Былы камандзір роты ПВК Вагнэра: Калі трэба будзе зрынуць Лукашэнку, рашэнне будзе прымаць не Прыгожын


Аўтар дзвюх кніг мемуараў пра службу ў ПВК Вагнэра, былы памочнік Яўгенія Прыгожына і экс-камандзір роты выведкі прыватнай вайсковай кампаніі Марат Габідулін мяркуе, што вагнэраўцы не будуць здзяйсняць замаху на ўладу і жыццё беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Зрынаць яго пакуль што не мае сэнсу. Але калі раптам – рашэнне будзе прымаць не Прыгожын. Ён усяго толькі куратар і «высокааплатны выканаўца», кажа ў інтэрв’ю «Белсату» Марат Габідулін.

Марат Габідулін удзельнічаў у сірыйскай вайне як найміт ПВК Вагнэра. Фота прапанаванае героем публікацыі

– Марат, у інтэрв’ю, якое далі нам напачатку гэтага года, вы казалі, што кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын рвецца да тытула «кароль Данбасу». Акалічнасці за паўгода змяніліся, «каранацыі» не адбылося. Ці не пажадае Прыгожын сёння займець тытул «кароль Беларусі»?

– Не, я мяркую, не захоча. Ён і «каралём Расеі» не хацеў стаць. Гэта ў яго манера такая – уплываць на кадравыя перастаноўкі ў найвышэйшых эшалонах улады. Ну, проста варухнулася эга. З ім такое здаралася і ў 2018 годзе, калі ён нас адправіў захопліваць завод «Conoco» ў Сірыі. Шматлікія фактары не ўлічыў, проста перакрыла яго ад залішняй самаўпэўненасці. А тут ён вырашыў такім чынам зрынуць міністра абароны, увайсці, нарэшце, у кола «вяршыцеляў», таму што да гэтага часу быў у складзе вельмі высокааплатных выканаўцаў.

Ну а цяпер Яўгеній Прыгожын будзе пад падвойным кантролем, тым больш што баявыя магчымасці ў яго абмежаваныя. Так што будзе займацца сваім накірункам дзейнасці ў Беларусі.

– Што значыць «сваім накірункам дзейнасці»?

– Будзе займацца сваім бізнесам і так званым ПВК.

«Каб вы адчувалі сябе ў напружанні»

– Беларусь становіцца цэнтрам ПВК Вагнэра. Што гэта мяняе ў геапалітычнай раскладцы? Захад, мякка кажучы, насцярожыўся.

– Вярхоўная ўлада Расеі добра навучылася выкарыстоўваць не толькі заходнія тэхналогіі і абыходзіць санкцыі. Яна навучылася яшчэ выкарыстоўваць вашыя страхі. Уся гэтая шуміха вакол ПВК Вагнэра з нагоды таго, што яно зараджана на заходні кірунак, на Польшчу – не больш чым нагнятанне страху.

Гэта гуляе на руку і Аляксандру Лукашэнку. Яму ж таксама трэба сваю краіну трымаць у цісках напружанасці. І прысутнасць ПВК Вагнэра ён падае як доказ таго, што Захад нам пагражае ды трэба рыхтавацца да сурʼёзнай бітвы. За волю, незалежнасць, за суверэнітэт ды гэдык далей. Усе гэтыя паняцці ён эксплуатуе ў сваіх мэтах.

– У Польшчы сурʼёзна занепакоеныя магчымым рэйдам вагнэраўцаў у памежныя тэрыторыі дзяржавы. І рыхтуюцца да гэтага. Ці магчыма такое ўварванне, на ваш погляд?

– Не. Будуць праводзіць у Беларусі вучэнні, якія-небудзь заняткі з узброенымі сіламі Беларусі. Цяпер Лукашэнка проста выкарыстоўвае дадзены яму лёсам шанец узмацніць баявы патэнцыял сваіх узброеных сіл. Войска Беларусі ніколі не ваявала, ніякага баявога досведу ў іх няма. Цяпер маецца магчымасць выцягнуць гэтыя ўзброеныя сілы на пэўны ўзровень.

Супольныя заняткі, трэнаванне, вучэнні – і не больш за тое. І так, гэта будзе спрыяць нагнятанню страху. Каб вы адчувалі сябе ў пэўным напружанні.

– Літоўцы таксама ў напружанні. Сувалкаўскаму калідору нічога не пагражае?

– Слухайце, ну гэта ж будзе беспасярэдні канфлікт з NATO. Гэта быў бы варыянт, пройгрышны для ўсіх. Нельга дапускаць, каб разгарнуліся такія буйнамаштабныя баявыя дзеянні.

Беларускія вайскоўцы супольна з наймітамі ПВК Вагнэра адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы на палігоне Берасцейскі ля мяжы з Польшчай. 20 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Але, з іншага боку, нельга таксама бясконца эксплуатаваць гэтую стрыманасць Захаду, гэтую боязь перайсці да больш рашучых дзеянняў. Можа здарыцца і пераломны момант. Можа з’явіцца які-небудзь рашучы і смелы генерал, які возьме на сябе адказнасць і дасць патрэбныя ўказанні. І ўсё тады абернецца катастрофай, у тым ліку для Расеі. Яны ж не кончаныя ідыёты, яны разумеюць гэта.

«Яны не будуць рабіць замаху на Лукашэнку»

– Вагнэраўцы ўжо навучаюць беларускіх сілавікоў. У тым ліку і супрацоўнікаў МУС. Навошта? Каб перадаць свой досвед расправы з паўстанцамі ў Афрыцы?

– Заўважыў у вашых словах некаторую спробу падаць дзейнасць ПВК у Афрыцы як нейкі негатыўны прыклад. Паўстанцы, так званыя мяцежнікі, у Афрыцы – гэта тыя ж самыя бандыты ў складзе бандфармаванняў, якімі багатая Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка. Яны вырашылі паўдзельнічаць у барацьбе за ўладу. Натуральна, небескарысліва. Яны самыя ўяўлялі пагрозу для мірнага насельніцтва. І ПВК Вагнэра, калі душыла іх баявую актыўнасць, спрыяла стабілізацыі абстаноўкі ў краіне і зніжэнню ўзроўню гвалту.

Так, вядома, найміты набылі там дастатковы досвед у барацьбе з партызанскімі фармаваннямі. У гэтым сэнсе яны могуць быць карысныя Лукашэнку. Але тут дзве розныя рэчы. Калі ў Афрыцы, я перакананы, яны рабілі ўсё правільна, як бы многія ні імкнуліся гэта падаць, то тут, у Беларусі, могуць быць скарыстаныя для кепскай справы. Яны – найміты: што загадана – тое і будуць рабіць.

– Вы кажаце, што ў Афрыцы яны «спрыялі стабілізацыі». Выглядае, што ў Беларусі ПВК становіцца, хутчэй, фактарам дэстабілізацыі. Ужо пішуць пра бясчынствы і беззаконне, якое здзяйсняюць у нашай краіне.

– Што да ўлады, то ніякай дэстабілізацыі не здарыцца. Яны не будуць рабіць замаху на ўладу Лукашэнкі. Чаму? Таму што працягваюць прытрымлівацца ўказанняў Крамля. У які бок вектар намаганняў павернецца ў Крамлі, так яны і будуць дзейнічаць. Калі трэба будзе зрынуць Аляксандра Лукашэнку – рашэнне будзе прымаць не Прыгожын, рашэнне будуць прымаць у Крамлі.

– Не выключаеце такі варыянт? Размова аб зрынанні Лукашэнкі.

– Пакуль што няма падставы для гэтага. Лукашэнка сам удзельнік гэтай схемы перакідвання ПВК Вагнэра ў Беларусь. І ён працягвае рухацца ў фарватары палітыкі Крамля. І Крамлю няма сэнсу яго зрынаць.

«Пройдзе нейкі час – і ПВК Вагнэра вернецца ў Расею»

– Як думаеце, наколькі працяглым будзе раман паміж Лукашэнкам і Прыгожыным?

– Лукашэнка – чалавек са сваймі бзікамі. Раман гэты, як вы сказалі, будзе працягвацца да таго часу, пакуль Лукашэнка будзе бенефіцыярам гэтых узаемаадносін. Пакуль ён будзе атрымліваць ад гэтага выгаду, у тым ліку і матэрыяльную, усё будзе больш-менш нармальна.

Але ў любым выпадку, я мяркую, гэтая захада часавая. Пройдзе нейкі час, нешта забудзецца, сціхнуць эмоцыі – і ПВК Вагнэра вернецца ў Расею на сваю ранейшую базу. Таму што ўсё роўна для расейскай дзяржавы гэта стварае дадатковыя цяжкасці і праблемы – выкарыстоўваць Беларусь у якасці хабу для «Вагнэра».

– Чаму?

– Лукашэнка – капрызны малы. Сёння – адно, заўтра – іншае, потым запатрабуе для сябе яшчэ якіх-небудзь прэферэнцыяў. Такі чалавек. Адзін з палітолагаў дакладна прыкмеціў: Лукашэнка заўсёды мог прадаваць Захаду нелюбоў да Расеі, а Расеі – нелюбоў да Захаду. Такая пазіцыя прадугледжвае некаторыя складанасці.

