Палітаглядальнік Аляксандр Класкоўскі: «Беларусь стане для вагнэраўцаў хабам»


У Беларусь прыбыла шостая калона вагнэраўцаў. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Усе машыны рухаюцца ў бок вёскі Цэль пад Асіповічамі. Паводле маніторынгавай групы, у Беларусі цяпер мінімум дзве тысячы наймітаў ПВК Вагнэра. Навошта яны Лукашэнку, чым гэта небяспечна для беларусаў і ці рыхтавацца суседнім краінам да нападу, у жывым эфіры «Белсат» распавёў палітычны аглядальнік праекту «@pozirkonline» Аляксандр Класкоўскі.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Канечне, дзве тысячы такіх спрактыкаваных байцоў – гэта ўжо значная сіла. Аднак адразу падкрэслю, што ўсё адно мне здаюцца няслушнымі пакуль што гэтыя канспіралагічныя версіі, што гэта такая хітрая аперацыя, што іх перакідвалі, напрыклад, дзеля таго, каб адсюль, з поўначы, ударыць па Украіне ці, як днямі заявіў адзін расейскі дзеяч, што гэта дзеля таго, каб прарваць сувалкаўскі калідор і такім чынам адрэзаць краіны Балтыі ад астатніх дзяржаваў NATO. Некаторыя каментатары казалі, што вагнэраўцы зноў могуць на Маскву пайсці адсюль, з Беларусі. Пакуль што гэта ўсё здаецца няслушным», – мяркуе суразмоўца.

Аляксандр Класкоўскі ўпэўнены, што для такіх сур’ёзных мэтаў патрэбныя большыя сілы і падтрыманне беларускага войска, але рэжым у гэтым не зацікаўлены. Да ўсяго, па чутках, гэтых вагнэраўцаў раззброілі яшчэ ў Расеі. З чаго вынікае, на меркаванне эксперта, што цяпер гэта значна большая праблема для Лукашэнкі, чым для нашых суседзяў.

Намётавае мястэчка на закінутай вайковай базе каля вёскі Цэль.
Фота: MAXIM SHEMETOV / Reuters / Forum

«Тут усё цяпер выглядае іначай… Вось цяпер спала гэтая піяраўская пена, калі Лукашэнка сябе выратавальнікам Расеі паказваў. Цяпер жа ўсё болей відавочна, што Крэмль спіхнуў сюды ў Беларусь таксічны актыў».

Палітычны аглядальнік падкрэслівае, што нават уменні ПВК Вагнэра весці гібрыдную вайну, як гэта было на Данбасе, у Сірыі і ў Афрыцы, цяпер не спатрэбяцца, бо для гэтага павінная быць афіцыйная «адмашка» ад Лукашэнкі, а ён, хутчэй за ўсё, пабаіцца адказу з боку NATO.

«Лукашэнка, я думаю, у значнай ступені верыць у гэтыя свае міфы, што вось яны “лязгаюць гусініцамі”, “лязгаюць зубамі” па перыметры межаў. Што яны нейкія планы маюць, каб скінуць рэжым пры дапамозе пятай калоны і тых жа каліноўцаў, тых жа харугваў, якія ён да месца і не да месца згадвае. Таму, хутчэй, ён апасаецца нейкага ўварвання, нейкай агрэсіі».

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Вагнэраўцы ж, паводле Аляксандра Класкоўскага, звыкліся да атрымання адрэналіну, таму яны ствараюць рэальную небяспеку для беларусаў. Ужо цяпер ёсць інфармацыя, што найміты пачалі ездзіць па наваколлі ў пошуку ўражанняў, а гэта не радуе нават мясцовую міліцыю.

«Гэта побытавы момант. Ёсць яшчэ і палітычны аспект. Як я ўжо казаў, гэта найміты. Лукашэнка кажа: вось мы возьмем іх інструктарамі ў беларускае войска. Але прыехала ўжо недзе плюс-мінус дзве тысячы – столькі інструктараў не патрэбна. А потым тое, што днямі паказалі па тэлебачанні беларускім, што яны вучаць там так званых партызанаў, узятых з запасу, тэрытарыяльную абарону, дык дзеля гэтага не патрэбныя спрактыкаваныя вагнэраўцы. Гэтых людзей, узятых з запасу, трэба вучыць элементарнаму, каб яны ўспомнілі, з якога боку брацца за аўтамат».

Таму і такую магчымасць эксперт называе няслушнай, і хутчэй Беларусь стане для наймітаў хабам, «перавалачным пунктам».

«У такой іх колькасці не возьме Лукашэнка, у такім амплуа, і грошай на гэта няма», – падкрэслівае палітычны аглядальнік.

Аналітыка
Колькі каштуе ўтрыманне вагнэраўцаў у Беларусі? Спрабуем падлічыць
2023.07.19 08:00

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў