Падчас праслухоўвання на судзе тэлефонных размоваў Сцяпана Латыпава ў яго здарыўся нервовы зрыў. Пра гэта паведамляе «Вясна».
5 жніўня ў судзе Савецкага раёну Менску працягнуўся суд над палітзняволеным жыхаром плошчы Пераменаў Сцяпанам Латыпавым. Дапытвалі сведак і праслухоўвалі тэлефонныя размовы Сцяпана, якія запісваліся з чэрвеня 2020 года.
Падчас праслухоўвання адной з размоваў палітвязень не вытрымаў і кінуўся да кратаў з крыкам «Жывёліны, што вы робіце?!». Паколькі ён быў прыкуты кайданкамі да канваіраў, яго адразу заламалі і паклалі на лаву, каб супакоіць.
Прысутным сказалі пакінуць залу, родныя са слязьмі выйшлі ў калідор. У судзе абвясцілі перапынак да 14:30.
Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі пераменаў». Пасля гэтага дзверы ў кватэру ўзламалі, зладзілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы.
Латыпаву выставілі абвінавачанне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 і ч. 2 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч. 2 арт. 363 («Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных справаў») і ч. 4 арт. 209 («Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры»).
Падчас судовага паседжання 1 чэрвеня палітзняволены паспрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале суда. Перад гэтым ён заявіў пра катаванні з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКу і пагрозы сваякам. З залы суда Латыпава забрала хуткая, а пасля аперацыі ў той жа вечар яго перавезлі ў СІЗА. Працэс над ім аднавіўся 27 ліпеня, пасля правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы.
МГ belsat.eu