У Беларусі адмаўляюцца выдаваць атэстаты, дыпломы і іх копіі паводле даверанасцяў


Беларускія навучальныя ўстановы перасталі выдаваць дакументы аб адукацыі паводле даверанасцяў. Спасылаюцца на «пашпартны ўказ» Лукашэнкі № 278 і запрашаюць былых навучэнцаў вяртацца ў Беларусь і асабіста прыходзіць па дакументы, піша «Наша Ніва».

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: grodnoplustv.by

Выданне распавядае гісторыю былой студэнткі аднаго з менскіх універсітэтаў, якая адвучылася тры курсы і была вымушаная разам з бацькамі ратавацца за мяжой ад пераследу на радзіме. Сёлета дзяўчына вырашыла працягнуць навучанне ў іншай краіне. Для паступлення патрэбны атэстат «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» і выпіска з ацэначнай ведамасці, як пацвярджэнне таго, што яна вучылася ва ўніверсітэце. Аднак паводле даверанасці, аформленай на сваячку, гэтыя дакументы ВНУ не выдала. Адмову аргументавалі ўказам Лукашэнкі № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і выканання дзеянняў».

Даверанасць, якую зрабіла за мяжой былая студэнтка, у беларускай ВНУ назвалі несапраўднай. Працаўнікі адміністрацыі прапанавалі дзяўчыне самой прыехаць па неабходныя дакументы.

Тое, што дакументаў аб адукацыі нельга атрымаць з даверанасцю, аформленай за мяжою, пацвердзілі ў БДУ. Там заявілі, што «на сёння крыху змянілася заканадаўства». Па такія дакументы трэба прыязджаць самому былому студэнту, альбо іх аддадуць іншай асобе паводле даверанасці, аформленай натарыяльна ў Беларусі, патлумачылі ў навучальнай установе.

Разбор
FAQ. Выдача пашпартоў за мяжою, даверанасці, шлюб і дзеці – шукаем адказы паміж радкоў указу
2023.09.08 16:47

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце працаўніца аддзелу кадраў спачатку сказала, што атрымаць дакументы паводле замежнай даверанасці, перакладзенай на расейскую мову, можна, а потым, пасля падказкі калегаў, заявіла, што нельга. Аргументаваць адмову не стала.

У БДУІР не бачаць праблемаў у тым, каб выдаць дакументы аб адукацыі паводле даверанасці, аформленай за мяжою. Галоўнае, каб яна была перакладзеная на расейскую мову. На згадку пра ўказ Лукашэнкі працаўніца ўніверсітэту адказала журналістам «Нашай Нівы»:

«Ён не датычыць нас. Яшчэ раз паўтараю: у нас можна атрымаць дакументы. Нам так сказалі юрысты».

У «пашпартным» указе Лукашэнкі пералічваюцца натарыяльныя функцыі, якіх пазбавіліся консульствы. Адукацыя пазначаная ў дадатку да ўказу пад сёмым пунктам. З тлумачэння вынікае, што па дакументы аб адукацыі, дадаткі да іх і дублікаты трэба звяртацца асабіста ці з аформленай у Беларусі даверанасцю.

Аб’ектыў
Даверанасцяў з-за мяжы ўжо не прымаюць у Беларусі?
2023.09.06 22:32

7 верасня 2023 года ўступіў у сілу ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 278, які змяніў працу беларускіх амбасадаў і консульстваў. Так, цяпер яны не могуць выдаваць новых пашпартоў беларусам за мяжой, а таксама некаторых відаў даверанасцяў, у прыватнасці, на аперацыі з маёмасцю ў Беларусі. Цяпер, каб атрымаць новы пашпарт пасля сканчэння тэрміну дзеяння папярэдняга, беларусам трэба ехаць на радзіму. Як высвятляецца, тое самае датычыць і дакументаў аб адукацыі.

Агляд
На выпадак, калі сабраліся па пашпарт на радзіму: за што затрымліваюць беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы
2023.09.19 17:49

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў