Ва Украіну з Турцыі 8 ліпеня вяртаюцца палонныя ваенныя камандзіры, якія абаранялі «Азоўсталь», паведаміў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў Telegram. Пасля вызвалення з расейскага палону па абмене яны знаходзіліся ў Турцыі.
«Вяртаемся дадому з Турцыі і вяртаем дадому нашых герояў. Украінскія воіны Дзяніс Прокопенка, Святаслаў Паламар, Сяргей Волынскі, Алег Хоменка, Дзяніс Шлега нарэшце будуць з роднымі», – напісаў Зяленскі.
Таксама Зяленскі апублікаваў відэа, на якім бачна, што яны з абаронцамі «Азоўсталі» вяртаюцца адным самалётам.
Яшчэ ў верасні 2022 года ў рамках абмену з расейскім бокам удалося вызваліць 215 украінскіх абаронцаў, сярод якіх былі камандзіры абаронцаў «Азоўсталі». У Расею тады вярнулі Віктара Медведчука і 55 расейскіх вайскоўцаў.
Пасля гэтага пяць камандзіраў знаходзіліся ў Турцыі пад асабістымі гарантыямі абароны і бяспекі прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана.
Зяленскі тады заяўляў, што паводле дамоўленасцяў, пяцёра вызваленых камандзіраў «Азова» будуць знаходзіцца ў Турцыі да канца вайны. Аднак кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў казаў, што яны будуць жыць у Турцыі «некаторы прамежак часу».
Алена Рувіна belsat.eu