31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў са зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу.
Пераказваем самыя галоўныя пасланні палітыка, якія прагучалі ў 4-гадзіннай прамове.
Галоўнае. Аляксандр Лукашэнка заявіў тэмай выступу «ўмовы захавання суверэнітэту і незалежнасці». Ён адзначаў небяспеку ядравай вайны, але казаў аб ідэі Уладзіміра Пуціна размясціць у Беларусі ядравую зброю як аб сваёй ідэі, пры чым так, нібы зброя ўжо размешчаная і аддадзеная пад ягоны асабісты кантроль («Гэта нашая зброя!»), а ён ужо гатовы яе ўжыць. «Вяртанне» ядравай зброі ў Беларусі ён апраўдваў тым, што Захад нібыта парушыў увядзеннем санкцыяў тыя гарантыі, што даваў пры вывадзе з Беларусі ядравай зброі. Таксама ён заявіў, што сам кантралюе расейскія войскі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, і дапусціў, што будзе прасіць у Пуціна не толькі тактычную, але і стратэгічную ядравую зброю.
Лукашэнка заклікаў Расею да мірных перамоваў па Украіне, але пры ўмове забароны руху войскаў і паставак узбраенняў, пад пагрозай ужывання ядравай зброі. Ён заявіў, што Захад будзе гатовы да такіх перамоваў, калі праваліцца ўкраінскі контрнаступ, але пры тым адзначыў, што расейская «другая армія свету» пакуль не можа справіцца з Украінай, бо мае слабыя звычайную, не стратэгічную зброю.
Лукашэнка, падобна, адчувае сябе ўпэўнена – калі не лічыць страху перад беларускімі ваярамі ва Украіне, харугвамі і «Паспалітым рушэннем», планам «Перамога», а таксама крыўды за 2020 год і мэмы пра «таракана» і «3 %». Ужо думае аб правядзенні наступных прэзідэнцкіх выбараў. Згортваць рэпрэсіі ён не збіраецца, а толькі выстаўляе новыя цэлі (анансаваў «ператрахванне» галіны аховы здароўя і «Парку высокіх тэхналогіяў») і прапановы ў гандлі палітвязнямі (просіць Паўла Латушку і ягоных паплечнікаў вярнуцца ў Беларусь у абмен на вызваленне Анджэя Пачобута).
Алесь Наваборскі belsat.eu