Агучылі прысуд былому следчаму, палітвязню Яўгену Юшкевічу


Палітычнага вязня, былога следчага Яўгена Юшкевіча прызналі вінаватым у шэрагу крымінальных артыкулаў і прысудзілі 11 гадоў зняволення, паведамляе прэсавая служба Генеральнай пракуратуры.

Экс-следчы Яўген Юшкевіч.
Фота: «Народная воля»

Былога працаўніка Следчага камітэту Яўгена Юшкевіч прызналі вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў. Палітычнага вязня судзілі за арганізацыю масавых закалотаў; арганізацыю і ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак; наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і разладу паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці.

Пры гэтым суддзя вызваліла Юшкевіча ад крымінальнай адказнасці праз сканчэнне тэрміну даўніны паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Суддзя Алена Ананіч прызначыла палітычнаму вязню 11 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Судзілі Яўгена Юшкевіча ў закрытым рэжыме.

Прысуд у законную моц не ўступіў, можа быць абскарджаны ў апеляцыйным парадку.

Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка летась. У 2020-м палітычны вязень стаўся ініцыятарам праекту bychange.me, які дапамагаў навучаць, перападрыхтоўваць сілавікоў, дзяржаўных службоўцаў і асобаў, якія пакінулі працу з меркаванняў сумлення ці якіх звольнілі.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў