Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 30 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 30 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

У Севераданецку баі ідуць на вуліцах горада.
Фота: uniannet/Telegram

Паводле аператыўных звестак Генеральнага штабу ЗСУ, цягам апошніх содняў на Данецкім і Луганскім напрамках украінскія сілы адбілі чатырнаццаць атак расейцаў. Пры гэтым асноўныя намаганні вораг прыкладаў з мэтай атачэння ўкраінскіх войскаў у раёне гарадоў Севераданецк і Лісічанск, а таксама для блакавання асноўных лагістычных шляхоў. На іншых участках фронту вораг у асноўным спрабаваў утрымаць ды ўмацаваць свае пазіцыі.

Разам з тым з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 30350 чалавек забітымі.

Паводле Генеральнай пракуратуры Украіны, з моманту расейскага ўварвання пацярпелі не менш за 687 дзяцей: 243 з іх загінулі, яшчэ 444 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Таксама паведамляецца, што 1888 навучальных установаў пацярпелі ад пастаянных бамбаванняў і абстрэлаў, 180 з іх былі цалкам знішчаныя.

Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што ў рэгіёне прыпыненая эвакуацыя мірных жыхароў, паколькі сёння быў абстраляны адзін з эвакуацыйных аўтамабіляў. Пры гэтым падчас абстрэлу загінуў французскі журналіст Фрэдэрык Леклер – яму ў шыю патрапіў аскепак.

Дарадца мэра Марыупалю Пятро Андрушчанка заявіў пра з’яўленне «фільтрацыйных лагераў» для ўкраінцаў на памежных пераходах у РФ. Раней было дакладна вядома пра такія месцы толькі на акупаваных тэрыторыях Украіны (у прыватнасці, побач з Марыупалем). Паводле Андрушчанкі, яму вядома пра такі «фільтрацыйны лагер» на мяжы Расеі з Эстоніяй. Туды трапляюць украінцы, якія былі вывезеныя з акупаваных тэрыторый у РФ, атрымалі статус уцекачоў ад вайны, а пасля спрабавалі пакінуць Расею.

Артыкулы
«Полк для мяне – гэта ўжо сям’я». Паразмаўлялі з беларусам з палка Каліноўскага
2022.05.30 15:42

30 траўня ў цэнтры акупаванага Мелітопалю адбыўся магутны выбух. Пасля гэтага расейцы ачапілі цэнтральную плошчу, у горадзе заўважаная вайсковая тэхніка. Паведамляецца, што пацярпелі два чалавекі. Паводле папярэдняй інфармацыі, за выбух адказныя ўкраінскія «партызаны».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ЗША не будуць дасылаць Украіне ракетныя сістэмы, якія здольныя «дабіваць» да Расеі. Заява была зробленая сёння на фоне чутак пра тое, што Штаты будуць пастаўляць Кіеву такія сістэмы.

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў, што ягоная краіна штодня падтрымлівае Украіну з таго моманту, як Расея здзейсніла вайсковае ўварванне. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на фінансавую дапамогу, каб не абрынулася ўкраінская эканоміка. Таксама ён дадаў, што верыць у перамогу Украіны, таму ўжо цяпер Нямеччына будуе планы яе пасляваеннага аднаўлення.

Спікерка Сейма Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заклікала прадстаўнікоў Паўночнаатлантычнага альянсу да актыўных дзеянняў на абодвух франтах абароны: на гарачым – ва Украіне і халодным – на межах NATO. Паводле яе, каб халодны фронт не стаў гарачым, неабходна, па-першае, перамога Украіны і, па-другое, істотнае ўзмацненне абароназдольнасці NATO.

Лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, які ваюе ва Украіне, шпіталізаваны з кантузіяй. Паводле журналісткі Любові Лунёвай, ён два дні быў без прытомнасці. Паведамляецца, што побач з Урбановічам выбухнула міна, у выніку праз кантузію ён страціў слых.

Hавiны
Ва Украіне паранены беларускі добраахвотнік і лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч
2022.05.30 17:28

Віцька Кавалак belsat.eu

Стужка навінаў