– Калі на ўкраінскіх франтах усё будзе для Расеі зусім дрэнна, Пуцін папросіць вагнэраўцаў вярнуцца туды?

– Што значыць – папросіць? Ён аддасць распараджэнне. Менавіта Уладзімір Пуцін застаецца галоўным уладальнікам так званага ПВК Вагнэра. Ён заўсёды ім быў, менавіта ён валодаў гэтым праектам. А Прыгожын заўсёды быў усяго толькі куратарам.

– Таму і не пайшоў да канца падчас свайго так званага маршу 24 чэрвеня?

– Ён сцяміў своечасова, што не ўлічыў важнага фактару: замахам на Сяргея Шайгу ён замахваецца на дзяржаўныя асновы. Пуціну не патрэбны кваліфікаваны, які адпавядае свайму становішчу і сваёй пасадзе міністр абароны. Яму патрэбны Шайгу. Чалавек, хаўруснік і ягоная апора. Замахваючыся на Шайгу, ты замахваешся на ўладу. Прыгожын таму і апамятаўся ды даў каманду «назад».

«Калі Прыгожыну каго і варта баяцца, то не расейскіх спецслужбаў»

– Аналітыкі казалі, што Пуцін адпомсціць Прыгожыну за «мяцеж». Маўляў, не жыхар…

– Мяркую, калі Прыгожыну і варта асцерагацца замаху на ягонае жыццё, то не ад расейскіх спецслужбаў. Хутчэй за ўсё, у яго ліквідацыі зацікаўленыя нейкія бізнес-структуры Захаду, якіх ён пазбавіў доступу да алмазаў і золата ў ЦАР і якім перашкаджае ажыццяўляць праекты ў астатніх афрыканскіх краінах.

Марат Габідулін у Сірыі падчас камандзіравання. Фота пададзенае героем публікацыі

Я перакананы на сто адсоткаў, што ўвесь гэты вэрхал вакол ПВК Вагнэра, раздзьмуты на Захадзе, – гэта добра праплочаная кімсьці кампанія, накіраваная, перш за ўсё, на выцісканне ПВК з Афрыкі. І тым людзям насамрэч пляваць на Украіну. Я кажу пра кампанію па прызнанні ПВК Вагнэра тэрарыстычнай арганізацыяй. ААН ужо прызнала. Але што такое ААН? Яе рашэнні нічога не значаць. А вось калі такі ж закон прымуць Злучаныя Штаты Амерыкі, тады так. І крокі ў гэтым напрамку ўжо робяцца. Прычым у метадах не саромеюцца. Але да гэтага часу яшчэ ні ў адным сведчанні, якія ім падаюць, я не разгледзеў слядоў нейкай праўдападобнасці і абʼектыўнасці. Усё прыгатавана на хуткую руку.

– А эпізод з катаваннямі і пакараннем смерцю палоннага ў Сірыі ў 2017 годзе?

– Так, я разумею, пра што вы кажаце. У Сірыі, так, гэта адзіны задакументаваны і даказаны выпадак учынення ваеннага злачынства супрацоўнікамі ПВК. Я сам пацвярджаю. Так, гэта былі ваяры 4-га штурмавога атраду. Але гэта адзіны выпадак, прычым памылковага ўжывання метадаў запалохвання суперніка. Гэтага сірыйскага апалчэнца прынялі «даішаўца», чальца «Ісламскай дзяржавы», а калі даведаліся, што гэта не так, самыя перапалохаліся. Зразумела, і з «даішаўцамі» так рабіць нельга. Але гэта адзіны выпадак. Усё астатняе, што ім закідаюць, больш падобна да фантазіі…

Ведаеце, я размаўляў з хлопцамі, якія працавалі ў Афрыцы. Так, яны не анёлы, а найміты. І зыходзяць з правіла: дасягаць перамогі над супернікам любымі даступнымі спосабамі. Калі трэба дапытваць палоннага з ужываннем фізічнай сілы, прычыняючы яму боль, яны будуць гэта рабіць.

Хаця, шчыра кажучы, гэта робяць і ўсе астатнія. І калі мне нехта скажа, што цяпер, падчас баявых дзеянняў, украінскія вайскоўцы, захопліваючы палоннага, не дапытваюць яго проста на пярэднім краі і, пры неабходнасці, не катуюць, то, прабачце, я не паверу. Гэта проста смешна. Чаму? Бо гэта логіка вайны, яна гэта дапускае. І робіцца гэта для таго, каб зберагчы сваіх людзей і выканаць баявую задачу.

Яшчэ раз падкрэслю, я перакананы ў тым, што ўсе развагі аб датычнасці ПВК Вагнэра да здзяйснення злачынстваў у адносінах мірнага насельніцтва ва Украіне – не больш чым фантазіі. На дадзены момант ПВК Вагнэра ні ў якім разе не тэрарыстычная арганізацыя. Але гэта арганізацыя, якая сваймі дзеяннямі, сваім удзелам увогуле ў сістэме ўлады ў Расеі сапраўды наносіць большую шкоду самой Расеі, чым камусьці яшчэ.

«Ім там няма чаго рабіць, у Беларусі»

– Марат, хацелася б, каб гэтая арганізацыя не наносіла большай шкоды і Беларусі. Большай, чым ёй ужо нанёс і наносіць Лукашэнка.

– Я вас цалкам разумею. Ім там няма чаго рабіць, у Беларусі, гэта праўда. Бо ўсё гэта можа зусім выпадкова і ненаўмысна прывесці да вельмі сумных наступстваў. І разрасціся ў нейкую адну вялікую і цяжка адрозную праблему.

Сярод тысячы, няхай дзвюх тысяч людзей, якія прайшлі праз такую вайну і набылі такі каласальны баявы досвед, у любым выпадку маецца пэўны адсотак тых, хто пакутуе ад наступстваў посттраўматычнага сіндрому. Таму што не ўсе, хто трапіў на гэтую вайну, былі гатовы да гэтага псіхалагічна. Частка з іх – гэта людзі з псіхічнай траўмай. І яны небяспечныя для навакольных. Гэта можа прывесці да самых негатыўных наступстваў.

– Ці выйшла ўжо другая кніга вашых успамінаў? Працягваеце сачыць за лёсам Групы Вагнэра?

– Так, другая кніга ўжо зʼявілася ў Францыі. Яна называецца «Ma vérité» («Мая праўда»). Пакуль што толькі па-французску. Расейскамоўнае выданне рыхтуецца ў Нямеччыне, і пакуль я не магу сказаць, калі яно выйдзе.

Вокладка другой кнігі Марата Габідуліна пра ПВК Вагнэра, якая пабачыла свет у лютым 2023 года на французскай мове.
Фота: amazon.fr

Што да ПВК Вагнера, то так, я працягваю сачыць за развіццём падзеяў і намагаюся быць максімальна аб’ектыўным. Таму магу сказаць, што ПВК Вагнэра – гэта неадназначная зʼява. Нельга ўзяць і аднесці дзейнасць ПВК Вагнэра без усялякіх адступленняў да вобласці цемры. Не. Нельга забываць аб тым, што менавіта ПВК Вагнэра адыграла найважнейшую ролю ў разгроме «Ісламскай дзяржавы». Паўтару таксама, што я перакананы, што ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы ПВК застаецца фактарам стабільнасці. Калі сыдзе адтуль – пачнецца новы віток грамадзянскай вайны.

У той жа час, так, удзел у вайне ва Украіне кладзецца плямай на рэпутацыю ПВК Вагнэра, таму што сама па сабе гэтая вайна злачынная.

Тым не менш я лічу, што прыватныя вайсковыя кампаніі – вельмі неабходны і карысны кірунак бізнесу ў сучасным свеце. Але трэба адпрацоўваць такія варыянты іх узаемадзеяння з дзяржавай, якія б не дазволілі вайсковым арганізацыям разрастацца ў пачвараў, якія пагражаюць інтарэсам канкрэтных краінаў і агулам свету.

Марат Габідулін (пазыўны Дзед) служыў у ПВК Вагнэра цягам чатырох гадоў (2015–2019). Прафесійны вайсковец. Пасля заканчэння дэсантнай вайсковай вучэльні (1988) пяць гадоў служыў у ПДВ. У 1990-х гадах быў асуджаны на тры гады зняволення за забойства «аўтарытэта». У 2015 годзе падпісаў кантракт з ПВК і вярнуўся ў прафесію (адсюль назва расейскага выдання першай кнігі мемуараў – «У адну раку двойчы»). Удзельнічаў у «місіі» ПВК у Луганску (2015) і Сірыі (быў у чатырох камандзіраваннях), дзе камандаваў ротай выведкі. У баі за Пальміру быў цяжка паранены. Працаваў памочнікам у справе тактычнай абстаноўкі ў офісе заснавальніка ПВК Яўгенія Прыгожына. Пасля гэтага быў старэйшым дарадцам батальёну «Охотники на ИГИЛ» у Сірыі. У сакавіку 2022 года з’ехаў з Расеі. Жыве ў Францыі.

Інтэрв’ю
«Не гатовы яшчэ страляць у сваіх». Прызнанні былога камандзіра роты выведкі ПВК Вагнэра
2023.01.13 09:54

Зміцер Міраш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў