Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што ў віцебскай калоніі № 3 памёр палітзняволены блогер з Пінска Мікалай Клімовіч.
У лютым 2023 года яго асудзілі да года калоніі за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку. Такі прысуд вынес суддзя Пінскага раёна і г. Пінска Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, негледзячы на тое, што 61-гадовы Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы па сэрцу.
Клімовіч быў затрыманы ў снежні 2022 году года. Тады яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, але праз тры дні яму стала дрэнна з сэрцам. Міліцыянты перадалі яго лекарам і вызвалілі да разгляду справу ў судзе. Пасля выраку, 28 лютага 2023 году, яго ўзялі пад варту ў залі суду.
Мікалая нядаўна этапавалі ў віцебскую калонію, дзе ён у хуткім часе і памёр. Падрабязнасці высвятляюцца, адзначаюць праваабаронцы.
У віцебскай калоніі № 3, куды патэлефанавалі карэспандэнты «Белсату», паведамілі, што ў медычнай частцы калоніі зараз нікога няма – выходныя да 10 траўня.
Мікалай Клімовіч быў вядомым у Пінску актывістам і блогерам. Раней з’яўляўся сябрам БНФ. У сеціве ён выкарыстоўваў нік Мікалай Верасень, пісаў пра палітычныя і сацыяльныя падзеі ў горадзе і ў краіне.
Пасля затрымання ў снежні 2022 году Клімовіч заявіў журналістам, што прычынай пераследу стала ягоная «вельмі жорсткая» праўкраінская і антываенная пазіцыя.
«Я заняў праўкраінскую пазіцыю. ГУБАЗіК, хутчэй за ўсё, узяў мяне за мае антываенныя погляды. Але я не мог зрабіць інакш як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, як чалавек – па чыста маральных меркаваннях. Ведаў, што рана ці позна пападуся, мяне папярэджвалі, але не мог стаяць убаку, калі ў свеце такое адбываецца», – казаў ён у інтэрвʼю BPN.
Клімовіч таксама распавядаў, што летась у траўні перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы, чатыры дні ляжаў у штучнай коме. Пасля гэтага яму далі групу інваліднасці. Нягледзячы на гэта сілавікі пры затрыманні ў снежні 2022-га з ім жорстка абыходзіліся: моцна сціснулі кайданкі праз што «рукі пачалі вельмі моцна балець, быццам кіпенем аблілі».
«Кажу міліцыянтам: «Лекары мяне выратавалі, а вы мяне зараз у труну загоніце. Я магу да раніцы і не дажыць«. Яны пасмяяліся», – распавядаў Клімовіч журналістам. Аднак тады блогеру ўсё ж выклікалі хуткую дапамогу, ён выжыў.
У лютым 2023 году, паралельна з крымінальнай справай, Клімовіча пераследавалі ў адміністратыўным парадку. Яго аштрафавалі на 111 рублёў за тое, што на сваёй старонцы ў Facebook ён размясціў карыкатуры на Пуціна, на якой расейскі лідар быў паказаны ў нацысцкай форме.
Перад вынясеннем прысуду па крымінальнай справе Мікалай Клімовіч прызнаваўся, што баіцца памерці ў турме.
«Любое турэмнае знявольванне для мяне – гэта смерць, таму што я павінны быць пад сталым наглядам урача, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца», – заявіў тады Клімовіч «Позірку».
Глеб Нержын belsat.eu