пашкоджаныя 26 аўтамабіляў. Людзі не пацярпелі.
Сяргей Крот belsat.eu