«Грамадзянская салідарнасць»: Улады запланавалі гандаль палітзняволенымі


29 верасня ў Папраўчай калоніі № 3 «Віцьба» плануецца вялікае пасяджэнне з удзелам беларускіх чыноўнікаў і прапагандыстаў. Магчыма, гаворка будзе весціся пра вызваленне некаторых палітвязняў, паведамляецца на старонцы «Грамадзянскай салідарнасці» ў «Facebook».

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

«Па наяўнай у нас інфармацыі, ужо заўтра, 29 верасня на базе «Папраўчай калоніі №3» адбудзецца ўрачыстае пасяджэнне ў прысутнасці міністра ўнутраных спраў і іншых значных у беларускім рэжыме фігур. Плануецца дэлегацыя каля 15 чалавек, у тым ліку заўзятых прапагандыстаў накшталт Азаронка з Мукавозчыкам», – гаворыцца ў паведамленні.

Аўтары допісу выказваюць здагадку, што «вынікам гэтага глабальнага пасяджэння павінна стаць рашэнне аб памілаванні некаторых удзельнікаў палітычных пратэстаў». Але, зазначаецца, выпускаць будуць фігуры «не першага парадку».

Ускосным намёкам на такі ход падзей, на думку аўтараў «Грамадзянскай салідарнасці», можа служыць і сам выбар ПК №3 для правядзення такога пасяджэння.

«Гэта адна з самых маладых і адна з самых узорных калоній Беларусі. Яна лічыцца «элітарнай». Там адбываюць тэрміны высокапастаўныя чыноўнікі, пракуроры, суддзі і міліцыянеры. Але пасля падзей 2020 года гэтая калонія, як і астатнія, напоўнілася палітвязнямі», – адзначаецца ў пасце.

Станам на 28 верасня ў Беларусі 1492 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. У Папраўчай калоніі №3 на сённяшні дзень адбываюць пакаранне 106 палітвязняў.

Найбольш вядомыя з іх – палітык Андрэй Дзмітрыеў (асуджаны ў красавіку 2023 года на 1,5 года), журналіст Генадзь Мажэйка (асуджаны ў сакавіку 2023 года на 3 гады), адвакат Максім Знак (у верасні 2021 года асуджаны на 10 гадоў), былы следчы Яўген Юшкевіч (асуджаны ў снежні 2022 года да 11 гадоў).

зона.бел
«Найлепшая калонія Беларусі»? Як жывуць зняволеныя ў ПК-3 «Віцьба» – і ці можна з яе ўцячы
2022.07.31 08:30

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў