Палітолаг Аляксандр Казак: беларускія сілавікі баяцца ПВК Вагнэра


У Беларусі пачалі казаць пра выпадкі парушэння закону з боку вагнэраўцаў. Напрыклад, пра пагрозы аўтаматам супрацоўніку ДАІ у сваім тэлеграм канале паведаміла аб‘яднанне былых сілавікоў «BELPOL». Пра тое, як пачуваюцца найміты на нашай зямлі і ці могуць збавіць гэты пыл беларускія сілавікі, у жывым эфіры «Белсат» распавёў спецыяліст у нацыянальнай бяспецы, палітолаг Аляксандр Казак.

Цалкам размову глядзіце ў відэа:

На меркаванне палітолага, супраць гэткіх дзеянняў сілавікі нічога не могуць зрабіць, бо найміты – «людзі, якія маюць зброю, людзі, якія маюць досвед карыстання гэтай зброяй», таму мясцовыя праваахоўныя структуры іх проста баяцца. Да ўсяго ўзбраенне вагнэраўцаў працягваецца, як і нарошчванне іхнай колькасці на тэрыторыі Беларусі, але пра гэта, паводле Аляксандра Казака, трэба было дбаць раней:

«Непакоіць гэта павінна было ўсіх беларусаў яшчэ паўтара, амаль ужо два гады таму. Гэта ў пэўнай ступені вынікі таго, што могуць атрымаць беларусы, скажам так, у кантэксце даволі такой трагічнай сітуацыі. І тут можна сказаць, што будзе і дванаццатая, і трынаццатая, і чатырнаццатая, і пятнаццатая калона».

Распавядае палітолаг і пра трэнаванні вагнэраўцамі беларускіх салдатаў. Прынамсі вядома пра ўдзел у іх 38-й дысантна-штурмавой брыгады, якая ўваходзіць у сілы спецыяльных аперацыяў Рэспублікі Беларусь. На думку эксперта, гэта толькі дапаможа наймітам умацавацца на нашай тэрыторыі.

Беларускія вайскоўцы з байцамі ПВК Вагнэра адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы на палігоне «Брэсцкі» паблізу граніцы з Польшчай. 20 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

«Варта звярнуць увагу на тое, што адбывалася з вагнэраўцамі, дэмабілізаванымі вагнэраўцамі або тымі, хто там збег з вагнэраўцаў у Расею, што яны рабілі ў Расеі. То бок гэта грабёж, разбой, забойствы і гэтак далей. І гэта ўсё так або інакш, можа, крыху ў меншым маштабе, а можа наадварот, яшчэ ў большым, бо яны нашмат лепей сябе адчуваюць у Беларусі, чым у Расеі, прыйдзе або, можна сказаць, што ўжо прыйшло ў Беларусь».

Аляксандр Казак падкрэслівае, што беларускія сілавікі добра разумеюць, хто такія вагнэраўцы і што гэта за сіла, на якую яны не могуць паўплываць, а таксама не выключае, што заявы Лукашэнкі па выкарыстанні гэтых наймітаў у Сувалкаўскім калідоры могуць стацца праўдай.

«Сітуацыя вельмі моцна можа паўплываць не толькі на ўсходні фланг NATO, але ўвогуле на ўвесь тэатр баявых дзеянняў», – разважае палітолаг.

А вось мэту на дзяржаўны пераварот у Беларусі ПВК Вагнэра пакуль перад сабой не ставіць, падсумоўвае Аляксандр Казак.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў