У судзе Ленінскага раёну Менску 3 сакавіка вынеслі прысуды праваабаронцам «Вясны». Суддзя Марына Запаснік прызначыла «вясноўцам» наступныя тэрміны:
Гэта на два гады менш кожнаму, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Таксама Бяляцкаму прызначаны штраф па 5000 б. в. (185 тысяч беларускіх рублёў ці 73 200 долараў). Астатнім прызначылі штраф у памеры 3000 б. в. (111 тысяч беларускіх рублёў). Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.
Тэлеграм-канал «BELTA» апублікаваў відэа з прысуду, на якім бачна залю, запоўненую, верагодна, курсантамі Акадэміі МУС. Раней такая практыка была распаўсюджанай на адкрытых палітычных працэсах, паведамляюць праваабаронцы. Гэта робіцца, каб у залю не маглі патрапіць людзі, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў.
Праваабаронцаў абвінавацілі ў незаконным увозе на тэрыторыю Беларусі вялікай сумы грошай без дэкларавання паводле ч. 4 арт. 228 КК і паводле арт. 342 КК за нібыта «фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Пракуратура лічыць злачынствам тое, што «Вясна» дапамагала аплачваць штрафы беларусам, якія былі асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў, а таксама шукала і аплачвала для такіх людзей адвакатаў.
Справу разглядалі ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня 2023 года. Следства па справе працягвалася больш за год, з адвакатаў і сведак узятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму падрабязнасці справы – невядомыя. Вядома толькі, што на допыты цягам года выклікалі родных вязняў, дзейных і былых сябраў арганізацыі, валанцёраў, актывістаў і простых грамадзянаў, якія звярталіся ў «Вясну» па дапамогу. Людзей выклікалі на допыты па ўсёй краіне, у Менску і рэгіёнах.
Нагадаем, што ў кастрычніку кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.
Алена Рувіна belsat.eu