Гэта ўжо дзявятая заява аб узломе ў межах таго, што хакеры называюць аперацыяй «Спёка» і «найбуйнейшай кібератакай у гісторыі Беларусі».
Telegram-канал «Кіберпартызанаў» паведаміў 5 жніўня аб узломе падсеткі «сваіх супернікаў»: IT-падраздзялення вайсковай часткі 5448 Унутраных войскаў. У пацверджанне апублікавалі фота і прыватныя звесткі 14 чалавек 1998–2000 гадоў нараджэння.
У межах аперацыі «Спёка» хакеры спачатку ўзламалі сістэму «Пашпарт» і базу ДАІ – і даказалі журналістам сапраўднасць і актуальнасць атрыманых базаў.
Затым хакеры паведамілі аб узломах базы тэлефанаванняў у «102», базы звестак аб парушэннях Упраўлення ўласнай бяспекі МУС, базы відэа дронаў МУС, сістэме відэаназірання ізалятара на Акрэсціна, сістэмы камераў фіксацыі хуткасці і базы звестак галоўнага ўпраўлення кадраў МУС.
Простага пацверджання таго, што і гэтыя ўзломы сапраўдныя, няма. Аднак кіраўнік КДБ прызнаў 30 ліпеня нейкія хакерскія атакі на асабістыя звесткі чыноўнікаў – на той момант хакеры паведамілі пра шэсць узломаў.
АА belsat.eu